Как работают следователи Докшицкого районного отдела Следственного комитета
Крысціна Пракаповіч, Карына Грыгор’ева, Юлія Палачаніна.
Следчыя – назіральныя і дапытлівыя спецыялісты. Яны збіраюць доказы ў адно цэлае і выкрываюць злачынцаў, каб ніводзін з іх не змог схавацца ад правасуддзя.
Незадоўга да Дня супрацоўніка органаў папярэдняга следства карэспандэнт “РВ” пабывала ў раённым аддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
З нядаўняга часу раённы аддзел ўзначальвае падпалкоўнік юстыцыі Юрый Лаўрыновіч. Разам з ім служаць старшыя следчыя падпалкоўнік юстыцыі Аляксандр Маслоўскі, які зараз часова выконвае абавязкі намесніка начальніка, капітан юстыцыі Іван Бондар, маёр юстыцыі Юлія Палачаніна і старшы лейтэнант юстыцыі Крысціна Пракаповіч, а таксама следчыя старшы лейтэнант юстыцыі Павел Балашка і малодшы лейтэнант юстыцыі Карына Грыгор’ева.
Юрый Лаўрыновіч.
За плячыма ў Юрыя Уладзіміравіча пятнаццаць гадоў практычнай дзейнасці, у Аляксандра Станіслававіча – дваццаць. Свой вопыт яны ахвотна перадаюць больш маладому пакаленню следчых. Плён такога супрацоўніцтва – прыклад Аляксандра Маслоўскага і Крысціны Пракаповіч, якія сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу на лепшую арганізацыю работы з маладымі следчымі ў 2023 годзе.
У цэлым раённы аддзел прызнаны лепшым падраздзяленнем вобласці па выніках работы мінулага года. Трымаюць марку дакшычане і сёлета.
З пачатку года ў аддзел паступіла 116 заяў, паводле якіх узбуджана 62 крымінальныя справы. Асноўная колькасць з іх тычыцца крадзяжоў, у тым ліку здзейсненых шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі.
– Нягледзячы на шырокую прафілактыку, нашы грамадзяне працягваюць трапляць у сеткі кіберзлачынцаў, – са шкадаваннем у голасе кажа Юрый Лаўрыновіч. – Напрыклад, у чэрвені мы накіравалі каля 80 інфармацыйных пісем кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна з просьбай яшчэ раз нагадаць работнікам пра пільнасць у Інтэрнэце, месенджарах, пры тэлефонных размовах з незнаёмцамі. Толькі вось так атрымалася, што ўжо ў жніўні адзін з ліку тых кіраўнікоў сам даверыў уласныя фінансы тэлефонным махлярам…
А крадзяжы маёмасці адбываюцца ў асноўным з-за бяспечнасці саміх гаспадароў, зазначае начальнік аддзела. Людзі пакідаюць свае рэчы без нагляду, у адкрытым доступе для злодзеяў. Як і ключы запальвання ў адчыненых аўтамабілях. Так, сёлета зарэгістравана 6 угонаў, і большасць з іх стала магчымай менавіта па названай прычыне.
Некалькі спраў гэтага года ўзбуджана па лініі наркакантролю. Імкненне зарабіць лёгкія грошы абарочваецца для “закладчыкаў” ці захавальнікаў марыхуаны цяжкімі стратамі – пакараннем аж да пазбаўлення волі.
– Памятаю, як на пачатку службы давялося разглядаць справу па 212-м артыкуле Крымінальнага кодэкса (крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі), – узгадвае Юрый Уладзіміравіч. – Гэта была такая рэдкасць, што прыйшлося звяртацца па дапамогу ў вышэйшыя структуры. А цяпер пераважная частка крыміналу перайшла ў кіберпрастору, адпаведна стала цяжэй устанаўліваць злачынцаў і прыцягваць іх да адказнасці. У сувязі з гэтым змяніліся і метады работы следчых, уся неабходная тэхніка для гэтага ў нашым аддзеле ёсць.
Іван Бондар.
Таксама Юрый Лаўрыновіч адзначыў выдатныя ўмовы для працы докшыцкіх следчых: у кожнага асобны кабінет з сучасным рамонтам, новая мэбля, камп’ютары. Абсталяваны навучальны клас, памяшканне для захоўвання рэчавых доказаў, архіў, спартыўная зала і пакой для прыёму ежы.
– Адзін з самых раскошных будынкаў сярод аддзелаў Следчага камітэта ў рэспубліцы, – гаворыць начальнік. – Следчыя атрымалі яго ў сваё распараджэнне пасля мадэрнізацыі ў 2021 годзе.
Докшыцкі аддзел вылучаецца высокай аператыўнасцю расследавання крымінальных спраў. Да таго ж з’яўляецца кузняй кампетэнтных кадраў для вобласці і рэспублікі ў цэлым. Так, былы начальнік РАСК Тофік Дзямешка зараз узначальвае Віцебскі гарадскі аддзел Следчага камітэта, туды ж перайшла следчы Ганна Козел. Нядаўна пераведзены на службу ва ўпраўленне СК па Віцебскай вобласці старшы следчы Ілья Грыгаровіч. Трохі раней пераехаў на службу ў Мінск старшы следчы Уладзімір Шарох.
Падтрымліваюцца сувязі з ветэранамі і былымі супрацоўнікамі службы: Уладзімірам Вішнеўскім і Вячаславам Галяком, якія ў свой час стаялі на чале аддзела, Віталіем Фурсевічам, Валерыем Русаком, Валерыем Навумчыкам – іх слушныя парады запатрабаваны і цяпер.
– Віншую ўсіх сваіх калег і ветэранаў працы з прафесійным святам і шчыра жадаю ім здароўя, поспехаў, сямейнага дабрабыту і асабістага шчасця, – сказаў Юрый Лаўрыновіч.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва РАСК.