Почти полувековой стаж в одной профессии, в одном хозяйстве у Василия Воронковича из агрогородка Торгуны

Васіль Варанковіч з узнагародамі.

Васіль Варанковіч з узнагародамі.

На днях оператор по искусственному осеменению скота молочно-товарных ферм «Тумиловичи» и «Нестеровщина» ОАО «Торгуны» Василий Воронкович принимал поздравления коллег, родных, друзей со значительным событием в жизни. За многолетний добросовестный труд и высокие производственные показатели Василий Александрович удостоен медали «За трудовые заслуги». Награду ему в столичном Дворце Независимости вручил Президент Республики Беларусь Александр Лукашенко.

У лютым нашаму герою споўніцца семдзесят. А за плячыма – ледзь не паўвекавы стаж у адной прафесіі, у адной гаспадарцы, якая, канешне, за такі адрэзак часу мяняла назвы і фармат. Такім чынам пачынаў свой працоўны шлях Васіль Аляксандравіч у калгасе “Зара камунізму” ў далёкім 1977 годзе. Гэта зараз пад яго апекай 600 галоў дойнага статку, а раней, кажа, і да 1500 даходзіла і плюс яшчэ цялушкі.

– Цяжка ў вучэнні, лёгка ў баі, – жартуе суразмоўца, прыгадваючы сваё станаўленне як спецыяліста. – Напачатку і рукі моцна балелі, і спаць не мог, перажываючы за вынікі. Пасля ж з набытым вопытам прыйшлі ўпэўненасць у сваіх сілах, спакой і майстэрства. Ну і паказчыкі дастойныя адпаведна. У справе асемянення, як, у прынцыпе, увогуле ў жывёлагадоўлі, не ўсё залежыць ад цябе самога – на канчатковы вынік уплывае мноства фактараў, напрыклад, своечасовае выяўленне жывёлы ў ахвоце. Усе мы – вінцікі складанага механізму, і, каб ён працаваў належным чынам, кожны вінцік павінен круціцца як след. Толькі тады можна спадзявацца на поспех.

Колькі гадоў таму даводзілася назіраць, як працуе Васіль Аляксандравіч – спрытна, акуратна, дакладна – ніводнага лішняга руху, хутка і з надзвычайнай лёгкасцю, хаця праца яго зусім не лёгкая. Энергіі гэтага сціплага, але вельмі абаяльнага чалавека можна толькі пазайздросціць: мала таго, што прафесія патрабуе пастаяннага руху, што дома да гэтага часу трымаюць з вернай паловай Надзеяй Уладзіміраўнай гаспадарку, дык ён яшчэ і са спортам сябруе – кожны дзень зарадка, кожны дзень падцягванне на турніку. Цікавімся планамі на бліжэйшыя гады.

– Здароўе дазволіць – папрацую яшчэ, – бадзёра запэўнівае. – Пакуль што адной хатняй нагрузкі малавата. Вунь нядаўна ў водпуску быў, дык перарабіў усё, што можна, і ўжо не мог дачакацца выхаду на работу. Не ўяўляю жыццё без працы, бо ляжанне на канапе перад тэлевізарам для мяне смерці падобна.

Васіль Аляксандравіч памятае свой першы працоўны заробак – ужо ў пятым класе пайшоў працаваць у калгас. “Я на тыя грошы купіў сабе вельмі модныя і дарагія штаны-клёш, якіх не было нават у многіх старэйшых хлопцаў. Бацькі мне іх адмаўляліся купляць, аргументуючы, што яшчэ малы, а я вось паставіў сабе такую мэту і дасягнуў яе, а разам з тым асэнсаваў: будзеш шчыра працаваць, будзеш і мець са сваёй працы”, – адзначае суразмоўца. “Як станеш ад тых штаноў свой стаж лічыць, дык і пад шэсцьдзясят гадоў набярэцца”, – каментуе аповед мужа Надзея Уладзіміраўна, і абое смяюцца. Калі ж сур’ёзна, то Васіля Варанковіча можна па праве лічыць чалавекам паспяховым: павага ў гаспадарцы, работа, у якой дасягнуў майстэрства, дастойны лад жыцця, прыклад для любячых дачок і ўнукаў, надзейная апора для не менш любячай жонкі, пазітыўнае светаўспрыманне. Усё гэта называецца яшчэ і шчасцем.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *