Докшицкие леса богаты на чернику

S1490058Свята летняй ягады – чарніцы – “Салодкая ягада”, якое вось ужо другі год запар ладзіцца ў Бярэзінскім краі, распачалося з конкурсу “Чарнічны марафон”. У мінулую сераду паўдзельнічаць у ім з’ехаліся аматары лясных дароў прыроды з устаноў культуры раёна. Багацце мясцовага лесу на ягады і грыбы праверылі на сабе больш за пяцьдзясят удзельнікаў конкурсу. Назбіраць як мага болей кілаграмаў духмяных чарніц за адведзеныя пару гадзін – задача не з лёгкіх. Асабліва калі ты на палянцы не адзін. Лепш за ўсіх з заданнем справілася дырэктар Прудніцкага СДК Вольга Радзюк-Сідзіна. Трошкі менш ягад назбіралі майстар Дома рамёстваў Наталля Пятровіч і прудніцкі бібліятэкар Людміла Пярэдня. У іх, адпаведна, другое і трэцяе месцы. Прыемны сюрпрыз чакаў усіх удзельнікаў у Бярэзінскім клубе, дзе адбыўся працяг цудоўнага мерапрыемства. Нагуляўшы ў лесе апетыт, немагчыма было проста глядзець на разнастайнасць страў з чарніц, што былі выстаўлены для наступнага конкурсу – “Чарнічны мікс”. Начыненыя бліны, духмяныя пірагі і тарты – усяго не пералічыць, чым здзівілі руплівыя гаспадынькі. Сваім знешнім выглядам усіх адразу заваяваў салодкі ласунак начальніка Бярэзінскага аддзялення паштовай сувязі Людмілы Хоміч. Вось жа сапраўды “Чарнічная фантазія” (на здымку)! Менавіта гэта страва і стала пераможцай.
Работнікі Бярэзінскага СДК падрыхтавалі забаўляльную праграму, якая зарадзіла гледачоў пазітыўнымі эмоцыямі. “Гаспадыня лесу”, з роляй якой цудоўна справілася Паліна Пашкевіч, правяла пазнавальную віктарыну. З замілаваннем назіралі ўсе прысутныя за выступленнем маленечкіх дзяўчатак-чарнічак. Сваім майстэрствам дзяліліся з гледачамі ўдзельнікі канцэртнай праграмы: Мікалай Кургей, Святлана Лапцева, Алена Кургей, Іван Хоміч, Марыя Казакевіч, танцавальны калектыў СДК. Бурныя апладысменты суправаджалі выступленне гасцей канцэрту – калектыву “Чабарок” з Барсукоўскага СДК. Завяршыў мерапрыемства чарнічны банкет на ўвесь бярэзінскі свет.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *