Ремесленница Снежана Косориго умеет удивлять
Дзевяць дотыкаў да цуда. Менавіта столькі разоў Сняжане Касарыга трэба патрымаць у руках палімерную гліну, каб з’явілася ўсяго адна, самая простая, пацерка для будучага прыгожага бранзалета ці калье.
Вырабы нашай зямлячкі-рамесніцы вы маглі бачыць на свяце горада, фестывалі “Дзве ракі”, а яшчэ на шэрагу іншых творчых фэстаў, якія праходзяць у розных куточках рэспублікі. Сняжана – чалавек адкрыты і шчыры, а таму актыўна дзеліцца сваімі творчымі набыткамі, майстарскімі фішкамі і прыёмамі ў сацыяльных сетках. Сама яна калісці пачынала з пошуку нават самай маленькай інфармацыі і вельмі цаніла майстроў, якія маглі і на пытанне адказаць, і паказаць тое-сёе. А калі вам цікава прасачыць за тым, як нараджаюцца аўтарскія ўпрыгажэнні, заходзьце на прамыя эфіры Сняжаны ў TikTok.
Але тое, што цяпер у сацыяльных сетках выглядае такім лёгкім і зразумелым, на самай справе дарагога каштуе для рамесніцы. І гэта далёка не толькі выдаткі на матэрыялы і майстар-класы, але і кожная хвіліна вольнага часу, бяссонныя ночы перад чарговай выставай-продажам, якая можа праходзіць у абсалютна розных умовах надвор’я, першыя няўдачы і наступныя “дзякуй”. Як прызнаецца Сняжана, за дзевяць гадоў дэкаратыўна-прыкладной дзейнасці ёй давялося зведаць многае. Але лёс не дае шанцу апусціць рукі. У чым яна чэрпае сілы? Ды ў новых занятках, якія, нібы рознакаляровыя пацеркі, нанізваюцца на нітку творчай душы.
Пачынала будучая рамесніца з выпадковай сітуацыі, з якой сутыкаюцца ўсе бацькі дашкалят і школьнікаў: дапамагала дачце і сыну з вырабамі да тэматычных выстаў у навучальных установах. Далей – болей. Трэба было аформіць прастору для правядзення дзіцячага свята – Сняжана асвоіла аэрадызайн. Людзям спадабалася, і сарафаннае радыё зрабіла сваю справу: з’явіліся першыя кліенты. Крыху пазней былі новыя ўрокі, і вось ужо набыты рознакаляровы ізалон. З яго Сняжана Касарыга вырабляла вялікія кветкі і цэлыя кампазіцыі для афармлення інтэр’ераў і фотазон. Гэты ж матэрыял стаў выдатнай асновай для свяцільняў, якія і цяпер пастаянныя кліенты заказваюць у падарунак.
А як захапілі маладую жанчыну дрэўцы з крышталю! У спалучэнні з іншымі матэрыяламі гатовыя вырабы так іграюць на сонцы, што дзіву даешся!
Толькі ўсе гэтыя работы вельмі аб’ёмныя, а падарожжы з імі па выставах і мерапрыемствах – справа непрадказальная. Вецер, дождж, залішняя спёка – усё ўплывае на знешні выгляд. Тады Сняжана вырашыла вырабляць такія рэчы толькі пад заказ і заняцца тым, што карыстаецца попытам і выглядае выключна натуральна, – упрыгажэннямі з палімернай гліны. Вось як яна з захапленнем апісвае працу з гэтым матэрыялам:
– Палімерная гліна падобная да пластыліну: мяккая, добра лепіцца і можа набываць любую форму. Але ёсць важнае адрозненне: палімерная гліна застывае на паветры або пасля награвання ў духоўцы. Спосаб залежыць ад яе віду. Пасля зацвярдзення выраб становіцца трывалым і доўга захоўвае свае ўласцівасці. Кожны майстар выбірае гліну, з якой яму зручней працаваць. Таму, калі вы толькі пачынаеце, не купляйце адразу шмат. Вазьміце адзін брусок або невялікі набор асноўных колераў і праверце, ці зручна вам працаваць з гэтай глінай. Звярніце ўвагу, ці добра яна размінаецца, ці не прыліпае да рук і ці не змяняе колер пасля запякання. Але ж для вырабу, напрыклад, завушніц ці бранзалета адной гліны недастаткова: патрэбныя яшчэ стэкі, дошчачкі, іншыя расходныя матэрыялы, і, вядома ж, печка. Я набыла асобную печку пад гэтыя мэты, бо запякаць вырабы ў вялікім аб’ёме, а потым гатаваць у адной і той жа прасторы лічу недапушчальным. Ну і якасная фурнітура ірае немалую ролю. Можна гадзінамі падбіраць схему палімерных кветак, а справу сапсуе няўдала замацаванае звяно металічнага ланцужка, няякасная пусета або тросік бранзалета.
Напрыканцы размовы Сняжана зазначае, што апошнім часам стаўленне грамадства да рамеснай працы змянілася да лепшага: яе сталі больш цаніць. Калі майстрыха толькі пачынала сваю дзейнасць, пакінуўшы медыцыну дзеля рамесніцтва і работы ў краме, давялося зведаць і асуджэнне, і непаразуменне, і бястактнае: “Навошта?”. Цяпер жа, калі людзі бачаць фотаздымкі яе маляўнічых работ, такіх пытанняў практычна не ўзнікае. Чалавек – дзіўная істота: ён гадамі можа займацца нелюбімай справай, не дазваляць сабе рабіць штосьці да душы ды яшчэ і зарабляць на гэтым. Так, складана, даводзіцца вучыцца метадам спроб і памылак, але ж жыццё – гэта шлях, а не прыпынак з утульнай канапкай.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ і з асабістага архіва гераіні публікацыі.






