К 90-летию Госавтоинспеции Беларуси. Четверть века посвятил службе в ГАИ Сергей Герасименок из Бегомля

Сяргей Герасімёнак.

Сяргей Герасімёнак.

Сёлета Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі адзначыць 90-гадовы юбілей.

Калі ў 2019 годзе начальнік упраўлення ДАІ Віцебскай вобласці палкоўнік Міхаіл Дзядзічкін уручаў інспектару АДАІ Докшыцкага РАУС капітану Сяргею Герасімёнку вышэйшую ведамасную ўзнагароду – нагрудны знак “Выдатнік ДАІ”, ён запытаў у калег, у якім яшчэ раёне маецца інспектар, які адпрацаваў выключна ў ДАІ практычна 26 гадоў. У адказ – цішыня.

З таго часу сярод калег за Сяргеем Міхайлавічам трывала замацавалася званне “аксакала ДАІ”.

Сяргей Герасімёнак зараз і падчас службы ў ДАІ.

Сяргей Герасімёнак падчас службы ў ДАІ.

Сяргей Герасімёнак родам з Бягомля. Як і многія аднагодкі, марыў служыць у міліцыі. І вось пасля службы ў арміі гэтай мары быў лёс спраўдзіцца. Першага красавіка 1994 года юнак, прайшоўшы ўсе іспыты і камісіі, быў залічаны ў 6-ы ўзвод ДАІ аблвыканкама. Менавіта гэта падраздзяленне, якое на той час узначальваў Яўген Віктаравіч Гайковіч, забяспечвала дарожны парадак на ўчастку трасы М3 у межах нашага раёна. Праз пэўны час узвод быў аб’яднаны з аддзяленнем ДАІ ў райцэнтры.

Транспарту на той час мелася мала, да месцаў ДТЗ і нясення службы інспектары ў большасці дабіраліся папутна. У любое надвор’е – заўсёды пад адкрытым небам. Потым для супрацоўнікаў абуладкавалі вагончык, дзе можна было пагрэцца ў сцюжу. Многія жыхары раёна, напэўна, памятаюць гэта невялічкае збудаванне на цэнтральным перакрыжаванні ў Бягомлі.

Часы былі няпростыя, як зараз прынята казаць, “ліхія 90-я”. Даводзілася не толькі за дарожную бяспеку адказваць ці разбірацца ў складаных ДТЗ, але і злачынцаў затрымліваць…
Але Сяргей Міхайлавіч перыяд свайго станаўлення на службе прыгадвае з асабліва шчымлівай цеплынёй і павагай, адзначаючы, што калі б зноў трэба было выбіраць прафесію, пайшоў бы толькі ў ДАІ. І дадае, што ва ўсе часы менавіта ў гэтым падраздзяленні заўжды існавала асаблівае братэрства, што ДАІшнікам застаешся нават пасля выхаду на пенсію.

Штодня глядзіш, якое будзе надвор’е, і зімой наўмысна правяраеш стан пакрыцця, не можаш праехаць раўнадушна і спыняешся, каб дапамагчы, калі бачыш якое здарэнне, заўжды цікавішся ў калег станам дарожнай абстаноўкі. Увогуле ж, наш субяседнік прыкмячае, што законы дарог вельмі падобныя да законаў жыцця. Калі ўвесь час хадзіць па лязе, то вынік вядомы, калі ж паважліва ставіцца да ПДД і без нахабства адносіцца да астатніх удзельнікаў дарожнага руху, шлях будзе светлым і толькі з зялёным святлом святлафора.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара і з архіва рэдакцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *