Под парусом любви и уважения живут супруги Иван и Валентина Барздыко из агрогородка Берёзки

IMG_2424 с

З вядомым выразам пра сямейную лодку, якая разбіваецца аб рыфы быту, сужэнцы Іван і Валянціна Барздыкі з аграгарадка Бярозкі не згаджаюцца. Справядліва лічаць, што ўсе бытавыя і ўвогуле жыццёвыя цяжкасці – а без іх ні ў адной сям’і не абыходзіцца – пераадольваюцца, калі тая самая вобразная лодка рухаецца пад ветразямі любові, павагі, узаемаразумення.

– А яшчэ і муж, і жонка павінны быць цярплівымі, памяркоўнымі і працавітымі, – робіць дадатак да формулы шчаслівага шлюбу Валянціна Віктараўна.

– І не толькі ўмець дараваць, але і ўмець не крыўдзіць, – ставіць фінальную важкую кропку Іван Віктаравіч.

Бадай, лепш не скажаш. Маючы за спінамі сорак тры гады сумеснага жыцця, спадары Барздыкі дзейснасць гэтай “формулы”, выведзенай і замацаванай дзясяткамі пакаленняў продкаў, змаглі ў поўнай меры праверыць на сабе і пераканацца: правільная!

Яны пазнаёміліся ў 1982 годзе. Валя, ураджэнка Барсукоў, уладкавалася на працу ў бярозкаўскі камбінат бытавога абслугоўвання швачкай, а Іван вярнуўся дадому пасля службы ў арміі. Паміж маладымі людзьмі ўспыхнула тая самая іскра, з якой разгараецца полымя пачуцця.

– Не прыглядаліся адзін да аднаго колькі гадоў, не ўзважвалі ўсе “за” і “супраць”, – гаворыць Іван Віктаравіч. – Чаго там прыглядацца? Добра разам, хочацца быць побач з чалавекам – вось табе і галоўны аргумент.

– Ага, у наступным годзе і пажаніліся, – ківае з усмешкай Валянціна Віктараўна, уздыхае: – Так хутка гады праляцелі, дзеці выраслі, мы ўжо дзед з бабуляй… А здаецца, зусім нядаўна была і тая першая сустрэча, і вяселле наша.

Цікавімся: калі б была магчымасць вярнуцца ў тыя маладыя гады, адкруціць плёнку жыцця назад, што б памянялі? Сужэнцы пераглядаюцца і ў адзін голас: нічога. І за гэтым кароткім словам хаваецца азначэнне вялікага чалавечага шчасця.

Нашы новыя знаёмыя – гаспадарлівыя і працавітыя людзі, якія бачаць радасць у звычайных хатніх клопатах, мелі павагу ў рабочых калектывах, маюць яе сярод аднавяскоўцаў. Галава сям’і, як сам жартуе, усё жыццё круціў баранку – быў вадзіцелем спачатку ў мясцовым саўгасе, затым ажно два дзесяцігоддзі ў Бярозкаўскім лясніцтве. Яго верная палова род дзейнасці памяняла толькі аднойчы: са швачкі перакваліфікавалася ў нянечку і шмат гадоў з задавальненнем працавала ў мясцовым дзіцячым садзе. Шыццё, між тым, не закінула – і для сваёй сям’і шые і зараз, і калі хтосьці папросіць не адмаўляе.
Гаспадарку, канешне ж, трымалі ў свой час немалую? – вядзём далей размову. “І зараз трымаем!” – бадзёра адказваюць.

– Гэта я люблю ў вольную часіну з вудачкай пасядзець, – зазначае Іван Віктаравіч, – а Валю дык не ўтаймаваць. Вунь, паглядзіце, ужо сяброўкі падышлі з палкамі – зараз гадзіны на дзве скандынаўскім ходам недзе за вёску пададуцца. Ім бы яшчэ крычалку якую прыдумаць, больш бы крок чаканіўся, – смяецца, і Валянціна Віктараўна таксама не ўтрымліваецца ад смеху.

Так і сфатаграфавалі гэту цудоўную сямейную пару – сонечным сакавіцкім днём з гаспадынінымі сяброўкамі-аднавяскоўкамі перад стартам іх чарговага паходу па здароўе, якога і жадаем усёй кампаніі на доўгія гады.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *