Родина позвала, приказ выполнил. Александр Марченко из Докшиц принимал участие в ликвидации последствий аварии на Чернобыльской АЭС
Сорак гадоў таму, 26 красавіка, адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.
У нашай краіне гэты дзень успамінаюць як адну з самых трагічных дат у гісторыі. Тады на пераадоленне наступстваў тэхнагеннай аварыі накіраваліся многія нашы землякі, у іх ліку – Аляксандр Марчанка. Пра перыяд, які – а за плячыма была служба ў пажарных войсках – давялося правесці на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі, Аляксандр Уладзіміравіч успамінаць не любіць. Гаворыць ёмка: “Радзіма паклікала, загад выканаў”.
Карані ліквідатара – у вёсцы Малое Бушкава Магілёўскага раёна. Жыць у Докшыцкі раён ён пераехаў у 1984 годзе, на малую радзіму будучай жонкі. Галава сям’і на той час працаваў мантажнікам у ПМК-52 (былым ПМК-24), яго Таццяна – памочнікам выхавацеля ў дзіцячым садзе. У маладых сужэнцаў падрастаў трохгадовы Дзіма. Бацькі чакалі на свет з’яўленне яшчэ аднаго дзіцяці.
– Памятаю той дзень, калі выклікалі ў ваенкамат і сказалі, што трэба ехаць у Чарнобыльскую зону, – прыгадвае Аляксандр Уладзіміравіч. – На зборы давалі пяць дзён. Адразу разгубіўся, у галаву палезлі нядобрыя думкі, асабліва калі пачуў, што адбыць там трэба будзе паўгода. Але калі здарылася бяда, то хтосьці ж павінен з ёй змагацца.Такім чынам праз некалькі дзён нас павезлі ў ваенную часць пасёлка Аколіца Мінскага раёна. А ўжо адтуль накіравалі ў вёску Рудакова Хойніцкага раёна – на наша асноўнае месца дыслакацыі.
На працягу трох месяцаў Аляксандру прыйшлося жыць у палатачным гарадку, дзе стаялі двух’ярусныя ложкі, збітыя з дошак. Абаграваліся з дапамогай “буржуйкі”, якая цеплілася суткамі, і, канешне, кожны дзень працавалі. Абстаноўка была напружанай: што такое радыяцыя, дакладна ніхто не ўяўляў.
– Толькі тады зразумеў, што ёсць у яе прысмак, калі адчуў у роце непрыемную металічную салодкасць, – успамінае ліквідатар. – Як і належыць, нам давалі ахоўныя сродкі – рэспіратары, брэзентавыя плашчы, боты. У такой экіпіроўцы адпраўляліся на аб’екты, здымалі верхні пласт глебы і скідвалі яго ў асобнае месца. Кармілі нас добра: абеды прывозілі ў сталовую і на дзень выдавалі па бляшанцы згушчонкі на дзесяць чалавек. Вось так праходзіла наша служба ў межах 10-кіламетровай зоны.
Дадому Аляксандр Марчанка вярнуўся 22 студзеня 1987 года. Працягваў працаваць на будаўніцтве, а перад выхадам на пенсію ўладкаваўся рабочым па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў у цэнтральную раённую бальніцу.
– Зараз на заслужаным адпачынку, дома, – гаворыць ліквідатар. – Толькі здароўе ўжо не тое, перанёс аперацыю на сэрцы. Каб не мая Таццяна, у адзіночку б не справіўся. Яна для мяне і гаспадыня, і медсястра, і сяброўка надзейная, і, канешне ж, каханая жанчына. Разам з ёй пражылі 42 гады. Летась нават імправізаванае вяселле згулялі. Як і мае быць, з белай фатой, гасцямі, пачастункамі.
Напярэдадні 40-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі Аляксандр Марчанка быў узнагароджаны нагрудным знакам “За заслугі ў пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”.
Таццяна МАЙСКАЯ.
Фота аўтара.

