Механизаторы ОАО «Барсучанка» засевают более чем 100 га ежедневно
Плённа працуюць хлебаробы ААТ “Барсучанка”: механізатары Мікалай Баброўскі і Сяргей Рацькавіч засяваюць штодзень больш чым 100 гектараў палеткаў, а ўсяго ў гаспадарцы сяўба праведзена па стане на раніцу 1 красавіка на 433 гектарах.
Заспелі за працай Сяргея Рацькавіча, навічка ў “Барсучанцы”, але зусім не навічка ў сельскай гаспадарцы, які дасяваў пшаніцу на вільготных яшчэ некалькі дзён назад участках поля ва ўрочышчы Брычанькі.
– Спяшаемся, бо з дня на дзень сіноптыкі абяцаюць дождж, – патлумачыў, пакуль чакалі сейбіта на ўскрайку амаль пяцідзесяцігектарнай нівы, механізатар Дзмітрый Кухта, што не першы год працуе на замацаваным за ім МТЗ-1221 з загрузчыкам. – А тут выдаліся сонечныя дзянькі, глеба падсохла, дык хлопцы і далі жару: Мікалай амаль шэсцьдзясят гектараў засеяў, Сяргей – каля пяцідзесяці. Пасеяна, дык ужо можна быць спакойнымі за гэты ўчастак і рухацца далей. Глядзіш, з Божай дапамогай і зробім справу ў час.
– Справа яшчэ аператыўней ішла б, – адзначыў Сяргей Рацькавіч, – каб маглі задзейнічаць новую шыроказахопную дванаццаціметровую сеялку. Але пакуль што глеба вільготная, што для насення добра, а для тэхнікі не надта. Ёсць такія ўчасткі, дзе нават энерганасычаным трактарам цяжкавата з такой сеялкай управіцца. Будзем спадзявацца на добрае надвор’е – тады і апрабуем агрэгат на поўную моц.
Усяго ў раёне яравых збожжавых і зернебабовых культур пасеяна на плошчы 2040 гектараў, што складае амаль 37 працэнтаў да плана. Думаецца, гэта добры паказчык, улічваючы тое, што на дварэ толькі пачатак красавіка, а раён наш знаходзіцца ў паўночным рэгіёне краіны. Увогуле ж пасяўная толькі набірае абароты, бо, акрамя збожжавых, прыкладна такія ж плошчы ў сельгаспрадпрыемствах адведзены пад яравы рапс і кукурузу.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

