Более 30 лет отработала в РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник» Тамара Цинкович

Ветэран працы Тамара Цынковіч падчас урачыстага вечара, прысвечанага 120-годдзю прафсаюзнага руху (2024 г.).

Ветэран працы Тамара Цынковіч падчас урачыстага вечара, прысвечанага 120-годдзю прафсаюзнага руху (2024 г.).

Тамара Цынковіч больш за тры дзесяцігоддзі адпрацавала ў РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. За гэты час стала сапраўдным прафесіяналам справы, якую ёй даверылі, а таксама заваявала высокі аўтарытэт сярод калег. Менавіта прынцыповасць і патрабавальнасць, без якіх немагчыма падтрымліваць парадак, дапамагалі Тамары Уладзіміраўне ў рабоце. Зараз яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму з асабліва цёплым пачуццём успамінае былых калег і роднае прадпрыемства.

Свой шлях у прафесію Тамара Уладзіміраўна пачынала майстрам, але доўга на гэтай пасадзе не была. Спецыяліста з каласальным багажом ведаў, якая выдатна арыентавалася ў жыллёвым праве, умела знаходзіць агульную мову з людзьмі і аператыўна вырашаць пытанні вытворчага характару, хутка заўважыла кіраўніцтва і прапанавала ўзначаліць участак па эксплуатацыі і рамонце жыллёвага фонду.

– Вучоба ў Барысаўскім палітэхнікуме, а затым у Віцебскім праектным інстытуце, дзе набывала спецыяльнасць “Інжынерная геадэзія”, аказаліся выдатным трамплінам для работы ў камунальнай сферы, – гаворыць Тамара Уладзіміраўна. – Навучылася разбірацца ў многіх пытаннях, звязаных з рамонтам шматкватэрных дамоў, водна-каналізацыйнай гаспадаркай, прыватызацыяй жылля. Прыходзілася разглядаць шматлікія звароты грамадзян, своечасова накіроўваць брыгады для ліквідацыі аварыйных сітуацый. Успамінаю, як хваляваліся перад пачаткам асенне-зімовага сезона, перад самым пускам ацяплення ў кватэры і аб’екты сацыяльнай сферы. Цяпло паступала адразу не ўсім, як таго хацелася, бо батарэі часта заваздушваліся. Таму прыходзілася хутка рэагаваць і наладжваць сістэму. Увогуле працаваць у калектыве было зручна, асабліва з майстрам па сантэхніцы Валерыем Карніловічам, які ведаў сваю работу, кампетэнтна мог ацаніць любую паломку і, не зважаючы на тое, выхадны гэта быў дзень альбо святочны, спяшаўся на дапамогу.

У падначаленні Тамары Цынковіч быў не толькі Докшыцкі ўчастак. Яна курыравала дзейнасць яшчэ трох – Бягомльскага, Крулеўшчынскага і Параф’янаўскага. З людзьмі старалася знаходзіць узаемапаразуменне, нават нягледзячы на тое, што з іх боку былі і нараканні, і скаргі на работу камунальнай службы, але ўсё ж такі словы падзякі пераважалі.

Акрамя сваіх прафесійных абавязкаў, Тамара Уладзіміраўна “цягнула” яшчэ грамадскую дзейнасць – больш за дваццаць гадоў з’яўлялася прафсаюзным лідарам камунальнікаў. Гэта місія, ускладзеная на адказнага, з арганізатарскімі здольнасцямі чалавека, была для яе сапраўднай аддушынай.

– Распрацоўка калектыўнага дагавора, пытанні аховы працы, удзел у спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах, аздараўленне дзяцей у лагерах, матэрыяльная дапамога работнікам – усе гэтыя пытанні неабходна было трымаць на кантролі, – звяртае ўвагу былы кіраўнік прафкама. – Камунальнікам было чым ганарыцца. Мы заўсёды займалі прызавыя месцы на абласных спартыўных спаборніцтвах. У конкурсах мастацкай самадзейнасці таксама былі ў ліку лепшых. Перамог удавалася дасягаць у тым ліку дзякуючы ўсебаковай падтрымцы кіраўніцтва, якое без праблем на гадзіну раней вызваляла ад работы і адпускала на рэпетыцыі, выдзяляла транспарт для паездак на абласныя і рэспубліканскія конкурсы, а таксама асабіста суправаджала свой калектыў і было аматарам нашых выступленняў.

Прафсаюзная дзейнасць Тамары Цынковіч неаднаразова адзначалася ўзнагародамі абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Але самым важкім сярод усіх узнагарод лічыць нагрудны знак “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”, які ўручылі ў Нацыянальнай бібліятэцы ў 2014 годзе.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ. Фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.   

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *