Механизаторы ОАО «Докшицкий райагросервис» времени не теряют: выглянуло солнце — и в поле

Вадзіцель Леанід Парфяновіч і старшы камбайнер Віктар Суднік.

Вадзіцель Леанід Парфяновіч і старшы камбайнер Віктар Суднік.

“Дажджы ідуць не тады, калі іх просяць, а калі жнуць ды косяць”, – гаварылі нашы мудрыя продкі. У праўдзівасці гэтага выказвання сумненняў няма, а сёлетнім летам аграрыі раёна маюць у тым перакананне, лічы, кожны дзень. У вельмі няпростых умовах пачалося жніво, ды і па прагнозах сіноптыкаў пакуль што паляпшэння чакаць не прыходзіцца. Механізатары ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і не чакаюць: бліснула сонца, падсохла збажына – і ў поле.

На пяцідзесяцігектарных палетках каля вёскі Лібараўшчына мы і заспелі за працай сэрвісаўскі механізаваны атрад. З боку Докшыц насоўвалася вялізная чорная хмара, і занепакоеныя гэтым фактам камбайнеры стараліся як мага аператыўней убіраць ячмень. Але ж як не падскочыць вышэй за галаву, так і на камбайне не памчацца з хуткасцю 80 кіламетраў у гадзіну: якасць жніва – рэч яшчэ больш важная, чым хуткасць.

Па-юнацку гарачы Віктар Суднік па нашай просьбе на хвілінку выскачыў з камбайна, каб змаглі зрабіць фота, віхрам узляцеў на мосцік – і ўжо праз секунду камбайн паплыў, злёгку пакалыхваючыся, у залацістых хвалях збажыны. Старэйшыя яго таварышы, чые імёны добра вядомы не толькі ў раёне, але і ў вобласці, вопытныя, загартаваныя дзесяцігоддзямі працы і ў ліўні, і ў спякоту, і ў вятры, што кладуць каласы долу, глядзяць на такую парывістасць Віці пахвальна, з добрай усмешкай: самі калісьці такімі былі. Ды і бачна, што не менш перажываюць за справу. І Уладзімір Лаўцэвіч, і Аляксандр Суднік, і Яўген Ярмаковіч. “Калі ўліе зараз, работа наша на сёння закончана, – уздыхае Яўген Іосіфавіч, у камбайне якога колькі хвілін таму здарылася паломка ў жняярцы. – Адно толькі добра, што рамантавацца буду спакойна, без спешкі”.

У райаграсэрвісе зараз недахоп кадраў, таму на дапамогу гаспадарцы прыйшло Докшыцкае ПМС: на адвозку збожжа накіраваны вадзіцель Леанід Парфяновіч, з дня на дзень чакаюць яшчэ аднаго. Падстаўляюць плячо сельгаспрадпрыемству ў гарачую пару і былыя работнікі, што знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Так, за руль МАЗа звыкла сеў Вячаслаў Кавалёнак, а клопат аб супрацьпажарнай бяспецы ўзяў на сябе Канстанцін Бяльковіч.

– Шукаем усе магчымасці, каб весці ўборачную кампанію належным чынам, – гаворыць галоўны аграном райаграсэрвіса Ганна Мароз. – Бязмерна ўдзячны ўсім, хто адгукаецца на просьбу дапамагчы, і самі, калі трэба, не адмаўляем у дапамозе. Справа ж агульная, тут не спаборнічаць трэба, а разам дасягаць добрых яе вынікаў.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *