У Святланы Шылко часу хапае на ўсё

Дом Шылкоў у Барсуках выглядае дагледжаным. Адчуваецца спраўнасць гаспадароў. Калі зайсці ўнутр і паглядзець, як абстаўлены пакоі, які парадак там і чысціня, нават здзівішся. Адкуль у маладой жанчыны, шматдзетнай маці столькі энергіі, сіл, цягі да прыгажосці?

– А я ўсюды паспяваю, – шчыра дзеліцца Святлана. – Іншы раз і сама здзіўляюся, як гэта ў мяне атрымліваецца. Мабыць ад таго, што маю вялікае жаданне. А калі табе чагосьці хочацца, то яно і збудзецца. Толькі не трэба чакаць, каб тое само прыплыло. Пад ляжачы камень нават вада не цячэ.

Калі Святлана выйшла замуж за  Сяргея, ёй не было і 20. Ён на 7 гадоў старэйшы. Знаёмства адбылося каля дома дзяўчыны ў Літоўцах. Кажуць жа, што калі наканавана быць шчаслівым, то знойдзе шчасце цябе і на печы. Дзесьці так адбылося і са Святланай. Яна з дзяўчатамі сядзела на лаўцы каля хаты. Пад’ехаў на матацыкле хлопец і прапанаваў пакатацца. Святлана бойка адказала, што з незнаёмцамі не катаецца. “Мяне завуць Сяргей”, – сказаў хлопец.

А пазнаёміліся – і вось ужо 10 гадоў разам “катаюцца” па жыцці.

Сяргей аказаўся хлопцам працавітым, без шкодных звычак. Прывёў жонку  ў Грабучае да бацькоў. Пажылі разам паўгода, а там і свой дом купілі. Таксама ў Грабучым. Але Святлане вельмі хацелася жыць у населеным пункце, дзе ёсць школа. Памятае сваё дзяцінства, калі трэба было падымацца ў 6 гадзін раніцай і дабірацца за 6 кіламетраў у школу. Надарыўся выпадак шчаслівы, і сям’я набыла дом у Барсуках.

Вось ужо 6 гадоў жыве сям’я ў аграгарадку побач з Докшыцамі. За гэты перыяд з той хаты засталіся толькі тагачасныя сцены. Дом перажыў поўную рэканструкцыю. Маладыя людзі працавалі над ёй самі. З душой, з любоўю. Святлана нарадзіла траіх дзяцей. Закончыла школу “ЕШКО” па класе дызайну. Займаецца распаўсюджаннем касметыкі фірмы “Оriflame”. Усё лета працуе на зямлі ў Грабучым. Там яны садзяць 40 сотак бульбы, 20 – сталовых буракоў і шматлікую іншую гародніну.

– Працуем, як мурашачкі, – смяецца жанчына. – Нават Лерачка летась выбірала бульбу, а ёй толькі два з паловай годзікі. Дзядуля для ўнучачкі сплёў маленькі кошык. А як жа, праца яшчэ нікога не скалечыла. Дзеці ў нас да яе прывучаны. Вось трэба было купіць камп’ютар, дык я і прапанавала ім працаваць летам на агародзе, а пасля рэалізацыі вырашчанага набыць жадаемае. Пагадзіліся. Добра, калі мары збываюцца.

Па спецыяльнасці Святлана швачка. А па прызванні – мама. Не пабаяцца цяжкасцяў і даць жыццё траім дзецям – гэта подзвіг. А дагледзець іх, забяспечыць матэрыяльна, выхаваць добрымі людзьмі – уменне, мудрасць, якая прыходзіць не ў залежнасці ад гадоў. Святлане – 30, а яна ўжо многага дасягнула.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ:  мама Света з дочкамі Дашкай і Лерачкай.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *