Воспитанницы Докшицкой ДЮСШ вернулись в родную школу в качестве тренеров
Ужо амаль два месяцы ў Докшыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе працуюць два маладыя спецыялісты – Віялета Шопат і Валерыя Зінгер. Іх прыход асабліва цешыць калектыў: абодва трэнеры – былыя выхаванкі школы.
Калісьці яны самі прыходзілі сюды на трэніроўкі, вучыліся ставіць мэты і ўпарта ісці да іх. Цяпер вярнуліся ў знаёмыя сцены ў новай ролі – дзяліцца ведамі і вопытам з юнымі спартсменамі. Абедзьве дзяўчыны працуюць на базе Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча. Для выпускніц гэта асаблівы пачатак прафесійнага шляху, а для школы – працяг добрай традыцыі, калі яе выхаванцы застаюцца часткай роднага калектыву.
Любоў да лёгкай атлетыкі калісьці вучаніцы Бярозкаўскай школы Віялеце Шопат прывіў настаўнік фізкультуры Віктар Гаўрыловіч. Яшчэ будучы пяцікласніцай, дзяўчынка трапіла ў групу здольных юных спартсменаў, якую набіралі ў нашым раёне прадстаўнікі федэрацыі біятлона. Гэта стала падставай для паступлення перспектыўнай лёгкаатлеткі ў Наваполацкае вучылішча алімпійскага рэзерву. З 2023 па 2026 год Віялета была залічана ў нацыянальную і зборную каманду Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы. Яе “канёк” – спартыўная хадзьба. У гэтай дысцыпліне спартсменка заваявала нямала кубкаў і медалёў.
Не менш заслуг і ў Валерыі Зінгер, якая скончыла Віцебскае ВАР. Спартыўную падрыхтоўку дзюдаістка праходзіла ў трэнера-выкладчыка Алены Таляронак. У 2022 годзе Валерыя была залічана ў нацыянальную і зборную каманду Рэспублікі Беларусь па барацьбе самба. У гэтай дысцыпліне ўдала абараняла гонар Беларусі на чэмпіянатах і першынствах.
Віялеце і Валерыі добра знаёмая атмасфера спартыўнай школы і шлях, які праходзіць юны спартсмен. Цяпер яны дапамагаюць прайсці яго падрастаючай змене.
На базе Докшыцкай ДЮСШ развіваюцца два віды спорту: лёгкая атлетыка і дзюдо.
На лёгкую атлетыку набор хлопчыкаў і дзяўчынак ідзе з сямі гадоў. Заняткі праходзяць на базе Докшыцкай ДЮСШ, Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча, Параф’янаўскай СШ імя А.І. Чэрныша, Парплішчанскай СШ, Сітцаўскай СШ і Барсукоўскай БШ.
У групы па дзюдо ахвотныя запрашаюцца з дзевяцігадовага ўзросту. Трэніроўкі адбываюцца на базе СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч, Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова і Бягомльскай СШ. На платнай аснове можна наведваць групу па спартыўна-аздараўленчай падрыхтоўцы па дзюдо для пачынаючых барцоў 6 – 8 гадоў.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота з асабістага архіва.

