Насколько полезно употреблять молоко и кому оно противопоказано, рассказала инструктор-валеолог Докшицкого РЦГиЭ
Наколькі карысна ўжываць малако? І каму яно супрацьпаказана?
– Малако і малочныя прадукты багатыя на вітаміны і мікраэлементы, з’яўляюцца асновай для развіцця мікрафлоры кішачніка, – тлумачыць інструктар-валеолаг РЦГіЭ Алеся Шыталь. – Максімальна важным з’яўляецца такі каштоўны кампанент, як кальцый. Пры недахопе яго ў рацыёне дзіцяці назіраецца недастатковая кальцыфікацыя костак, што ў будучым можа прывесці да развіцця астэапарозу і павышэння рызыкі пераломаў.
З пункту гледжання здаровага харчавання, найбольш каштоўным кампанентам малака для дзяцей з’яўляецца бялок, які засвойваецца арганізмам на 96 – 99 працэнтаў, лактоза, многія вітаміны і, вядома, мінеральныя рэчывы і мікраэлементы.
Для дарослых малако не губляе сваёй актуальнасці. З узростам рэкамендуецца зрабіць акцэнт у рацыёне не на само малако, а на кісламалочныя прадукты. Яны ўплываюць на фарміраванне кішачнай мікрафлоры, паляпшаюць сакрэцыю стрававальных залоз, спрыяюць лепшаму ўсмоктванню кальцыю, фосфару і магнію.
Зараз крамы прапануюць шырокі выбар малака, але найбольш карысным лічыцца малатлустае малако 1,5 працэнта. З медыцынскага пункту гледжання – непрацяглага тэрміну захоўвання, якое не падвяргалася доўгай высокатэмпературнай апрацоўцы.
Аднак не для ўсіх людзей малако аднолькава карыснае. Дыетолагі рэкамендуюць абмежаваць спажыванне яго тым, хто мае алергію на казеін – асноўны бялок. Непажаданая рэакцыя на яго праяўляецца звычайна пры першым кантакце з прадуктамі: з’яўляецца сверб, сып або млоснасць, боль у жываце. Алергія на малочны бялок – адна з найбольш распаўсюджаных харчовых алергій у немаўлят. Ад яе пакутуюць каля сямі працэнтаў дзяцей ва ўзросце да года. Цікава, што многія “перарастаюць” сваю алергію і могуць піць малако ў дарослым узросце.
Непераноснасць лактозы – стан, які сустракаецца ў 68 працэнтаў насельніцтва Зямлі. Нягледзячы на гэта, адмаўляцца ад малака не трэба: піць яго можна патроху і свабодна ўжываць кісламалочныя прадукты: бактэрыі ў ёгурце або кефіры могуць вылучаць ферменты, якія дапамагаюць засвоіць да 90 працэнтаў цукру.

