Курение — причина злокачественных образований в гортаноглотке

i

Рак гартанаглоткі лічыцца адным з цяжкіх анкалагічных працэсаў, што абумоўлена складанасцю анатамічнай будовы дадзенай вобласці, хуткім мясцовым ростам, раннім з’яўленнем лімфагенных метастазаў.

Прагноз залежыць ад мноства фактараў, але перш за ўсё ад стадыі захворвання, месцазнаходжання, гісталагічнай будовы пухліны. На 1-2 стадыі выжывальнасць складае больш за 90 %, на 4-й – 30-40 %. Мужчыны хварэюць у пяць разоў часцей, чым жанчыны.

Сярод фактараў рызыкі ўзрост за 40 гадоў, курэнне, злоўжыванне моцнымі спіртнымі напоямі. Напрыклад, рызыка развіцця захворвання ў спажыўцоў алкаголю павялічваецца ўтрая, а ў курыльшчыкаў, якія выкурваюць 25 цыгарэт у дзень, – больш чым у 40 разоў. А спалучэнне алкаголю з курэннем дадаткова павышае рызыку.

Сярод самых распаўсюджаных фактараў, якія выклікаюць мутацыі ў клетках тканак і прыводзяць іх да злаякаснай трансфармацыі, таксама раздражненне слізістай абалонкі (гарачай, цвёрдай ежай), дыета з нізкім утрыманнем вітамінаў і мінералаў, высокае спажыванне чырвонага мяса, хранічныя запаленчыя захворванні – фарынгіт, танзіліт і інш., спадчыннасць – наяўнасць злаякасных утварэнняў галавы, шыі ў блізкіх сваякоў.

Што павінна насцярожыць? Язвы ў поласці рота, якія доўга не загойваюцца, пастаянны боль у роце, які можа аддаваць у вуха, прыпухласць у вобласці шыі ці шчакі, белыя ці чырвоныя плямы на слізістай абалонцы рота, адчуванне іншароднага цела ў глотцы, змяненне голасу, асіпласць, ахрыпласць, кроў у сліне. Пры з’яўленні гэтых сімптомаў трэба звярнуцца да ўрача агульнай практыкі або лор-урача ці стаматолага.

Для прафілактыкі неабходна максімальна выключыць фактары рызыкі, праходзіць штогадовую дыспансерызацыю і медагляды, весці здаровы лад жыцця, збалансавана харчавацца – з дастатковай колькасцю вітамінаў і мікраэлементаў, быць фізічна актыўным.

Г. АЎЛАСЕВІЧ,
урач-анколаг ЦРБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *