Вкусные новинки появляются в перечне выпускаемой продукции «Докшицкого хлебозавода»
Свой профессиональный праздник – День работников АПК и перерабатывающей промышленности-коллектив Докшицкого хлебозавода встречает с хорошими приобретениями: новыми разработками собственной продукции, прибылью и, конечно, планами на следующий год.
Здаўна духмяны докшыцкі хлеб славіцца сваім непаўторным смакам. Палюбілася пакупнікам і іншая прадукцыя завода – кандытарскія вырабы і ўжо многім вядомыя кукурузныя палачкі “Дамавічок Кузя”.
– У сярэднім за суткі мы выпускаем каля 4,5 тоны хлебабулачных вырабаў і 200 кілаграмаў кандытарскіх, – гаворыць начальнік лабараторыі прадпрыемства Святлана Чурко. – Прадукцыю з Докшыц можна ўбачыць на прылаўках фірменных і сеткавых крам. На працягу апошніх дзесяці гадоў хлебабулачныя вырабы пачалі вазіць у Мінск, Лагойск, Плешчаніцы, Маладзечна і Смалявічы. Заявілі пра сябе таксама на Гродзеншчыне – у Смаргоні і Астраўцы. На гэтым спыняцца не збіраемся, разглядаем новыя рынкі збыту.
Летась завадчане набылі ў лізінг новенькую аўтакраму. Фургон курсіруе па розных маршрутах і абслугоўвае жыхароў Бярозак, Валкалат, Гняздзілава, Несцераўшчыны. Дарэчы, у краме на колах асартымент тавараў досыць шырокі і ён прадстаўлены не толькі ўласнай прадукцыяй. А літаральна месяц таму хлебазавод адкрыў яшчэ адну гандлёвую кропку – краму “Прадукты” на месцы былога буфета ў бальніцы.
– За 10 месяцаў бягучага года прадпрыемствам выпушчана 1350 тон хлебабулачных і 44 тоны кандытарскіх вырабаў, што складае 109,8 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года, – падводзіць вынікі зробленага вядучы эканаміст Кацярына Ючкавіч. – За дзевяць месяцаў атрымана 9000 рублёў чыстага прыбытку.
Калі гаварыць пра навінкі прадукцыі, то за апошні час былі распрацаваны тры найменні хлебабулачных вырабаў з падоўжаным шасцісутачным тэрмінам. Пакупнікі змаглі таксама ацаніць смакавыя якасці хлеба “Вытокі” і “Вёсачка”, якія сёлета з’явіліся ў продажы. Да любога святочнага стала ласунам прапануецца новы дэсерт – тарты “Ноч у Парыжы” і “Салёная карамель”.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

