Безопасность детей в интернете — обязанность родителей. Разъяснения дали в прокуратуре Докшицкого района
Пра змяненні ў Законе «Аб правах дзіцяці» расказвае пракурор раёна Ян Сасноўскі.
– Ян Іванавіч, у чым заключаецца сутнасць новаўвядзенняў?
– Для дзяржавы абарона дзяцей – заўжды ў прыярытэце. Апошнія змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці», якія ўступілі ў сілу 17 студзеня 2026 года, накіраваны на ўзмацненне бяспекі дзяцей і адказнасці дарослых. Напрыклад, вялікую актуальнасць мае абарона дзяцей ад інтэрнэтаўскай інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю. Цяпер гэты абавязак ускладзены на бацькоў. Дзяржаўныя органы, іншыя кампетэнтныя арганізацыі абавязаны кансультаваць дарослых у гэтым кірунку. Замацаваны і іншыя абавязкі бацькоў і апекуноў: забяспечваць не толькі адукацыю і развіццё дзяцей, але і прывіваць ім павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі.
Дзяржава робіць стаўку на выхаванне дзіцяці менавіта ў сям’і і абавязуецца аказваць адрасную сацыяльную дапамогу, прадастаўляць пэўныя льготы.
Абноўлены нормы па забеспячэнні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, медыцынскімі вырабамі.
Палепшана падтрымка дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Што яшчэ цікава, уведзена забарона на распаўсюджванне цацак – герояў камп’ютарных гульняў і фільмаў без прысваення знака ўзроставай катэгорыі.
– Разам з тым прапісаны новыя абавязкі і для саміх дзяцей…
– Так, у Законе замацавана, што дзеці абавязаны выконваць законы дзяржавы, клапаціцца пра бацькоў, паважаць правы і законныя інтарэсы іншых грамадзян, каштоўнасці і культурныя традыцыі беларускага народа, іншых нацый і народнасцей, дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь, захоўваць гістарычную памяць пра гераічнае мінулае свайго народа. Яны павінны клапаціцца пра захаванне ўласнага здароўя, весці здаровы лад жыцця, авалодваць ведамі і рыхтавацца да самастойнай працоўнай дзейнасці, беражліва ставіцца да навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў, усіх відаў уласнасці.
– Растлумачце, калі ласка, пра абмежаванне на працу з дзецьмі.
– Павялічаны пералік злачынстваў, якія забараняюць працаваць з непаўналетнімі нават пры пагашанай судзімасці. Сярод іх злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці, злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных, псіхатропных сродкаў або іх прэкурсораў і аналагаў.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

