В Докшицком районе подвели итоги посевной кампании

Павел Латковіч, Васіль Васюковіч, Мікалай Баброўскі, Аляксандр Рамашоў і Сяргей Маскалёнак (злева направа).
У раёне падведзены вынікі веснавой пасяўной кампаніі, вызначаны лепшыя з лепшых у раённым спаборніцтве сярод трактарыстаў-машыністаў сельгаспрадпрыемстваў. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Васюковіч уручыў дыпломы райкама прафсаюза і ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, грашовыя прэміі чатыром лідарам на сяўбе-2025.
За добрасумленную працу, прафесіяналізм, якаснае і адказнае выкананне сваіх абавязкаў і высокія вытворчыя паказчыкі атрымаў заслужаную ўзнагароду адзін з лепшых механізатараў ААТ “Таргуны” Міхаіл Бальшуноў. Міхаіл Мікалаевіч, у якога за плячыма дзясяткі гадоў бездакорнай работы ў сельскай гаспадарцы, а ў скарбонцы дасягненняў дзясяткі ўзнагарод, сёлета вызначыўся на ўзорванні глебы пад сяўбу яравых культур. Шчырыя словы падзякі былі выказаны ў яго адрас разам з пажаданнямі моцнага здароўя, выдатнага настрою і далейшага плёну ў працы.
ААТ “Барсучанка” па праве можа ганарыцца ажно двума пераможцамі раённых спаборніцтваў. Так, віншаванні прафсаюзнага лідара прымалі трактарысты-машыністы Аляксандр Рамашоў, які паказаў лепшыя вынікі на падрыхтоўцы глебы да сяўбы, і Мікалай Баброўскі – яму не было роўных на сяўбе яравых культур. Дырэктар сельгасарганізацыі Сяргей Маскалёнак адзначыў, што перамога Аляксандра Мікалаевіча і Мікалая Віктаравіча не стала нечаканасцю для кіраўніцтва гаспадаркі і ўсяго калектыву. І Рамашоў, і Баброўскі – прафесіяналы, а да ўсяго яшчэ людзі, якія хварэюць за справу ўсёй душой, таму і вынік гэтага заканамерны.
Не адстае ад вопытных “аксакалаў” палёў і моладзь. Трэці год запар у раённых спаборніцтвах вызначаецца механізатар ААТ “Бягомльскае” Віталій Лях. Павіншаваць маладога аграрыя з перамогай у намінацыі “Падкормка азімых збожжавых і крыжакветных культур” і ўручыць падарунак разам з Васілём Васюковічам прыехаў першы сакратар РК ГА “БРСМ” Павел Латковіч.
Пасяўная кампанія ў раёне ў стадыі завяршэння. Зусім маленькая перадышка – і набярэ абароты корманарыхтоўка. У чарговым этапе сельскагаспадарчага цыклу работ зноў будуць вызначаны лідары. І разам з імі вялікай пашаны заслугоўваюць усе працаўнікі сельскай гаспадаркі раёна, дзякуючы мазолістым рукам якіх мы штодзённа маем свежы бохан хлеба на сваім стале.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.