На Докшиччине чтят память земляка, Героя Советского Союза Степана Манковича
На Докшыччыне ўшаноўваюць памяць пра свайго земляка, Героя Савецкага Саюза Сцяпана Манковіча. Яго імя носяць вуліца і сярэдняя школа ў Бягомлі, а таксама піянерская дружына гэтай установы.
Сцяпан Манковіч быў камісарам партызанскай брыгады “Жалязняк”, унёсак якой у Перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі цяжка пераацаніць.
Нарадзіўся Сцяпан Сцяпанавіч 13 мая 1905 г. у в. Беразіно. З 1939 г. – сакратар Бягомльскага райкама КП(б)Б. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў тыле ворага, з сакавіка 1942 г. – у партызанах, у верасні 1942 г. – снежні 1943 г. – камісар брыгады і адначасова сакратар Бягомльскага падпольнага райкама КП(б)Б. Праводзіў вялікую работу па стварэнні падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый, развіцці партызанскага руху.
Пасля вайны – на савецкай і партыйнай рабоце. У 1946 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК ВКП(б), а ў 1947-м быў накіраваны ў Гомельскі абкам КП(б)Б на пасаду другога сакратара. З 1949 па 1953 гг. – старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама, затым на працягу шасці гадоў – дырэктар саўгаса “Браслаўскі”. У 1965 г. выйшаў на пенсію. Жыў у Віцебску.
Не стала Сцяпана Манковіча 18 красавіка 1978 г. Пахаваны ў Віцебску, у 1979 г. на яго магіле ўстаноўлена стэла.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 1 студзеня 1944 г.
На радзіме С.С. Манковіча яго імя было прысвоена школе, дзе дзейнічаў прысвечаны яму музей, а ў двары ўстаноўлены бюст. Калі ўстанову адукацыі закрылі, бюст С.С. Манковіча перавезлі ў Бягомльскую СШ і афіцыйна адкрылі ў 2020 годзе ля галоўнага ўвахода. На будынку школы ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Героя. У памяшканнях аформлены стэнды, прысвечаныя яму.
Ніна КРУКОВІЧ.