Телятница ОАО «Торгуны» Елена Корнилович: «Все, что делается с любовью, даёт хорошие результаты»

Алена Карніловіч з цялушкай Фросяй.

Алена Карніловіч з цялушкай Фросяй.

Па выніках мінулага года лепшым аператарам па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы з занясеннем імені на раённую Дошку гонару прызнана Алена Карніловіч, якая працуе на МТК “Таргуны” ААТ “Таргуны”.

Неаднойчы прыходзілася пісаць пра жанчын, якія даглядаюць цялят, і з упэўненасцю можна сказаць, што ўсіх іх яднаюць своеасаблівая мяккасць характараў, дабрыня і прыязнасць, цёплыя агеньчыкі, якія загараюцца ў вачах, калі заходзіць размова пра іх гадаванцаў. Алена Мікалаеўна менавіта такая – побач з ёю цёпла і ўтульна з першых хвілін знаёмства.

У сельскай гаспадарцы жыхарка вёскі Тумілавічы ажно з 1995 года. Можна сказаць, прадаўжальніца дынастыі: перадавікамі ў “Таргунах” былі яе тата Мікалай Юльянавіч і дзядзька Аляксандр Юльянавіч Карніловічы, адпаведна механізатар і брыгадзір. Зусім юнай дзяўчынай пачынала свой працоўны шлях на свінаферме ў вёсцы Сценка. Гэта было выдатнае “баявое хрышчэнне”, і праз некалькі гадоў Алена, як кажуць, без страху і сумненняў, перайшла на МТФ “Тумілавічы”, дзе адразу стала працаваць на вельмі адказным участку – прыняла групу раздою.

Наша мілавідная суразмоўца таленавітая і ў іншай сферы: яна выдатна гатуе. Калі адчынілася сталовая сельгаспрадпрыемства ў Тумілавічах, ёй прапанавалі пайсці туды кухарам. Не адзін год займалася любімай справай, пасля і загадчыцай сталоўкі стала. Але ўсё цячэ, усё мяняецца. Сталовая “пераехала” ў Таргуны, а Алена Мікалаеўна ўжо паўтара года як прымерала на сябе новы статус.

– Адразу зразумела: гэта маё! – дзеліцца. – Люблю сваю малышню бязмерна. Кожнае цялятка, хоць можа падацца, што гэта занадта гучнае выказванне, праходзіць праз маё сэрца. Я ж іх прымаю адразу пасля нараджэння і даглядаю да двух з паловай месяцаў. Яны як дзеткі – даверлівыя, пужлівыя, гарэзлівыя, вельмі чуйна адклікаюцца на любоў і клопат. Цяжка расставацца з імі – прыкіпаеш душой да кожнага.

Памяшканне, у якім Алена Карніловіч даглядае больш за сотню сваіх малышоў, пабудавана ў мінулым годзе. Жанчына з радасцю і гордасцю гаворыць: умовы ўтрымання цялят такія, што не падкапаешся. Ды гэта і відавочна. Задавальняе і графік работы, і зарплата. Камфортна ў калектыве. А калі справа любімая, дык што яшчэ чалавеку трэба?

Алена Мікалаеўна да ўсяго шматдзетная маці. Двое дзяцей ужо дарослыя, самастойныя, а расквечвае маміна жыццё другакласнік Ігнацік. У вольны час Лена з задавальненнем гатуе, асабліва выпечку, і вяжа. Само сабой зразумела, ёсць хатняя гаспадарка. Не намі адкрыта: усё, што робіцца з любоўю, абавязкова дае добрыя вынікі. На прыкладзе Алены Карніловіч гэта бачна дакладна.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *