Руководителем военно-патриотического воспитания в СШ № 2 г. Докшицы работает майор внутренней службы в отставке

Алег Камінскі са школьнай сцяганоснай групай, якую рыхтуе да ўрачыстых мерапрыемстваў.

Олег Каминский со школьной знамённой группой, которую готовит к торжественным мероприятиям.

СЕГОДНЯ — ДЕНЬ УЧИТЕЛЯ

Майор внутренней службы в отставке Олег Каминский устроился на работу в СШ № 2 г. Докшицы имени У. Ф. Кришталевич три года назад. За это время руководитель по военно-патриотическому воспитанию окончил Академию последипломного образования и подтвердил педагогическую квалификацию рядом достижений своих воспитанников.

Не думаў Алег Іванавіч, што калі-небудзь працягне настаўніцкую дынастыю (у школе працавала мама, па яе слядах пайшоў брат), у юнацтве яго вабіла “не на зямлі быць”, як сам жартуе: водны транспарт і авіяцыя. У выніку скончыў авіяцыйна-тэхнічны каледж, дзе навучаўся на ваеннай кафедры, аднак па спецыяльнасці ўладкавацца не было магчымасці, як і ў пераважнай колькасці аднакурснікаў, – такі быў час. Вярнуўся дадому і паступіў на службу ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

Напружаны графік, баявая гатоўнасць, рызыка для жыцця – прафесія выратавальнікаў-пажарных з’яўляецца адной з найбольш небяспечных і складаных. Яна фарміруе высокую дысцыплінаванасць, загартоўвае характар. Калі першапачатковыя цяжкасці былі пераадолены, Алег зразумеў, што гэта праца захопіць яго на доўгія гады, бо ратаваць людзей – высакародная справа. Так і сталася: паралельна са службай Алег Іванавіч скончыў Універсітэт грамадзянскай абароны МНС і ў цэлым адрабіў 24 гады. Працаваў начальнікам каравула і пажарнай часці, намеснікам начальніка аддзела, адказваў за баявую і фізічную падрыхтоўку выратавальнікаў, апошнія тры гады займаў пасаду намесніка начальніка Талачынскага РАНС. У яго асабістым арсенале медаль «За бездакорную службу» III ступені і іншыя ўзнагароды.

І вось такі смелы, мужны чалавек, які ў прамым і пераносным сэнсе прайшоў агонь і ваду, уступіў у педагагічныя рады, каб сеяць разумнае, добрае, вечнае.

– Адразу было няпроста, – прызнаецца. – Усё ж існуе немалая розніца паміж кіраваннем байцамі, якія беспярэчна падпарадкоўваюцца загаду, і дзецьмі, што патрабуюць далікатнага падыходу.

Але, як паказаў час, можна было не хвалявацца: усё атрымалася. Алег Іванавіч з цікавасцю выкладае дапрызыўную падрыхтоўку, факультатывы “Гатовы Радзіме служыць” і “Юныя інспектары дарожнага руху”, фізкультуру, вядзе выхаваўчую работу па адпаведным кірунку, рыхтуе школьныя каманды да ўдзелу ў конкурсах, знаходзіць паразуменне з калегамі і вучнямі.

Як былы ваенны, патрабуе строгага парадку і дакладнага выканання пастаўленых задач. Мэтанакіравана рыхтуе юнакоў да будучай тэрміновай воінскай службы, стымулюючы да фізічных заняткаў, дадатковай стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі ў школьным ціры. Адзначае вартасць ваенна-палявых збораў для дзесяцікласнікаў, асабліва ў казарменных умовах – для гэтага некалькі гадоў у раёне выкарыстоўваўся лагер “Бярозка”.

– Юнакі, пражываючы і займаючыся разам з дня ў дзень, адчуваюць падтрымку таварышаў, вучацца каманднай рабоце, – дзеліцца назіраннямі Алег Іванавіч. – У наш нестабільны век неабходна нацэльвацца на абарону Айчыны, адстойваць нацыянальныя інтарэсы, выхоўваць у маладога пакалення патрыятычны дух.

Сам настаўнік – унук непрымірымага барацьбіта за родную зямлю супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, таму праводзіць патрыятычную работу ад шчырага сэрца. Яго дзядуля Іван Камінскі, ураджэнец Бягомля, ваяваў у знакамітай брыгадзе «Жалязняк» і быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За перамогу над Германіяй» і «Партызану Айчыннай вайны». Алег добра памятае самы важны дзядулеў наказ цаніць мір і вучыць гэтаму дзяцей.

Асабліва ярка праявіўся талент педагога ў падрыхтоўцы школьнікаў да раённых, абласных і рэспубліканскіх патрыятычных конкурсаў. Так, каманда “Юнга” два гады запар выйшла на рэспубліканскі ўзровень у спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”: сёлета стала бронзавым прызёрам фінала, летась была пятай. Каманда “Захавальнікі дарожных правіл” у мінулым годзе была першай на раённым этапе конкурсу юных інспектараў руху і чацвёртай у вобласці. Каманда “Айвенга” ў мінулым годзе заняла першае месца на занальным узроўні ў конкурсе юных выратавальнікаў і пажарных і чацвёртае – у вобласці. Важкі ўклад у перамогі вучняў унеслі таксама настаўнікі Аксана Наумец, Вікторыя Ждановіч, намеснік дырэктара школы Вольга Карніловіч.

– У галіне адукацыі працуюць прафесіяналы, ідэйныя спецыялісты, для якіх галоўнае – перадаць веды і свой жыццёвы вопыт новым пакаленням, – робіць высновы Алег Камінскі. – Гэта ў многім менавіта ад іх залежыць, якой будзе наша будучыня. Таму я рады ўліцца ў гэты працэс і таксама падарыць дзецям часцінку сваёй душы.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *