Гордимся своими символами
Сёння – Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба
і Дзяржаўнага гімна
У нашай краіне святкуюць Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Свята ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Беларусі № 157 ад 26 сакавіка 1998 года і адзначаецца штогод у другую нядзелю мая.
Гэта сімвалы гістарычнай памяці, якія звязваюць разам гераічнае мінулае, сучаснасць і будучыню беларускай дзяржавы. Яны з’яўляюцца важнейшымі атрыбутамі суверэнітэту і незалежнасці Айчыны.
Эталон герба і Палажэнне аб сцягу зацверджаны Указам ад 7 чэрвеня 1995 года па выніках праведзенага 14 мая 1995 года рэспубліканскага рэферэндуму.
Закон “Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь”, які вызначае апісанне і парадак іх выкарыстання, быў прыняты 5 ліпеня 2004 года. Апошнія змяненні ў выяве Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь былі зацверджаны ў студзені 2021 года.
12 красавіка 2023 года Прэзідэнтам быў падпісаны Указ № 105, згодна з якім назва свята зменена з “Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь” на “Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь”.
У выяве беларускага герба адлюстраваны асноўныя нацыянальныя і духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянская еднасць, працавітасць, міралюбнасць. Размешчаны ў цэнтры герба контур Беларусі сімвалізуе суверэнітэт і тэрытарыяльнае адзінства краіны. Вянок з залатых каласоў, кветак ільну і канюшыны – дабрабыт і дастатак. Зямны шар – жаданне жыць у міры і згодзе, супрацоўнічаць з усімі краінамі, а ўзыходзячае сонца – сімвал жыцця і найлепшай долі. Зорка сімвалізуе чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх думак, высокіх памкненняў народа.
Чырвоны колер сцяга сімвалізуе сілу, мужнасць, высакароднасць, энергію; зялёны – надзею, здароўе, маладосць, адраджэнне, працавітасць, стваральную працу, прыродную гармонію; белы – чысціню, беззаганнасць, прымірэнне, мудрасць, веды. Арнамент з’яўляецца сімвалам старажытнай культуры народа, яго духоўнага багацця. Арнамент на Дзяржаўным сцягу расказвае пра хлеб, ураджай і прадаўжэнне роду; услаўляе працавітасць і майстэрства – першааснову шчаслівай долі чалавека. Беларусь – першая ў свеце краіна, якая выкарыстала нацыянальны арнамент у якасці элемента дзяржаўнага сцяга.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, які выконваецца ва ўрачыстых выпадках, пералік якіх замацаваны ў заканадаўстве. Тэкст Дзяржаўнага гімна праслаўляе жаданне беларускага народа жыць у міры, яго працавітасць, гатоўнасць абараняць родную зямлю. Музыку да гімна напісаў наш зямляк, беларускі кампазітар Н.Ф. Сакалоўскі, словы – беларускія паэты М.М.Клімковіч і У.І. Карызна.
Паводле БЕЛТА.

