Методиста Докшицкого РЦДиМ Алесю Войтехович к победе в конкурсе привела тайна двух рек
Метадыст раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Алеся Вайцяховіч стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу “Лабараторыя канікул “Лета-2026”.
Місія праекта
Вынікі спаборніцтваў былі падведзены на нядаўнім фестывалі “Калейдаскоп лепшых летніх практык” у Мінску, дзе Алеся Вячаславаўна і прадставіла сваю аўтарскую праграму “Экспедыцыя: Таямніца дзвюх рэк” у намінацыі “Метадычны кейс: турысцка-краязнаўчы профіль”.
Навізна распрацаванай сюжэтна-ролевай гульні, разлічанай на пятнаццаць дзён лагернай змены, заключаецца ў апоры на ўнікальныя геаграфічныя і гістарычныя асаблівасці Докшыцкага краю.
– Асаблівае значэнне ў праекце надаецца гербу горада Докшыцы, – паведамляе Алеся Вайцяховіч. – Вывучэнне сімволікі ў рамках праграмы дазваляе дзецям праз практычны вопыт далучыцца да спадчыны роднага краю, усведаміць непарыўную сувязь з ім.
Метадыст прапаноўвае выкарыстоўваць у турысцка-краязнаўчай гульні даследаванне феномена водападзелу, гісторыі герба, набытку знакамітых землякоў, знаёмства з экасістэмай Бярэзінскага біясфернага запаведніка. А для паглыбленага асваення турысцка-краязнаўчай тэматыкі можна стварыць кароткатэрміновае аб’яднанне па інтарэсах “Акадэмія даследчыкаў” – так званы “трэніровачны цэнтр” экспедыцыі. Сярод ключавых мерапрыемстваў лагернай змены – выпуск газеты “Веснік водападзелу”, выніковая віктарына “Экспедыцыйны іспыт”, прысваенне звання “Захавальнік Докшыцкай зямлі”.
– Перада мной стаяла задача ператварыць звычайнае аздараўленне ў захапляльныя прыгоды, – расказвае Алеся Вячаславаўна. – Ідэя змены ў літаральным сэнсе зашыфравана ў гербе Докшыц. Наш герб – гэта не проста афіцыйны знак, а гатовая педагагічная мадэль. Паглядзіце на яго: два збаны, дзве ракі. Наш горад – унікальная кропка еўрапейскага водападзелу. І я падумала: калі тут нараджаюцца рэкі, якія цякуць да двух мораў, то чаму б не зрабіць лагер месцам, дзе нараджаецца вялікая любоў выхаванцаў да роднай зямлі? Філасофія праекта – дапамагчы дзецям праз гульню адкрыць у сабе Захавальніка. Чалавека, для якога клопат пра Айчыну не абавязак, а ўнутранае запатрабаванне і ўсвядомлены выбар.
Шчыры патрыёт
Алеся Вайцяховіч больш за дваццаць гадоў прысвяціла сябе рабоце ў пачатковых класах устаноў адукацыі раёна. У Цэнтр дзяцей і моладзі перайшла тры гады таму, на пасадзе метадыста знаходзіцца з красавіка 2025-га, мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У дадатак вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Я ведаю матэматыку”.
Сярод прафесійных інтарэсаў педагога – распрацоўка і апрабацыя інтэрактыўных форм грамадзянска-патрыятычнага выхавання, укараненне гульнявых і квест-тэхналогій у выхаваўчы працэс.
У мінулым годзе метадыст атрымала вопыт кіруючай работы ў якасці начальніка аздараўленчага лагера, галоўным напрамкам дзейнасці якога стала грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Алеся Вячаславаўна сумесна з калегай Аленай Чаркасавай распрацавалі праект змены “Дзяцінства пад белымі крыламі” і накіравалі яго на рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшы аздараўленчы лагер. У выніку былі ўдастоены дыплома І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і дыплома такой жа вартасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэты вопыт стаў асновай для далейшай метадычнай работы і падрыхтоўкі новых праектаў для лагера. І, як бачна, прадукцыйным.
Алеся – чалавек надзвычай адказны і патрабавальны да сябе. Да таго ж шчыры патрыёт, што з трапятаннем душы шануе гісторыю Бацькаўшчыны. Нездарма яе педагагічнае крэда непасрэдна звязана з фарміраваннем у дзяцей імкнення захоўваць лепшыя традыцыі Радзімы.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц.

