Профессию ему подсказало сердце, считает ветврач-гинеколог Докшицкой районной ветеринарной станции Владимир Матошко
У жывёлагадоўчай галіне праца ветурачоў-гінеколагаў, тэхнікаў-асемянатараў і заатэхнікаў-селекцыянераў неацэнная, паколькі ад узроўню ведаў і практычных навыкаў гэтых спецыялістаў залежыць не толькі колькасць атрыманага прыплоду, а значыць і ўзнаўленне дойнага статку, але і рост надояў малака. Ветурач-гінеколаг раённай ветэрынарнай станцыі Уладзімір Матошка у самым пачатку свайго працоўнага жыцця дакладна асэнсаваў гэту высокую адказнасць і з кожным годам імкнуўся павышаць планку свайго прафесіяналізму.
На ветстанцыю Уладзімір Уладзіміравіч прыйшоў напачатку бягучага года. Да гэтага меў адзіны запіс у працоўнай кніжцы – за плячыма 33-гадовы стаж работы ў КУСГП “Гняздзілава-Агра”, дзе давялося рупіцца на пасадах ветурача, урача-гінеколага, тэхніка-асемянатара.
Юны Валодзя Матошка, на той час жыхар вёскі Заборцы, над выбарам будучай прафесіі доўга не разважаў. У жывёлагадоўлі працаваў тата, якому часта і, як адзначае, ахвотна дапамагаў. Хлопец любіў жывёлу і справядліва лічыў, што лячыць яе і папярэджваць захворванні – гэта вельмі гуманная, калі не сказаць высакародная справа. Такія спецыялісты ў сельскай гаспадарцы запатрабаваныя, ды і сярод жыхароў тады яшчэ густанаселеных вёсак, дзе ў кожным двары вырошчвалася немалое пагалоўе хатняй жывёлы, ветэрынары былі ў вялікай пашане. Уладзімір, які добра вучыўся ў школе, профільную навучальную ўстанову закончыў увогуле з адзнакай і з вялікім імпэтам прыступіў да выбранай справы.
– Менавіта сэрца, а не цвярозы разлік павінна кіраваць у выбары маёй прафесіі, – гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч. – А вось ужо набыты з гадамі вопыт дае права сцвярджаць, што ветэрынарыя – гэта для тых, хто гатовы аб’яднаць любоў да жывёлы са стальнымі нервамі, цярплівасцю і вынослівасцю, трывалымі медыцынскімі ведамі і адказнасцю за чужое, няхай сабе і не чалавечае, жыццё.
А яшчэ шчыры суразмоўца адзначае, што важна ўмець працаваць у камандзе і захоўваць спакой і халодны розум у экстранных сітуацыях. Да ўсяго быць гатовым, што з часам работа дасць знаць пра сябе фізічна – болем у спіне, кісцях рук, аняменнем пальцаў падчас сну. Згадвае часы, калі нагрузка ў сельгаспрадпрыемстве была такая, што і ў водпуск схадзіць не атрымлівалася, і начныя званкі і пад’ёмы не былі рэдкасцю, і выхадныя дні за шчасце лічыліся. Таму з гадамі ўсё ж такі хочацца ў рабоце большай размеранасці, і таму графікам работы ў ветэрынарнай станцыі – з васьмі гадзін да сямнаццаці, з двума выхаднымі днямі – спецыяліст вельмі задаволены, як і новым калектывам, у якім пануе цёплая і добразычлівая атмасфера, а значыць, працуецца камфортна. Зараз Уладзімір Уладзіміравіч, вобразна кажучы, выйшаўшы на новы віток сваёй прафесійнай дзейнасці, найчасцей рупіцца на малочнатаварным комплексе “Альхоўка” ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, дзе маецца дэфіцыт ветэрынарных кадраў. Справа звыклая – прафілактыка і лячэнне гінекалагічных захворванняў кароў і цялушак. Зразумела, за гэтай кароткай фармулёўкай стаіць велізарная праца ў дзясятках кірункаў і высокі прафесіяналізм.
Найбольшы тэрмін – два дзясяткі гадоў – Уладзімір Матошка адпрацаваў у “Гняздзілаве-Агра” тэхнікам-асемянатарам ці, як цяпер называюць, аператарам па штучным асемяненні жывёлы. Шматразовы пераможца раённых спаборніцтваў у гэтай намінацыі, ён неаднойчы прымаў удзел і ў спаборніцтвах абласных, дзе паказваў дастойныя вынікі. Згадвае семінары, якія праводзіліся як у раёне, так і ў вобласці, як вельмі каштоўныя ў плане абмену практычным вопытам мерапрыемствы.
– Ад сваіх “пацыентаў” нам, ветэрынарам, канешне ж, ніколі не прыйдзецца пачуць “дзякуй”, – усміхаецца напрыканцы размовы гэты прыязны, шчыры, нейкі вельмі светлы чалавек, – тым не менш бачанне таго, што вынікамі тваіх старанняў з’яўляюцца здаровыя буронкі і іх прыплод, – гэта і ёсць найлепшая ўзнагарода за працу.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

