Другой жизни не представляю. Юлия Джикидзе из агрогородка Прудники стала приемной мамой для 12 детей
Юлія Джыкідзэ са шматдзетнай сям’і і з дзяцінства прывыкла быць у вялікім гурце. Зараз яе тата, брат і сёстры таксама жывуць у Прудніках і з’яўляюцца самымі блізкімі людзьмі не толькі па крыві, але па духу. Яны падтрымалі рашэнне Юліі ў 2004 годзе ўдачарыць шасцімесячную Алінку, а ў 2011-м – стаць прыёмнай маці. З таго часу, акрамя Аліны, у доме Джыкідзе знайшлі прытулак яшчэ дванаццаць дзяцей.
Строгая, але чуйная
У дадзены час Юлія з мужам Георгіем выхоўвае чацвярых непаўналетніх – чатырохгадовую Анжаліку, шасцігадовую Наташу, васьмігадовага Дзіму і пятнаццацігадовую Кацю. Для іх яна, як і для папярэдніх дзяцей, а заадно для хрэснікаў і іншых пляменнікаў, – “мама Юля”.
У Сацыяльна-педагагічным цэнтры раёна Юлію Джыкідзэ характарызуюць як адказнага, сур’ёзнага чалавека. Як мама яна строгая, але чуйная да дзіцячых праблем.
– Больш за ўсё хочацца, каб мае выхаванцы выбралі ў дарослым жыцці правільны шлях, – агучвае запаветную мару прыёмная мама. – У мінулым дзеці перажылі боль, роспач і здраду бацькоў, што не лепшым чынам адлюстравалася на іх характарах. Таму важна знайсці да кожнага падыход, атуліць ласкай, заваяваць давер, што напачатку няпроста. І калі ўрэшце рэшт чуеш, як чужое дзіця пачынае называць цябе мамай, думаеш: “Атрымалася растапіць яшчэ адно сэрцайка”.
Выхаванцы
Сваю дачушку Юлія Віктараўна песціла як магла. Усё лепшае ў сям’і было для яе. Зараз Аліна жыве і працуе ў Магілёве – трапіла туды па размеркаванні пасля заканчэння ляснога каледжа. Дамоў прыязджае рэдка, але душой матуля заўжды побач з ёй: хвалюецца, перажывае.
– Магчыма, дачка і раўнавала да іншых дзяцей, якія пасяляліся ў нашым доме, але я імкнулася быць справядлівай, вучыла ўсіх быць дружнымі і стаяць адзін за аднаго гарой, – адзначае Юлія. – Здаецца, гэта атрымлівалася.
Жанчына ўспамінае, як пачыналася яе прыёмнае мацярынства:
– Першым разам апека папрасіла даць прытулак малому Сярожку, якому на той час не было і двух з паловай гадоў. Калі прыехалі ў бальніцу і ўбачылі, як завіхаецца каля малыша яго старэйшы брат – дзевяцігадовы Віталік, сэрца зашчаміла. Як можна было разлучыць іх? Хлопчыкі і так лёсам пакрыўджаныя. Такім чынам адразу абодва брацікі апынуліся ў Прудніках, а праз паўгода іх забрала бабуля. Пазней, памятаю, выпадкова сустрэліся, а Віталік ужо і не пазнаў мяне. Успомніў толькі дзядулю – майго тату. Але гэта дробязі – я бязмежна рада, што ў хлопчыкаў цяпер усё добра.
А далей да Джыкідзэ прывезлі з дзіцячага дома сямігадовую Карыну, якая ніколі раней не жыла ў сям’і, таму патрабавала да сябе шмат увагі. З цягам часу дзяўчынка прыкіпела да мамы Юліі ўсёй душой і нават зараз, калі жыве і працуе ў Мінску, частая госця ў доме, дзе ёй падарылі не толькі сапраўднае дзяцінства, але і далі пуцёўку ў дарослае жыццё. Юлія Віктараўна дапамагла сваёй падапечнай атрымаць кватэру ў Паставах, адкуль тая родам. І цяпер працягвае падтрымліваць дзяўчыну як маральна, так і матэрыяльна.
– Яны ўсе для мяне як родныя дзеці, усіх люблю і моцна шкадую, – зазначае прыёмная мама. – Але вось калі сем гадоў назад прапанавалі забраць да сябе месячную Наташу, прызнаюся – спужалася, што не спраўлюся з немаўлём. І ўсё ж рызыкнула. Падумала тады: а што калі такую бездапаможную лялечку адправяць у дзіцячы дом? Сумленне ж замучыць ад адной гэтай думкі. Дык вось Наташа і цяпер з намі, хацела яе таксама ўдачарыць, але перашкодзілі некаторыя нюансы юрыдычнага характару.
Потым Юлія Віктараўна ўзяла пад крыло двух братоў-падлеткаў, якіх ад роднай маці адбіралі двойчы. Паскіталіся тыя, бедныя, не адзін год па чужых кутках і мелі патрэбу ў асаблівых, далікатных адносінах да сябе.
Затым на паўгода падсяліліся малышы – брацік і сястрычка, а пазней зноў двое братоў падлеткавага ўзросту – ужо іншыя.
– Шчыра кажучы, з хлопчыкамі было цяжэй знайсці агульную мову, складаней паўплываць – напрыклад, адвучыць ад курэння, угаварыць змяніць паводзіны, – кажа Юлія. – Але я ніколі не здавалася – прабівалася да падлеткаў і добрым словам, і добрай справай.
Цяперашнія выхаванцы прыехалі да Юліі Віктараўны нядаўна: брат і сястра Дзіма і Анжаліка – паўгода таму, Каця з дзіцячага дома сямейнага тыпу – у чэрвені.
Чалавечае шчасце
Юлія Віктараўна па прафесіі заатэхнік, працавала загадчыцай фермы, затым культработнікам. Набытыя навыкі ў розных галінах спатрэбіліся і дома. У хатняй гаспадарцы трымае жывёлу і птаства, якіх з ахвотай даглядаюць і дзеці. Ну а здольнасці культарганізатара ў поўнай меры праяўляюцца пры правядзенні розных свят: дзён нараджэння, Новага года, 8 Сакавіка і іншых.
Дзеці прывучаны да працы і дысцыпліны. Наводзяць парадак на сталах, у шафах, засцілаюць ложкі, мыюць посуд, даглядаюць пакаёвыя расліны, полюць агарод. Прыёмная мама – прыклад ва ўсім, зрэшты, як і яе муж, які не толькі вучыць хлопцаў мужчынскай рабоце, але і гуляе з усімі дзецьмі, вучыць іх прамудрасцям жыцця.
– Турбот хапае, але я не ўяўляю іншага жыцця, – гаворыць Юлія. – Хата шчаслівая, калі там гучыць дзіцячы смех. Гэта сэнс жыцця, не інакш. Ніколі не зразумею бацькоў, якія не даражаць такім багаццем і прыгаворваюць на няшчасце тых, каго нарадзілі. Не забуду, як адна пітушчая маці, прыехаўшы на сустрэчу да сваёй дачушкі, баялася ўзяць яе на рукі. Я сілай давала дзіця, а ў яе рукі трэсліся. Тады вырашыла гарбатай адпаіць жанчыну, супакоіць. Дык што вы думаеце? У наступны прыезд яна адразу за стол уселася, прайшоўшы міма дзіцяці, – маўляў, частуйце мяне зноў!.. Другая не злоўжывае алкаголем, затое не можа навесці парадак дома, стварыць належныя ўмовы для выхавання дзіцяці. Прыязджае сюды, цалуе дочачку, а ўражанне непрыемнае: чаму, калі ты так шкадуеш дзіця, не зробіш усё магчымае і немагчымае, каб вярнуць яго?.. Дзеці – святое, і бацькі ў адказе за іх. А прыёмныя бацькі прызваны падзяліцца сваёй любоўю з тымі, хто ў сілу ўзросту не можа за сябе пастаяць.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з альбома сям’і Джыкідзэ.