Массажист Докшицкой ЦРБ Татьяна Варенникова дарит людям здоровье и радость
Масажыстка Докшыцкай ЦРБ Таццяна Варэннікава са школьных гадоў марыла аб прафесіі медсястры, закончыла Аршанскае медвучылішча, а адпрацаваць па спецыяльнасці змагла ўсяго паўгода – у яе нечакана выявілася алергія на антыбіётыкі. Пытанне паўстала рабром: пакідаць любімую медыцыну ці шукаць безмедыкаментозную альтэрнатыву. Так праз сур’ёзны іспыт Таццяна Іванаўна амаль сорак гадоў таму знайшла сваё шчаслівае месца ва ўстанове аховы здароўя.
– Мне падабаецца, што часта ўжо пасля некалькіх сеансаў масажу можна ўбачыць паляпшэнне стану пацыента, і гэта натхняе на далейшую працу, – кажа яна.
У сярэднім штодзень яна прымае 12-14 чалавек, у тым ліку ў тэрапеўтычным і неўралагічным аддзяленнях бальніцы. Кожны масаж – па назначэнні ўрача і звязаны з пэўным дыягназам: захворваннямі апорна-рухальнага апарату і нервовай сістэмы, пнеўманіяй, ДЦП і іншымі. Частая з’ява – парушэнні паставы, скаліёз у дзяцей. Шмат праблем у пацыентаў з пазваночнікам.
– Масаж адназначна прыносіць вялікую карысць, – падкрэслівае Таццяна Іванаўна. – Без выкарыстання “хіміі” і медыцынскіх інструментаў, толькі з дапамогай рук можна палепшыць кровазварот і лімфаток, зняць мышачнае напружанне, нармалізаваць абменныя працэсы ў арганізме. А самае важнае – чалавек хутчэй вяртаецца пасля хваробы да звыклага жыцця. Асабліва гэта актуальна пры інсультах, калі хворы часткова страчвае рухальныя функцыі.
У Таццяны Іванаўны, як і ў кожнага з масажыстаў, ёсць свае пастаянныя пацыенты. Пра іх, як жартуюць медыкі, яны ведаюць усё: ад гісторыі хвароб да дамашніх клопатаў, таму што ў час сеансаў наладжваецца цудоўны канект, складваюцца даверлівыя адносіны, што толькі спрыяе справе.
Пры неабходнасці для масажу выкарыстоўваюцца спецыяльныя банкі, а таксама розныя маслы: расслабляльныя, супрацьзапаленчыя, абязбольвальныя, танізіруючыя. Для пацыентаў стацыянара, інвалідаў І і ІІ груп і дзяцей масажы бясплатныя, для астатніх адзін сеанс каштуе ў сярэднім 3,5 рубля – гэта пад’ёмная цана для любога грамадзяніна.
Што датычыцца стамляльнасці рук, то Таццяна Іванаўна запэўнівае:
– Калі правільная біямеханіка і не перагружаны мышцы, рукі ў поўным парадку. Важна пераносіць вагу цела на корпус, а не толькі задзейнічаць кісці.
Докшыцкіх пацыентаў Таццяна характарызуе як дысцыплінаваных – усе яны праходзяць назначаны курс ад пачатку да канца. Ветлівыя і прыемныя. Увесь “ціск” пераносяць мужна.
– Мужчыны звычайна жартуюць, злазячы з масажнага стала: “Бедны ваш муж…” – смяецца жанчына. – І толькі вось адзін аднойчы прамовіў: “Як жа яму пашанцавала!..”
Сам муж, канечне ж, цэніць жончыну працу і добра ведае, наколькі Таццяна моцны чалавек: як бы нялёгка ёй ні было, скардзіцца ніколі не будзе. Яе ўсё задавальняе, яна заўжды ўсміхаецца, чым выклікае шчырую прыхільнасць навакольных.
У Докшыцы Варэннікавы, ураджэнцы Горацкага раёна, прыехалі па размеркаванні галавы сям’і і планавалі пасля трохгадовай адпрацоўкі вярнуцца на малую радзіму. Аж не! Прыкіпелі да работы, палюбілі горад, атрымалі кватэру, нарадзілі дзяцей. Прывязаліся да новага месца жыхарства моцна і надоўга.
Цяпер старэйшы сын Варэннікавых жыве з сям’ёй у Петрыкаве, малодшы ў Полацку, падарылі бацькам чатырох унукаў, стараюцца як мага часцей прыязджаць дамоў.
Таццяна Іванаўна знаходзіць час і на любімае захапленне – вышыўку. Карцін у яе калекцыі багата – у асноўным пейзажы. Спыталі ў гэтай сувязі, якой бы наша гераіня вышыла карціну свайго жыцця.
– Яркімі ніткамі. Я сапраўды рада, як склаўся мой лёс – лепш і не прыдумаеш, – адказала яна і нечакана расплакалася. Ад усхваляванасці. Ад усведамлення свайго прызначэння. Ад увагі да сваёй асобы. Яе сэрца такое ж чулае, як і рукі, што дораць людзям здароўе і радасць.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

