Соблюдение законодательства о свободе совести и религиозных организациях в Докшицком районе обсудили на заседании президиума районного Совета депутатов
Захаванне заканадаўства аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях у Докшыцкім раёне абмеркавалі на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, які правяла кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Валянціна Рандарэвіч. У рабоце прэзідыума прыняў удзел старшыня райвыканкама Сяргей Абірала, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Анатолій Сіўко, святары Докшыцкага раёна.
Па законе
З дакладам па тэме выступіла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Мая Раслевіч.
Выступоца падкрэсліла, што асноўныя прыярытэты этнаканфесійнай палітыкі ў Беларусі – гэта падтрыманне і ўмацаванне міжканфесіянальнага міру і згоды ў грамадстве. У краіне сёння склалася ўнікальная мадэль, якая магла б стаць прыкладам для многіх. Разам улада і прадстаўнікі ўсіх канфесій вывелі агульную формулу: павага – разуменне – згода. Створана прававое поле, у якім рэлігійныя арганізацыі могуць паўнацэнна дзейнічаць і развівацца, а грамадзянам гарантуюцца іх канстытуцыйныя правы на свабоду сумлення і веравызнання.
Рэлігійная сітуацыя, міжканфесійныя і міжнацыянальныя адносіны ў раёне былі і застаюцца стабільнымі і развіваюцца ў рамках заканадаўства. У дзяржаўна-царкоўных адносінах няма супрацьстаяння, выконваецца прынцып роўнасці ўсіх канфесій. Наладжаны канструктыўны дыялог.
У тэрмін да 1 ліпеня 2025 года ўсе рэлігійныя арганізацыі прывялі свае статуты ў адпаведнасць з заканадаўчымі патрабаваннямі.
Рашэнне аб ліквідацыі чатырох было прынята рэлігійнымі абшчынамі.
Усе астатнія арганізацыі паспяхова прайшлі перарэгістрацыю.
На пачатак года рэлігійную дзейнасць ажыццяўляюць 14 святароў. У раёне дзейнічае 25 рэлігійных арганізацый, прадстаўленых чатырма канфесіямі, з іх: Беларуская Праваслаўная Царква – 13; Рымска-каталіцкі Касцёл – 8; Хрысціяне веры евангельскай – 2; Евангельскія хрысціяне баптысты – 2. Усе яны надзелены правамі юрыдычнай асобы, маюць ва ўласнасці або даверным кіраванні маёмасць і будынкі. Рэлігійнымі абшчынамі вялікая ўвага надаецца стану культавых будынкаў і добраўпарадкаванню прылеглых тэрыторый, работы фінансуюцца за кошт ахвяраванняў.
Духоўныя вытокі
Сёння наша грамадства ўсё больш і больш імкнецца да спасцігання духоўных вытокаў, шукае і знаходзіць шлях да Храма. У апошняе дзесяцігоддзе набылі новае жыццё дзясяткі храмаў, якія былі разбураны, закінуты ў часы атэізму. Сярод іх і царква Усіх Святых у г.п. Бягомль, якая лічыцца ўнікальным помнікам царкоўнага дойлідства Беларусі канца XIX стагоддзя. На сённяшні дзень вядуцца ўсебаковыя навукова-даследчыя і перадпраектныя работы, накіраваныя на дакладнае аднаўленне храма – з захаваннем яго архітэктурнай цэласнасці і духоўнай сутнасці.
Два культавых аб’екты ў раёне маюць катэгорыю гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння, столькі ж – мясцовага.
Святары запрашаюцца для ўдзелу ў розных раённых мерапрыемствах, пастаянна наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Сітцах, Крулеўшчыне, Бягомльскую спецыяльную школу-інтэрнат, Докшыцкую ЦРБ і інш.
Добрыя справы
Рэлігійныя арганізацыі рэгулярна аказваюць гуманітарную дапамогу малазабяспечаным і шматдзетным сем’ям, а таксама адзінокім і састарэлым грамадзянам, інвалідам, асобам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Актыўна дзейнічае нядзельная школа пры храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Докшыцах, створаная ў 1991 годзе.
Асноўная мэта – духоўнае выхаванне дзяцей і падлеткаў, далучэнне іх да царкоўнага жыцця, вывучэнне асноў праваслаўя. Выкладчыцкі састаў працуе на дабрачыннай аснове. Выхаванцы нядзельнай школы, апроч асноўных заняткаў, займаюцца творчасцю, удзельнічаюць у богаслужэннях, нясуць паслухмянасць каля падсвечнікаў, старэйшыя хлопцы дапамагаюць святару ў алтары. Падобныя прыклады маюцца і ў іншых прыходах.
Добрай традыцыяй стала правядзенне дабрачынных акцый “Белая кветка”, злёту праваслаўнай моладзі, Каляднага балю і інш. У 2025 годзе створаны дзіцячы хор пад кіраўніцтвам Вольгі Жалткевіч. Удзельнікі хору прымаюць удзел у богаслужэннях. Па ініцыятыве выкладчыкаў і бацькоў на тэрыторыі храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы праведзена добраўпарадкаванне: разбіты кветнік, абуладкава дзіцячая пляцоўка.
Таксама пры храме створана маладзёжная арганізацыя “Пакроў”, у якую ўвайшлі хлопцы 13-15 гадоў. Яны прымаюць актыўны ўдзел у жыцці парафіі, Епархіяльных мерапрыемствах.
Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для прыцягнення замежнай бязвыплатнай дапамогі заключаны дагаворы з рэлігійнай місіяй “Карытас” Віцебскай епархіі Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь.
У раёне надаецца ўвага развіццю рэлігійнага турызму. Многія аб’екты ўключаны ў большасць турыстычных маршрутаў.
У Докшыцкай дзіцячай бібліятэцы з 2015 года працуе духоўна-культурны цэнтр “Добрае слова”, які рэгулярна папаўняецца новай літаратурай, аўдыё- і відэаматэрыяламі праваслаўнай тэматыкі.
Пачынаючы з 2012 года праходзіць Фестываль праваслаўнай моладзі “Пакуль мы маладыя”.
Докшыцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай праводзіцца вялікая работа па духоўным выхаванні насельніцтва. У бібліятэках раёна арганізуюцца сустрэчы, тэматычныя гутаркі, пазнавальныя праграмы, гадзіны духоўнасці з удзелам святароў Докшыцкага благачыння. У 2025 годзе ў раёне быў закуплены 291 асобнік праваслаўнай літаратуры.
Таксама рэалізуецца Праграма супрацоўніцтва аддзела па адукацыі райвыканкама і благачыння Докшыцкай акругі.
У працэсе абмеркавання было адзначана, што меры, якія прымаюцца органамі дзяржаўнай улады па падтрымцы стабільнай этнаканфесійнай сітуацыі ў раёне, з’яўляюцца дастаткова эфектыўнымі і даюць магчымасць забяспечыць дзейсны кантроль за выкананнем рэлігійнымі арганізацыямі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Наталля СТАШЭВІЧ.




