Аппарат «Лимфо-мат», массажная кушетка… Перечень физиопроцедур в Докшицкой ЦРБ расширился

Святлана Кавалёнак праводзіць ампліпульстэрапію (уздзеянне сінусаідальнымі токамі).

Святлана Кавалёнак праводзіць ампліпульстэрапію (уздзеянне сінусаідальнымі токамі).

В физиотерапевтическом кабинете Докшицкой центральной районной больницы веет спокойствием. Нет особого волнения и тревог, ведь пациенты приходят сюда, когда острая фаза заболевания уже завершилась. Физиотерапия способствует скорейшему завершению лечения.

…Раніца, пад восем. У холе кабінета на канапе і мяккіх крэслах ужо чакаюць пацыенты. Ліецца лёгкая музыка з радыёпрыёмніка, па жаданні можна ўключыць тэлевізар. Тут жа абуладкавана зялёная зона з хатніх раслін. Створаная атмасфера дабратворна ўплывае на настрой наведвальнікаў.

Старшая медсястра па фізіятэрапіі Святлана Касцюковіч, медсёстры па фізіятэрапіі Святлана Кавалёнак і Вольга Конан аператыўна размяркоўваюць пацыентаў па кабінках і падключаюць да апаратаў паводле прызначэнняў урачоў.

Адна з новых паслуг аказваецца пры дапамозе набытага сёлета карэйскага апарата “Лімфа-мат” з чатырма рэжымамі: для масажу, лімфадрэнажу, прэсатэрапіі і прафілактыкі.

Святлана Касцюковіч рыхтуе пацыентку да працэдуры на новым “Лімфа-маце”.

Святлана Касцюковіч рыхтуе пацыентку да працэдуры на новым “Лімфа-маце”.

– Апарат прызначаны для неінвазіўнага лячэння і папярэджання вянозных парушэнняў і ўскладненняў, забеспячэння нармальнага кровазвароту і лімфатоку, – тлумачыць галоўны ўрач ЦРБ Вераніка Рамановіч. – Сярод паказанняў для прымянення – хранічная вянозная недастатковасць і хуткая стамляльнасць ног, ацёкі рознага паходжання, неўрапатыя, неўралгія, цэлюліт, атлусценне. Ёсць і шэраг супрацьпаказанняў: трамбоз, інфекцыйныя і іншыя захворванні. “Лімфа-мат” стварае пнеўматычную кампрэсію, імітуе мышачныя скарачэнні. У выніку паляпшаюцца лімфа- і крывацёк, кровазабеспячэнне, абмен рэчываў, эластычнасць скуры, устараняюцца застойныя з’явы. Прэсатэрапія расслабляе, пасля сеансу з’яўляецца прыемная лёгкасць ва ўсім целе.

Фізіятэрапія аднаўляе фізічныя здольнасці, здароўе і вынослівасць чалавека з найменшай нагрузкай на арганізм. Яна бяспечная, добра спалучаецца з іншымі метадамі лячэння і можа прымяняцца ў любым узросце. Кожны фізіятэрапеўтычны фактар аказвае свой уплыў. Ультрагук, напрыклад, робіць мікрамасаж тканак і актывізуе біяхімічныя працэсы. Аднак, апроч спецыфічных эфектаў, усе фізіятэрапеўтычныя метады выклікаюць агульныя рэакцыі адаптацыі арганізма. Да іх адносяцца павышэнне ахоўных сіл, паляпшэнне кровазвароту, паскарэнне рэгенерацыі тканак і змяншэнне боляў.

Вартасць працэдуры адзначыла і адна з пацыентак:

– “Пнеўмакампрэсіённымі панчохамі” карысталася калісьці ў санаторыі, а цяпер гэту цудоўную паслугу можна атрымаць і ў Докшыцах – дзякуй бальніцы за такі клопат пра пацыентаў. Рэкамендую працэдуру ўсім, каго непакоіць здароўе ног, яна прыносіць палёгку як падчас сеансу, так і пасля яго.

У якасці прыкладу эфектыўнасці апарата старшая медсястра ўзгадвае выпадак з жанчынай, у якой быў пералом галёнкаступнёвага сустава:

– Зняць ацёк дапамагла пацыентцы нават адна працэдура! Жанчына вачам сваім не паверыла, што можа быць такі вынік. Шчыра радаваліся за яе ўсім кабінетам.

Яшчэ адна з навінак – масажная кушэтка. Купленая ў мінулым годзе, яна ўжо паспела заваяваць прыхільнасць дакшычан. Выкарыстоўваецца пры лячэнні захворванняў апорна-рухальнага апарата, захворванняў нервовай, цэнтральнай, а таксама сардэчна-сасудзістай сістэм, для ўмацавання імунітэту.

Рэлакс на масажнай кушэтцы.

Рэлакс на масажнай кушэтцы.

Назіраем, як працэдуру праводзяць маладому чалавеку. Па зададзенай праграме пачынаецца вібрацыя кушэткі, якая ролікамі ўздзейнічае на спіну пацыента. На першы погляд здаецца, што выразныя хвалепадобныя рухі прыносяць яму дыскамфорт, але хлопец адмятае ўсе сумненні:

– Нязвыклыя адчуванні, таму напачатку ўзнікае невялікае напружанне. Але чым далей, тым больш расслабляешся. Сапраўдны рэлакс.

Зразумела, кабінет прадастаўляе паслугі і па ручным масажы. Яго праводзяць масажысткі Таццяна Варэннікава, Жанна Гушчык, Жанна Бялюк і тэхнікі-масажысты Эдуард Далжук і Паліна Палтаран, малады спецыяліст. Іх работу жыхары раёна цэняць за высокую якасць, таму масажы шырока запатрабаваны.

Масаж выконвае Эдуард Далжук.

Масаж выконвае Эдуард Далжук.

Сярод іншых найбольш папулярных фізіяпрацэдур – лекавы электрафарэз (увядзенне лекаў у арганізм з дапамогай электрычнага току), магнітатэрапія, ультрафонафарэз (уздзеянне на арганізм ультрагукам і нанесеным на скуру ці слізістыя абалонкі лякарствам), інгаляцыі.

Карыстаюцца попытам УВЧ (уздзеянне электраполем ультравысокай частаты), СМХ-тэрапія (прымяненне электрамагнітных хваль сантыметровага дыяпазону), парафіна- і азакерыталячэнне, святлодыёдная тэрапія і іншыя.

Карыстаюцца папулярнасцю апараты для інгаляцыі.

Карыстаюцца папулярнасцю апараты для інгаляцыі.

Працэдуры па дарсанвалізацыі (уздзеянне на арганізм пераменным высокачастотным імпульсным токам высокага напружання і малой сілы), ультрафонафарэз і лазератэрапія патрабуюць непасрэднай прысутнасці медсястрычак каля пацыентаў на працягу ўсяго сеансу, таму праца заключаецца не толькі ў падключэнні-выключэнні апаратаў. Наогул работнікі кабінета цэлы дзень на нагах.

– Фізіятэрапіі прысвяціла ўсё сваё прафесійнае жыццё і моцна люблю гэту работу, – прызнаецца старшая медсястра з 35-гадовым стажам Святлана Касцюковіч, якая ўвесь гэты час дабіраецца ў ЦРБ з Крулеўшчыны. – Калі бачыш, як выздараўлівае чалавек, як уздымаецца яго настрой, адчуваеш значнасць сваёй працы. У такія моманты хочацца яшчэ больш падбадзёрыць, падтрымаць пацыентаў.

Медсястра Святлана Кавалёнак таксама з вопытам – працуе тут каля паўтара дзясятка гадоў. Вольга Конан прыйшла толькі ў маі, але ўжо паспяхова ўлілася ў згуртаваны калектыў.

У фізіятэрапеўтычным кабінеце чысціня і парадак, гэтаму садзейнічаюць санітарачкі Марына Гільніч, Марына Яцкоўская і Галіна Мікіцевіч.

…Дзень блізіцца да 16.00 – канца прыёму пацыентаў. Сёння, як і заўжды, было людна, але чэргі хутка рассейваліся дзякуючы ўмелай арганізацыі работы. Дарэчы, кабінет працуе без перапынкаў. І нават у суботу – з 8.00 да 13.00. Так што гайда ўмацоўваць здароўе! Але перш – на кансультацыю да ўрача, бо ў фізіятэрапію можна трапіць толькі па накіраванні.

Працэдуры ў фізіятэрапеўтычным кабінеце ЦРБ аказваюцца на платнай і бясплатнай аснове. Цэны даступныя.
Разам з новай апаратурай паспяхова выкарыстоўваецца і абсталяванне ранейшых гадоў выпуску – яно своечасова праходзіць тэхнічнае абслугоўванне. А ў планах бальніцы абнаўляць у будучым матэрыяльна-тэхнічную базу кабінета.

У холе фізіякабінета.

У холе фізіякабінета.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *