Сплоченный коллектив оперативников работает в Докшицком РОВД

Калектыў аддзялення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі Докшыцкага РАУС (злева направа): Аляксей Чурко, Аляксей Гапанёнак, Аляксандр Гушчык, Арцём Квачонак і Дзмітрый Баравінец.
Пятага кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень крымінальнага вышуку. Служба аператыўнікаў адна са складаных, бо менавіта на іх плечы кладзецца раскрыццё самых заблытаных злачынстваў – ад класічных крадзяжоў да высокатэхналагічных кібермахлярстваў.
Напярэдадні прафесійнага свята пагутарылі з начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі Докшыцкага РАУС маёрам міліцыі Аляксеем Чурко.
– Аляксей Уладзіміравіч, крымінальны вышук традыцыйна авеяны рамантыкай дзякуючы тэлевізійным серыялам. Наколькі тое, што мы бачым на экране, супадае з рэальнасцю ў нашым раёне?
– Наша рэальнасць – гэта перш за ўсё штодзённая праца, якая патрабуе сканцэнтраванасці і аналітычнага мыслення. На жаль, злачыннасць заўсёды была і застаецца. Калі гаварыць мовай лічбаў, то з пачатку года па лініі крымінальнага вышуку ў раёне зарэгістравана 26 злачынстваў. З іх да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх адносяцца чатыры. У іх ліку – незаконнае захоўванне боепрыпасаў, а таксама нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Сярод гэтых спраў ёсць і махлярства. Так, ахвярай яго стала пажылая жанчына, якая перадала вялікую суму грошай кур’еру для “дэкларавання” і сапраўды верыла, што ратуе свае зберажэнні. Аднак дзякуючы аператыўным і зладжаным дзеянням нашых супрацоўнікаў злачынцу затрымалі. Адбылося гэта ў Мінску ў той момант, калі ён садзіўся ў цягнік.
Па-ранейшаму ў агульнай структуры злачыннасці пераважаюць замахі на маёмасць. Сёлета было зафіксавана 13 крадзяжоў. Таксама здзейснены тры ўгоны транспартных сродкаў – у гэтых выпадках вінаваты самі гаспадары, якія пакідаюць аўтамабілі адчыненымі, да ўсяго яшчэ і з ключамі ў замку запальвання. Гэта і правакуе зламыснікаў.
– Ці ёсць справы, якія застаюцца нераскрытымі?
– На сённяшні дзень нераскрытыя тры крадзяжы, але работа па іх працягваецца. Першы выпадак адбыўся ў Бярозкаўскім сельсавеце, дзе з гаспадарчай пабудовы ўкралі дрэваапрацоўчы станок. Складанасць аператыўна знайсці зламысніка заключалася ў так званым “доўгім перыядзе”. Паміж здзяйсненнем самога злачынства і момантам, калі гаспадары выявілі згубу і звярнуліся ў міліцыю, прайшло вельмі шмат часу.
Другі факт зафіксаваны ў Докшыцах. З тэрыторыі пляцоўкі, дзе будаваўся дом, украдзены трымер і камплектуючыя да яго. Трэці выпадак – зноў жа вынік залішняй даверлівасці. У Бягомлі мясцовы жыхар пакінуў свой аўтамабіль адчыненым, з салона знікла частка грошай.
– Што дапамагае раскрываць злачынствы: тэхналогіі ці інтуіцыя аператыўнікаў?
– Безумоўна, тэхналогіі – гэта незаменны памочнік. Тыя ж сістэмы відэаназірання, якія ўстаноўлены на вуліцах райцэнтра, у крамах, на аўтазаправачных станцыях, шматкватэрных дамах. Аднак ніякая машына не заменіць інтуіцыю, уменне гаварыць з людзьмі, пралічваць логіку злачынцы.
Прыклад таго, як тэхніка дапамагла раскрыць злачынства, адбыўся нядаўна на свяце горада. Дакшычанін пакінуў сваю сумку на возеры каля сцэны, а сам працягваў адпачываць на вячэрняй дыскатэцы. Затым пайшоў дадому. Сумка прастаяла ўсю ноч, а раніцай, каля шасці гадзін, міма ішла жанчына. Убачыла чужую рэч і забрала яе з сабой. Калі пацярпелы спахапіўся і звярнуўся да нас, мы найперш прагледзелі запісы з камеры відэаназірання. Такім чынам і выявілі асобу, якая спакусілася на чужое дабро.
– Аляксей Уладзіміравіч, раскажыце пра сваю каманду. Хто служыць у крымінальным вышуку?
– Калектыў наш хоць і малады, але згуртаваны. Кожны супрацоўнік разумее свой узровень адказнасці. Аддзяленне папоўнілася перспектыўнымі кадрамі. Напрыклад, у мінулым годзе да нас прыйшоў оперупаўнаважаным старшы лейтэнант міліцыі Аляксей Гапанёнак, які жадае развівацца ў сваёй прафесіі. Лінію групы вышуку людзей, якія зніклі без вестак, курыруе старшы оперупаўнаважаны старшы лейтэнант міліцыі Аляксандр Гушчык. Сёлета да каманды далучыўся оперупаўнаважаны лейтэнант міліцыі Арцём Квачонак. Яму давераны актуальны на сёння кірунак – справы па лініі кібермахлярства. Старшы оперупаўнаважаны капітан міліцыі Дзмітрый Баравінец перайшоў у крымінальны вышук са службы ўчастковых інспектараў. Выдатна ведае раён, спецыфіку работы і ўмее знайсці падыход да любога чалавека.
– Якімі будуць Вашы пажаданні калегам і ветэранам службы ў святочны дзень?
– Жадаю ўсім моцнага здароўя, міру, сямейнага дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай поспех і ўдача заўсёды суправаджаюць вас у нялёгкай, але ганаровай службе.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.
