Заместитель директора ФСК «Урожай» Татьяна Ярошевич главным достоянием считает благодарность людей

Без имени-1

Тыя, хто ведае намесніка дырэктара ФСК “Ураджай” Таццяну Ярашэвіч, адразу вылучаюць яе жыццярадаснасць і пазітыў. Пры гэтым абавязкова заўважаюць, што Таццяна Іванаўна шчырая, душэўная і вельмі сімпатычная жанчына. Спартсменка, камсамолка і проста прыгажуня – якраз пра яе. Лёгкасць у зносінах з людзьмі і бязмежная любоў да справы, якой яна прысвяціла больш за трыццаць гадоў, сёлета адзначаны ганаровым званнем “Лепшы работнік сферы паслуг” з занясеннем імя Таццяны Ярашэвіч на раённую Дошку гонару.

З мэтай па жыцці

Родам Таццяна з Крулеўшчыны. Калі скончыла першы клас, сям’я па волі лёсу пераехала ў вёску Верацейка Крыпульскага сельсавета, на радзіму бацькі.

– Адкуль любоў да спорту? Нават не ведаю, – разважае суразмоўца. – З дзяцінства была вельмі жвавая. Скінуць назапашаную энергію якраз дапамагалі ўрокі фізкультуры. Настаўнікам у Гняздзілаўскай васьмігодцы была Святлана Міхайлаўна Касцюк. Асабіста для мяне яна стала ўзорам сапраўднай жанчыны: прыгожая, статная, моцная, упэўненая. Хацелася быць падобнай на яе. Таму на заняткі ішла з вялікай ахвотай. З задавальненнем бегала, скакала, хадзіла на лыжах, гуляла ў валейбол і футбол. Прасцей сказаць, якія толькі віды спорту не спрабавала. Магчыма тады ў мяне з’явілася галоўная мэта – стаць выкладчыкам фізкультуры. Увасобіць мару ў рэальнасць больш магчымасцей з’явілася, калі пасля заканчэння васьмігодкі перайшла ў докшыцкую сярэднюю школу, дзе пазнаёмілася з настаўнікам фізкультуры Пятром Іванавічам Шылавічам. Гэта менавіта той чалавек, якому бясконца ўдзячна за падтрымку і навучанне. Ён мяне адпраўляў на розныя спаборніцтвы. Памятаю, як снежнай зімой нават прыехаў за мной дамоў на сваім “Запарожцы”. Сумёты былі высачэзныя! Машына захрасала – прыходзілася выпіхваць. Але мне трэба было адстойваць гонар школы на лыжных гонках. І ў нас усё атрымалася.

Акрамя ўрокаў фізкультуры, былі ў Таццяны і трэніроўкі ў Докшыцкай ДЮСШ. Для паступлення ў інстытут фізічнай культуры патрабавалася мець спартыўны разрад і судзейскую практыку, што яна і атрымала дзякуючы заняткам лёгкай атлетыкай ва Уладзіміра Калягі. І сёння з радасцю ўспамінае тыя шчаслівыя эмоцыі, якія перапаўнялі ад атрыманага выкліку на вучобу. Чатыры гады студэнтка інстытута фізічнай культуры – і вось яна ўжо настаўнік фізкультуры роднай Гняздзілаўскай школы.

Верная мары

Сваё сямейнае шчасце Таццяна таксама знайшла ў Гняздзілаве: выйшла замуж за мясцовага хлопца, стала мамай дваіх сыноў. У 2010 годзе ўзначаліла Гняздзілаўскую БШ, дырэктарам якой была да закрыцця ўстановы. Але і ўвесь гэты час заставалася вернай спорту. Менавіта бязмежная любоў да яго прывяла Таццяну Ярашэвіч у водна-аздараўлечны цэнтр, у якім у 2017 годзе яна арганізавала заняткі груп па пілатэсе і аквааэробіцы для людзей розных узростаў. Трэніроўкі адразу знайшлі сваіх прыхільнікаў – яны на працягу амаль дзесяці гадоў з задавальненнем ідуць патанчыць у вадзе, а бонусам – умацаваць мышцы і развіць гнуткасць. Нягледзячы на штодзённую шматгадзінную занятасць, Таццяна заўсёды сустракае сваіх даўно ўжо сяброў, а не кліентаў усмешкай. Абавязкова падбадзёрыць словам. Падчас трэніроўкі яна паспявае не толькі дэманстраваць патрэбныя рухі, а яшчэ і падпяваць. Дарэчы, музыка – гэта яе захапленне.

І на п’едэстале, і на сцэне

Таццяна Ярашэвіч з’яўляецца ініцыятарам стварэння вакальнай групы “Весялуха” Гняздзілаўскага СДК, якая многія дзесяцігоддзі радуе сваім выступленнем не толькі жыхароў Крыпульскага сельсавета. Самадзейныя артысткі пастаянна ўдзельнічаюць у раённым конкурсе “Таленты Докшыччыны”, спяваюць на святах і фестывалях.

– Лічу, што песня і спорт – гэта дзве моцныя крыніцы матывацыі і энергіі, – гаворыць Таццяна. – І адно, і другое патрабуюць дысцыпліны, трэніровак ці рэпетыцый для дасягнення высокіх вынікаў. Асабліва люблю беларускія народныя песні. У іх такая бязмежная моц – усё тое, што трэба і спартсмену.

Сваім прыкладам

Лёгкая на пад’ём, Таццяна Ярашэвіч па сённяшні дзень – актыўны ўдзельнік разнастайных спартыўных мерапрыемстваў. Сярод дыпломаў і медалёў ёсць узнагароды за лепшыя паказчыкі ў плаванні, лыжных гонках, валейболе, гіравым спорце і многім іншым. Але галоўным здабыткам у жыцці наша гераіня лічыць падзяку людзей, якія побач. Бляск у вачах маленькіх вучняў Барсукоўскай БШ, дзе зараз выкладае свой любімы школьны прадмет – фізкультуру. Прагу да актыўнага ладу жыцця ў пастаянных наведвальнікаў яе спартыўных трэніровак у ФСК “Ураджай”. Арганізатарскія здольнасці дапамагаюць быць лідарам у калектыве, у якім Таццяна з’яўляецца адказнай за ідэалагічную работу.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *