Работников сельхозпредприятий Докшицкого района поздравили в рамках акции «Наш животновод»
Традыцыйна са снежня па красавік у краіне праходзіць рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”, арганізатарам якой выступае Беларускі прафсаюз работнікаў АПК. Докшыцкі раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК штогод прымае ў гэтай акцыі актыўны ўдзел.
Днямі старшыня райкама прафсаюза Васіль Васюковіч наведаў усе сельгаспрадпрыемствы раёна, каб сумесна з прафсаюзным актывам на месцах уручыць узнагароды чатырнаццаці жывёлаводам, якія за 2024 год дасягнулі высокіх паказчыкаў у працы ў сваіх гаспадарках.
– Жывёлагадоўля – галіна сельскай гаспадаркі, у якой не бывае перапынкаў у працы і запаволення рытму, – адзначыў Васіль Васюковіч. – Кожны дзень работнікаў малочнатаварных фермаў і комплексаў напружаны, патрабуе немалых фізічных затрат і душэўнай увагі. Асноўная задача акцыі – сустрэцца з працоўнымі калектывамі, падзякаваць людзям, якія выбралі нялёгкія прафесіі, за добрасумленную працу, вернасць справе, а таксама ўзнагародзіць лепшых з лепшых. Апрача гэтага, акцыя заклікана ўдзяліць увагу працаўнікам-жывёлаводам, дазваляе ажыццявіць маніторынг фермаў, азнаёміцца з умовамі працы і адпачынку работнікаў, абмеркаваць праблемы і пытанні, якія іх хвалююць.
На сённяшні дзень у раёне дзейнічае сем сельгаспрадпрыемстваў. Па выніках года ў кожным вызначаны лепшыя аператар машыннага даення і аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы. Самая буйная па плошчы і, адпаведна, па аб’ёмах вытворчасці гаспадарка – ААТ “Таргуны”. Шэраг віншаванняў лепшых з лепшых пачаўся менавіта там. Так, дыпломы РК прафсаюза работнікаў АПК і грашовыя прэміі за прафесіяналізм, якаснае і адказнае выкананне сваіх абавязкаў атрымалі Наталля Саковіч і Людміла Малюжанец. І Наталля Леанідаўна, і Людміла Вячаславаўна ў справе сваёй не навічкі, высока ўзнятую планку трымаюць упэўнена гадамі, неаднаразова адзначаліся ў ліку лепшых па выніках раённага спаборніцтва.
ААТ “Бягомльскае” ў апошнія гады мэтанакіравана трымае курс на развіццё і славіцца не толькі ў раёне, але і за яго межамі высокімі надоямі і сортнасцю малака. Пра большасць жывёлаводаў буйных комплексаў гаспадаркі “Бягомль” і “Дабрунь” можна сказаць, што гэта людзі на сваіх месцах, што пацвярджаюць і вынікі іх работы. Сёлета адзначана праца аператара машыннага даення Алены Спірыдонавай і аператара па вырошчванні маладняку БРЖ Вадзіма Глазко. Іх імёны таксама вядомыя ў раёне. Шмат цёплых слоў у адрас работнікаў фермаў выказаў таксама дырэктар ААТ “Бягомльскае” Аляксандр Навіцкі, уручыў перадавікам сертыфікаты.
У КУП “Докшыцкі” адзначана праца даяркі Таццяны Ліннік і цялятніцы Рыты Пургіной – гэтыя жанчыны таксама паказваюць прыклад іншым, станавіліся гераінямі публікацый у нашай газеце, пераможцамі і прызёрамі раённых спаборніцтваў.
На МТК “Альхоўка” ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” прымалі віншаванні легендарная даярка Ганна Калініна, якая там працуе, і не менш вядомая цялятніца Святлана Бурніна – яна рупіцца на МТФ “Ветахмо”. Каб выказаць словы падзякі працаўніцам, на комплекс наведаўся дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Трус.

Аператар машыннага даення Ганна Калініна, старшыня пярвічнай прафарганізацыі Анастасія Марковіч, аператар па вырошчванні маладняку БРЖ Святлана Бурніна (злева направа). ААТ «Докшыцкі райаграсэрвіс».
У ААТ “Барсучанка” ўшанавалі аператара машыннага даення МТФ “Масловічы” Іну Ярохіну і аператара па вырошчванні маладняку БРЖ Уладзіміра Глухоўскага, якія ўжо не гадамі, а дзесяцігоддзямі не здаюць сваіх лідарскіх пазіцый.

Уладзіміра Глухоўскага і Іну Ярохіну віншуе з перамогай старшыня прафпярвічкі Наталля Аніська. ААТ «Барсучанка».
Шмат добрых слоў сказаў пра сваіх жывёлаводаў – работнікаў МТФ “Пліскі” даярку Маргарыту Краснікаву і цялятніцу Алену Майсіевіч – дырэктар ДП “АграСітцы” Міхаіл Транчэўскі, які далучыўся да віншаванняў Васіля Васюковіча і старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Святланы Норавіч, і адзначыў, што менавіта Маргарыта Мікалаеўна і Алена Эдуардаўна з’яўляюцца ў гаспадарцы прыкладам адказнасці і добрасумленнасці ў працы.

Працоўны стаж аператара па вырошчванні маладняку БРЖ МТК “Атрубок” Дашы Дабранскай – сорак гадоў! ДП «Гняздзілава-Агра».
На МТК “Атрубок” ДП “Гняздзілава-Агра” словы падзякі гучалі ў адрас Любові Асаёнак і Дашы Дабранскай – з году ў год гэтыя жанчыны паказваюць высокія вынікі сваёй дзейнасці дзякуючы не толькі прафесіяналізму, але найперш перакананасці, што калі ўзяўся за справу, то выконваць яе трэба як належыць.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.