Маркетинговый ход, или Как магазинные яйца на рынке в Докшицах продавали по цене домашних
На докшыцкім рынку махлярка прадавала магазінныя яйкі катэгорыі С1 пад выглядам дамашніх.
Пра гэта нам расказаў дакшычанін Віктар, які ў адну з пятнічных раніц купіў пару дзясяткаў яек па 5 рублёў, якія ў тым жа “Святлафоры” каштавалі тады па 2,67. Падмену заўважыў дома, калі выгружаў у халадзільнік тавар, перавернуты ў латках маркіроўкай уніз. Тут жа вярнуўся назад, але махляркі на месцы ўжо не было. “Адышла кудысьці”, – сказаў нехта з суседзяў па гандлі. “Можа, у бліжэйшую краму па новую партыю яек?” – з сарказмам спытаў падмануты пакупнік…
Карэспандэнты вырашылі правесці “кантрольную закупку” на прынцыповы тавар і адправіліся ў наступную пятніцу на рынак, але жанчына не паяўлялася. Як і праз тыдзень. Прадаўцы, якія ў той злашчасны дзень гандлявалі побач з ёй на пляцоўцы каля “Мясной лаўкі”, паведамілі, што нячэсная “калега” праварочвала свае цёмныя справы не ўпершыню і ўжо не адзін пакупнік быў аблапошаны. Назвалі нават вёску, адкуль тая прыязджала, але неўдакладненую інфармацыю агучваць не будзем.
Хтосьці скажа, што патрэбна правяраць тавар на месцы пакупкі. Яно так, але ў спешцы перад рабочым днём, тым больш у прыцемку, ды яшчэ калі давяраеш сваім землякам у невялікім раёне, дзе ўсе навідавоку, сапраўды можаш даць слабіну.
У той раз, калі Віктар выявіў падман, махлярка выставіла на продаж яшчэ латкоў пяць з яйкамі, як прыкмецілі відавочцы. Па грубых падліках, яна магла зарабіць рублёў шаснаццаць. Няўжо гэта тыя грошы, за якія можна прадаць сваё добрае імя? Проста ганьба.
Журналісты “РВ” па магчымасці будуць трымаць гэта пытанне ў полі зроку. Відавочна, пасля выхаду артыкула нашы чытачы таксама.
Паведамляйце пра спрэчныя сітуацыі ў наш чат-бот у Тэлеграме: @dokshitsyby_bot.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

