В Бегомле восстанавливают храм Всех Святых, памятник истории и местную святыню
«Даже если не мы, а наши дети будут иметь возможность посещать восстановленный храм Всех Святых в Бегомле, то сегодняшние стремления были не напрасными.» Такой вывод красной нитью проходил сквозь разговоры со священником Иоанном Сычевичем, а также церковным активом, которые предшествовали этому материалу.
Пра тое, што настаяцель прыхода храма ў Бягомлі айцец Іаан быў апантаны памкненнем пачаць аднаўляць руіны царквы Усіх Святых, “РВ” паведамлялі яшчэ летам бягучага года, калі расказвалі пра тое, як у чэрвені прыхаджане разам з іерэем наведалі дакладную копію сваёй святыні – храм, які знаходзіцца ў вёсцы Турэц, на Гродзеншчыне.
Тая паездка яшчэ больш умацавала веру маладога святара ў тое, што, нягледзячы на скептычныя думкі многіх, з кім дзяліўся такой ідэяй, маўляў, справа выдатная, аднак сродкаў патрабуе непамерна, ісці гэтым шляхам трэба, захапіўшы з сабою два складальнікі, без якіх любая справа не будзе мець выніку: малітву і дзеянне. Працуй і маліся, а памаліўшыся працуй яшчэ больш шчыра. Падтрымаў пачынанне і епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. Дарэчы, паездак да такіх жа апантаных святароў, якія займаліся адраджэннем храмаў было яшчэ шмат. Да таго ж наш бацюшка разам з паплечнікамі, якія трапляліся на гэтым складаным шляху, здолеў зрабіць немагчымае – не толькі адшукаць праект царквы, падобнай да бягомльскай, у архівах Санкт-Пецярбурга, але і паспець атрымаць блаславенне ад старца Іаана Міронава, да якога патрапіў выпадкова, а можа і не, калі прытрымлівацца думкі, што ў нашым жыцці выпадковых рэчаў і людзей не бывае. Але пра ўсё па парадку.
Знайсці такі ж праект – нерэальна
Храм у Бягомлі ўзвялі ў 1886 годзе. Ён лічыўся адным з самых прыгожых царкоўных збудаванняў Віцебшчыны. Царква мела ўнікальную бібліятэку, архіў, старадаўнія іконы. Усё гэта ў часы ганенняў на праваслаўе было знішчана ці разрабавана. У пачатку 1930-х царкву ўвогуле зачынілі. Потым у ёй былі піларама і…спіртзавод. Святыню вернікам вярнулі толькі праз больш чым шэсць дзесяцігоддзяў – у 1991-м. Але ў сувязі з пытаннямі бяспекі ў пачатку 2000-х зачынілі.
Калі айцец Іаан толькі пачынаў ступаць на шлях адраджэння царквы, адразу атрымаў слушную параду: “Шукайце арыгінальны праект: гэта дазволіць зробіць нашмат больш танным выраб дакументацыі.” І пачаліся доўгія дні пошукаў, якія зацягнуліся на сем месяцаў. Калі стала зразумела, што ў беларускіх архівах інфармацыі ніякай няма, зноў жа слушная парада – расійскія архівы ў дапамогу. Не будзем доўга паглыбляцца ў падрабязнасці, якім чынам святар разам з царкоўным актывам дабіваліся да іх, аднак доступ да дакументаў быў атрыманы. І зноў пацягнуліся дні пустых пошукаў. Кажуць, што самая цёмная ноч перад світаннем. Дык вось, калі айцец Іаан быў практычна гатовы змірыцца з тым, што штурмуе архіўны сайт дарэмна, праект знайшоўся. Ведаеце, дзе ён быў? На самай апошняй старонцы пошуку.
Невыпадковыя прыхаджане
Паралельна бацюшка пачынаў шырокую інфармацыйную работу. Расказваў пра ідэю аднаўлення царквы ў групах прыходу ў сацыяльных сетках, кожны крок у гэтым кірунку падмацоўваў фотаздымкамі і поўнай інфармацыяй, адкрываў дабрачынны рахунак, прыгадвае пра былы храм на кожнай службе. На адно з такіх набажэнстваў трапілі расіяне, якія адпачывалі ў мясцовым санаторыі і вырашылі наведаць царкву. Пасля службы яны падышлі да святара і расказалі пра старца Іаана Міронава, аднаго са старэйшых святароў РПЦ, духаўніка Абіцелі міласэрнасці, што ў вёсцы Вехна Вялікалукскай епархіі. Менавіта да яго пасля адпачынку збіраліся нашы суседзі і запрасілі туды ж бягомльскага святара. Айцец Іаан можа б і адклаў паездку на восень (і добра, што гэтага не зрабіў, бо старац прадставіўся да Госпада на 98-м годзе жыцця ў пачатку лістапада), аднак яму і самому трэба было ехаць да родзічаў акурат у тым жа кірунку. Вось дзе шчаслівае супадзенне! Не будзем перадаваць усёй сутнасці асабістай размовы айца Іаана са святаром, які даваў празорлівыя парады, бо за бласлаўленнем ён адправіўся ўсёй сям’ёй – з чатырма сыночкамі і матушкай. Скажам толькі, што айцец Іаан цвёрда наказаў свайму беларускаму цёзку храм аднаўляць і, больш за тое, пацвердзіў, што справа гэта выйдзе. Дарэчы, расіяне, якія паспрыялі гэтай сустрэчы, вярнуўшыся дадому, перадалі сваю ахвяру на адраджэнне храма.
І ў храма Год добраўпарадкавання
Прабачце за гэта параўнанне, але яно падаецца цалкам дарэчным. У Год добраўпарадкавання, які аб’яўлены ў краіне сёлета, у бягомльскай святыні, што да ўсяго з’яўляецца помнікам архітэктуры, таксама пачаўся свой год добраўпарадкавання. За копію праекта храма піцерскаму архіву было заплачана 70 тысяч расійскіх рублёў – і вось такі доўгачаканы гістарычны дакумент перададзены беларускім праекціроўшчыкам. Непасрэдна работы каля храма закіпелі ўвосень. Прыхадскі актыў разам з настаяцелем 28 кастрычніка правялі суботнік. Перад пачаткам першачарговых пошукавых і праектных работ неабходна было выразаць і выкарчаваць кустоўе, прыбраць каменне. Ужо 30 кастрычніка супрацоўнікі Брэсцкага тэхналагічнага ўніверсітэта правялі 3D-сканіраванне храма Усіх Святых, якое неабходна для праекта і далейшай рэстаўрацыі. З 10 па 13 лістапада доўжыліся навукова-пошукавыя і перадпраектныя работы. Гучыць прыгожа, праўда? На справе ж профільныя спецыялісты разам з настаяцелем гадзіну за гадзінай адкопвалі фундамент, каб зразумець, наколькі добра ён захаваўся. Радасці айца Іаана не было межаў, калі ён падзяліўся з “РВ” першымі высновамі спецыялістаў – фундамент, які ў таўшчыню даходзіць да двух метраў (!), у выдатным стане. А значыць аднаўляць трэба толькі сцены. Аснова, якая маецца, вытрымае новую канструкцыю!
Надзея на Бога і людзей
Папярэдні кошт навукова-даследчых работ – каля 64 тысяч беларускіх рублёў. Пра кошт будаўнічых работ казаць пакуль не будзем. Сума велізарная. Збор сродкаў на аднаўленне царквы працягваецца. Зараз настаяцель займаецца пошукам адметных майстроў, якія мелі вопыт адраджэння храмаў, а яшчэ нібы жартам, але потым вельмі сур’ёзна разважае пра кошт і дастаўку вялізнай колькасці цэглы. Паралельна ідзе пошук мецэнатаў у Беларусі і Расіі. Зразумела, што прыемнага ў гэтай справе мала, аднак і сам святар, і яго прыхаджане-памочнікі разважаюць так: мы ж не для сябе просім, для людзей і ўмацавання праваслаўя, а хіба ж гэта сорамна?
Ніжэй будуць рэквізіты для добраахвотнай ахвяры на аднаўленне храма Усіх Святых у Бягомлі. Айцец Іаан адзначае, што гэта справа выключна асабістая, і спадзяецца на покліч чалавечай душы. А пакуль усіх жыхароў пасёлка ён кожны раз, наведваючы арганізацыі, бываючы ў калектывах, запрашае ў царкву, да Бога і агульнай малітвы, не толькі ў вялікія царкоўныя святы, але і проста ў нядзелю. Дзве-тры гадзіны для сваёй душы ў тыдзень – ці ж вялікі гэта кошт для Царства Божага?
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота з архіва прыхода
храма Усіх Святых.







