Александр Подберезский из Докшиц уверен, что нужно ставить реальные цели и смотреть на мир с позитивом

САША с

“Каб быць у трэндзе, трэба заставацца сабой”. Так сцвярджае дакшычанін Аляксандр Падбярэзскі, які ўпэўнены, што трэба ставіць рэальныя мэты і глядзець на свет з пазітывам.

У Докшыцах Саша – асоба прыкметная і добра вядомая. Актывіст раённай арганізацыі “БРСМ” з’яўляецца пастаянным удзельнікам разнастайных раённых і абласных мерапрыемстваў. Акцыі, велапрабегі, турзлёты, спартакіяды, канцэрты – напэўна, прасцей назваць, дзе яго не ўбачыш.

– Марнаваць вольны час, лежачы на канапе з тэлефонам у руках, не пра мяне, – гаворыць Аляксандр. – Яшчэ са школы, а вучыўся ў СШ № 2 г. Докшыцы, было цікава ўсё. Захапляўся футболам, спяваў, гуляў у КВЗ, быў членам розных агітбрыгад, спрабаваў сябе ў драматычным мастацтве. Нават, адзін час думаў пайсці ў культработнікі. А выбраў прафесію фінансіста. Магчыма, на гэта паўплывала мама-бухгалтар. Вось ужо пяць гадоў працую эканамістам па працы ў Цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. І, ведаеце, вельмі падабаецца! У маіх абавязках тарыфікацыя, складанне каштарысаў, планаванне і размеркаванне бюджэту. Наш аддзел ужо актыўна займаецца падрыхтоўкай да свята “Дажынкі”, якое адбудзецца ў наступным годзе. У гэтай даволі складанай рабоце мне дапамагае начальнік улікова-эканамічнага ўпраўлення, намеснік галоўнага бухгалтара Надзея Антонаўна Гралеўская. Пад яе чулым кіраўніцтвам спасцігаю азы прафесіі. Атрымліваю вышэйшую адукацыю ў БДЭУ. Апошнім часам асабліва зацікавіўся каштарыснай справай. Займаюся самаадукацыяй. Пры гэтым стараюся не забываць пра свае шматлікія захапленні.

Аляксандр Падбярэзскі з’яўляецца членам Моладзевай палаты. Пяць гадоў запар ён удзельнічае ў гарадскім балі. Выступае за раён у камандзе на абласным форуме “ОСА” і турзлётах, не аднойчы запрашаўся ў саставе докшыцкай дэлегацыі на Дні моладзі “Славянскага базару ў Віцебску”, на форумы працуючай моладзі і многія іншыя мерапрыемствы.

Асаблівы інтарэс Саша праяўляе да драматычнага мастацтва. Гаворыць, што цікавасць да яго яшчэ падчас вучобы ў школе прывіла былая настаўніца Ірына Дзяхканава. Менавіта дзякуючы ёй юнака спачатку запрасілі іграць у навагодніх мюзіклах Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага, а потым і ў Докшыцкі народны тэатр. Аляксандр выканаў галоўную ролю ў спектаклі па п’есе докшыцкага драматурга Фёдара Палачаніна “Бярэзіна і Лебедзь”.

І гэта яшчэ не ўсё. У віхуры шматлікіх падзей, работы і вучобы Саша знаходзіць час для паходаў. З такімі ж апантанымі сябрамі-турыстамі ён падарожнічае па Беларусі. Не так даўно вандроўнікі пабывалі ў Галубіцкай пушчы. У планах – даследаваць Докшыччыну.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *