Приемосдатчиком груза и багажа на станции Крулевщизна работает Татьяна Подберезкая

Владимир Копченков и приемосдатчик Татьяна Подберезкая

Аглядчык-рамонтнік Уладзімір Капчанкоў і прыёмаздатчык Таццяна Падбярэзкая.

Памятаю, як у дзяцінстве вельмі не хацелася чакаць праезду таварнага цягніка, якому не было відаць ні канца ні краю. Аднойчы нават больш за шэсць дзясяткаў вагонаў налічыла: платформы, цыстэрны, розныя па форме і колеры кантэйнеры. Кожны з іх вязе свой груз у свой пункт прызначэння.

І адбываецца гэта не хаатычна, а па вызначаным маршруце. Значыць, на чыгунцы ёсць чалавек, які вядзе ўлік вагонаў і іх змесціва, каб грузы бяспечна і своечасова знаходзілі сваіх заказчыкаў. Адказвае за гэты спектр работы прыёмаздатчык грузу і багажу. У лінейным цэнтры транспартнага абслугоўвання ў Крулеўшчыне працуе на гэтай пасадзе Таццяна Падбярэзкая.

У нашай суразмоўніцы вельмі адказная работа. Ад яе дакладнага выканання залежыць захаванасць вагонаў і грузаў і, канешне, бяспека руху цягнікоў у любую пару года і час сутак.
– У абавязкі прыёмаздатчыка ўваходзіць камерцыйны агляд вагонаў і кантэйнераў перад падачай на выгрузку або пагрузку, перад пагрузкай і пасля яе, гружаных і пустых вагонаў перад адпраўленнем, – расказвае Таццяна Віктараўна. – Агляд адбываецца непасрэдна на пуцях, дзе знаходзіцца састаў. Правяраем наяўнасць пломб, адпаведнасць вагі, правільнасць размяшчэння і замацавання грузаў, дакументы.

Прыёмаздатчык цесна працуе разам з аглядчыкамі-рамонтнікамі вагонаў. Гэтыя спецыялісты праводзяць тэхнічны агляд саставу.

У Крулеўшчыне работнікі лінейнага цэнтра транспартнага абслугоўвання адбіраюць пустыя і гружаныя вагоны, што знаходзяцца на станцыі, фарміруюць на іх суправаджальныя дакументы, правяраюць тэхнічны стан і адпраўляюць далей па маршруце. Такім чынам цэнтр абслугоўвае лінейныя станцыі Глыбокае, Паставы, Друя, Шаркаўшчызна, напрамкі на Падсвілле, Параф’янава.

– Нашымі кліентамі з’яўляюцца ВУ “Віцебскторф”, ДБК “Віцебскі”, склад захоўвання нафтапрадуктаў РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт” і іншыя. Асноўную частку грузаў складаюць пячное і дызельнае паліва, пясок, – працягвае Таццяна Падбярэзкая.

Усе даныя па вагонах прыёмаздатчык заносіць у камп’ютар, дзе ўстаноўлена спецыяльная праграма. Таццяна Віктараўна заўважае, што лічбавыя магчымасці пазбавілі ад істотнай часткі папяровых носьбітаў. Яны ёсць, але іх намнога менш. Напрыклад, акрамя грузаў, прыёмаздатчык адпраўляе і прымае карэспандэнцыю, якая датычыцца дзейнасці ўсёй станцыі.

Як бачна, прафесія патрабуе пільнасці, аператыўнасці мыслення і дзеянняў, добрай памяці і высокай ступені адказнасці. Усе гэтыя якасці, адзначае кіраўніцтва станцыі, уласцівыя Таццяне Падбярэзкай. Яна з задавальненнем ідзе на работу, дзе працуе дружны, зладжаны калектыў. З цеплынёй у голасе расказвае пра сваю настаўніцу ў прафесіі, а зараз калегу Алесю Гіцук, зменшчыц Веру Яцкевіч і Таццяну Фенько.

Увогуле на чыгунцы Таццяна Віктараўна працуе з 2010 года, апошнія 6 – прыёмаздатчыкам. І хаця мае адукацыю бухгалтара, спачатку ўладкавалася ў лакаматыўнае дэпо экіпіроўшчыкам. Напэўна, было накавана зверху, каб дзяўчына з Крулеўшчыны, узнікненне і існаванне якой звязана непасрэдна з чыгункай, стала прадаўжальніцай дынастыі: бацькі, дзядуля і бабуля таксама прысвяцілі жыццё стальной магістралі. Дарэчы, муж Таццяны працуе тут жа саставіцелем цягнікоў. Сужэнцы выхавалі дачку і сына, цешацца маленькім унукам. Таццяна любіць у вольны час прыгатаваць што-небудзь смачненькае для сваіх родных. Асабліва ў гаспадыні атрымліваюцца торцікі, якімі яна з задавальненнем частуе і калег.

Наталля ВАСЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *