Полторы тысячи роликов для лифтов выпускает за смену литейщик пластмассы ОАО «Завод «Ветразь» Николай Гришанович

IMG_8717 с

Паўтары тысячы ролікаў для ліфтоў – такую колькасць дэталяў можа выпусціць за працоўную змену бегамльчанін Мікалай Грышановіч.

Прафесію ліцейшчыка пластмасы ён асвоіў, можна сказаць, неспадзявана для сябе. На завод “Ветразь” малады мужчына прыйшоў, калі даведаўся, што там ёсць вакансія. Дагэтуль жа працаваў некалькі гадоў вадзіцелем у Бягомльскім участку РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.

На завод Мікалая спачатку ўзялі рэзчыкам халоднага металу, а затым прапанавалі закончыць курсы ліцейшчыка. Ён згадзіўся і ніколькі не пашкадаваў, бо працэс ліцця аказаўся цікавым, ды і заробак вышэйшым.

– Вытворчасць пластмасавых дэталяў пачынаецца з награвання тэрмапластаўтамата, – расказвае пра тонкасці сваёй прафесіі Мікалай. – У абсталяванне засыпаюцца гранулы, якія пачынаюць плавіцца, затым матэрыял упрыскваецца ў прэс-форму, у якой пластык астуджаецца і становіцца цвёрдым, набыўшы неабходную форму. Такім чынам атрымліваюцца ролікі для дзвярэй ліфта, сепаратары для падшыпнікаў і іншыя дэталі, якія ў далейшым адпраўляюцца на галаўное прадпрыемства “Магілёўліфтмаш”. Працуем, захоўваючы тэхналогію, каб выпускаемая прадукцыя была высакаякаснай. Браку на вытворчасці стараемся не дапускаць.

– Са сваімі абавязкамі Мікалай Грышановіч спраўляецца на выдатна, – характарызуе спецыяліста галоўны інжынер завода Мікалай Сялюк. – Акуратны, дысцыплінаваны, дакладна і хутка выконвае даведзеныя заданні.

– Тут, у Бягомлі, стварыў сям’ю, выхоўваем з жонкай дваіх дзяцей, – дзеліцца Мікалай. – Знайшоў працу па душы. Умовы і заработная плата цалкам задавальняюць. Завод наш развіваецца, а значыць ёсць перспектывы.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *