Более десяти лет старейшиной деревни Макаровичи является Леокадия Михалевич. Недавно женщине исполнилось 84 года

IMG_0025 с

 Леакадзія Іосіфаўна Міхалевіч з вёскі Макаравічы Сітцаўскага сельсавета некалькі дзён таму адзначыла свой 84-ы дзень нараджэння. Павіншаваць са святам любімую матулю і бабулю з’ехаліся родныя. Было ўсё: і пацалункі, і моцныя абдымкі, і самыя шчырыя словы падзякі за тыя любоў і клопат, якімі яна на працягу жыцця атуляла сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў і працягвае гэта рабіць.

Разам з мужам Браніславам Гаўрылавічам, які, на жаль, 16 гадоў таму пайшоў з жыцця, наша гераіня выхавала чатырох сыноў і дачку. За гэта ў свой час была адзначана дзяржаўнай узнагародай – ордэнам Маці.

– Жыву адна, аднак адзінокай сябе не адчуваю, – гаворыць Леакадзія Іосіфаўна. – Усе дзеткі, дзякуй богу, выраслі дастойнымі людзьмі. Для мяне яны, а таксама ўнукі з’яўляюцца самай надзейнай падтрымкай і апорай. Канешне, усе абзавяліся сваімі сем’ямі, але прыязджаюць часта. І ў хату дроў прынясуць, і падлогу ператруць, і агарод дапамогуць пасадзіць, карацей, зробяць усё, што трэба па гаспадарцы.

Падчас размовы з Леакадзіяй Іосіфаўнай заўважаем на стале цюльпаны.

– Кветкі напярэдадні 8 Сакавіка прывезла старшыня Сітцаўскага сельскага Савета дэпутатаў Наталля Мечыславаўна Каляда, – тлумачыць бабуля. – З ёй завіталі таксама і работнікі мясцовага дома культуры, якія парадавалі песнямі. Увогуле, прадстаўнікі ўлады пра нас не забываюць. Наведваюцца не толькі ў свята, цікавяцца праблемамі вяскоўцаў, прапануюць сваю дапамогу, калі яна патрэбна.

Нягледзячы на свой даволі паважаны ўзрост, Леакадзія Іосіфаўна з’яўляецца старэйшынай вёскі. Гэту пачэсную грамадскую пасаду ёй даверылі больш за дзесяць гадоў таму.

– Даўней у Макаравічах было шмат людзей, а зараз засталіся толькі чатыры чалавекі – я і тры кавалеры, – з усмешкай гаворыць бабуля пра мужчын-аднавяскоўцаў. – Таму неабходнасць вырашаць якіясьці пытанні амаль што адпала. Ды ўвогуле мы не пакрыўджаны. Ліхтары на вуліцы гараць, дарогу, калі выбіваецца, падсыпаюць. Прадуктамі забяспечвае аўтакрама, якая прыязджае два разы на тыдзень. Грэх скардзіцца.

Дзеці і ўнукі Леакадзіі Іосіфаўны жывуць клопатам не толькі аб сваёй матулі. Важным лічаць заўсёды памятаць свае карані, любіць малую радзіму. Вось і нядаўна ў роднай вёсачцы дружныя Міхалевічы ўстанавілі новы паклонны крыж, акультурылі гэта месца. Яго лічаць святым. Таму, калі прыязджаюць у бацькоўскую хату, не мінаюць, а абавязкова падыходзяць да абярэга – кожны са сваёй малітвай.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *