Молодой врач из Витебска работает в Бегомльской районной больнице
Вікторыя Васіленка – малады ўрач агульнай практыкі Бягомльскай раённай бальніцы. Віцябчанка, прыехала ў гарпасёлак па размеркаванні два з паловай гады таму і не расчаравалася ні ў прафесіі, ні ў правінцыяльным жыцці. Шчыра любіць сваіх пацыентаў, якія ідуць да яе не толькі ў час абвастрэння хваробы, але і на кансультацыі.
У тым, што яна стане ўрачом, родныя не сумняваліся. Цікавасць да прафесіі дзяўчынка праявіла рана і ўжо з класа восьмага… пачала рыхтавацца да паступлення. Штудзіравала тэставыя заданні, чытала медыцынскую літаратуру. Перад вачыма быў паспяховы прыклад мамы-ўрача – фтызіяпульманолага.
Студэнтка вучылася ў Віцебскім медуніверсітэце з вялікай ахвотай і марыла стаць спецыялістам вузкага профілю: спачатку захапілася афтальмалогіяй, пазней эндакрыналогіяй, інтарэс да якой прэваліруе і цяпер. Не супраць асвоіць і ультрагукавую дыягностыку, каб самастойна весці пацыента ад А да Я.
Вікторыя Вадзімаўна надзвычай мэтанакіраваны чалавек. Яе галоўны прынцып – самаўдасканаленне.
Удзельнічае ў медыцынскіх канферэнцыях і практычна штодзень павышае прафесіянальны ўзровень, праслухоўваючы лекцыі ў Інтэрнэце. Гарыць справай, шліфуе веды на практыцы.
На прыёме ў Бягомлі, расказвае, пацыенты рознага ўзросту. У асноўным звяртаюцца з сардэчна-сасудзістымі і прастуднымі захворваннямі. Прыходзяць на медагляды і дыспансерызацыю.
– Бегамльчане ветлівыя, з павагай адносяцца да медыцынскага персаналу, выконваюць урачэбныя рэкамендацыі, – характарызуе пацыентаў Вікторыя. – Першы год работы дапазна заседжвалася з афармленнем дакументаў, а з часам аптымізавала працэс, прызвычаілася да распарадку дня.
Хвалявання не справіцца з сітуацыяй у новаспечанага доктара не ўзнікала, таму што побач калегі з большым стажам. Адносіны ў бальнічным калектыве даверлівыя, сяброўскія.
Ды і сама Віка назапасіла вопыту працаваць у экстрэмальных умовах. У кавідныя часы разам з аднакурснікамі мужна змагалася з эпідэміяй: працавала ў прыёмным пакоі, паліклініцы і стацыянары, у тым ліку ў якасці валанцёра.
– Асабліва складана было ў прыёмным, куды ішоў, здавалася, бясконцы паток пацыентаў, – успамінае дзяўчына. – У бальніцы выконвалі абавязкі сярэдняга медыцынскага персаналу: ставілі кропельніцы, рабілі ўколы і ЭКГ. За сябе не баяліся, затое страшна было не паспець дапамагчы такой вялікай колькасці хворых. Гэта было сапраўднае поле бою з COVID-19. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, знаходжанне на перадавой загартавала, навучыла не губляцца ў экстранных выпадках.
Дарэчы, Віка, як і шэраг іншых тагачасных студэнтаў, атрымала падзяку ад кіраўніцтва ўніверсітэта і Міністэрства аховы здароўя за ўклад у барацьбу з каранавірусам.
Факт удзелу дзяўчыны ў місіі выратавання гаворыць пра яе самаахвярнасць у прафесіі.
Звычайна ў месячным графіку Вікторыі некалькі рабочых субот. Між тым выхадныя для яе звязаны з актыўным адпачынкам і паездкай дамоў. У Віцебску з задавальненнем наведвае трэнажорную залу, тэнісныя корты і школу верхавой язды. Таксама бывае ў Мінску, дзе бярэ ўдзел у танцавальных майстар-класах.
Дома любіць гатаваць рэдкія стравы – маленькія кулінарныя шэдэўры. З захапленнем чытае мастацкія кнігі, уключаючы англамоўныя.
У вольную гадзіну гуляе па Бягомлі, любуецца прыгожымі навакольнымі пейзажамі. Удзячная адміністрацыі цэнтральнай раённай бальніцы за цудоўнае абуладкаванне арэнднай кватэры, якую ёй выдзелілі адразу па прыездзе. “У жыллі памянялі вокны і зрабілі вельмі акуратны касметычны рамонт”, – заўважыла доктар.
На Докшыччыне Вікторыю прынялі гасцінна, і яна сама ад усёй душы стараецца аказаць падтрымку мясцовым жыхарам.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

