К людям — с вниманием и заботой. Профсоюзный лидер Докшицкого ПМС Наталья Анисько награждена Почетной грамотой

photo_2026-с

Пасля ўручэння Граматы: Наталля Аніська (у цэнтры) са старшынёй Віцебскай абласной прафарганізацыі Таццянай Дзіканавай і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілём Васюковічам.

Нядаўна старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі докшыцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Наталля Аніська за шматгадовую добрасумленную працу, умацаванне сацыяльнага партнёрства, падтрымку прафсаюзных праграм па абароне працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза была ўзнагароджана Ганаровай граматай рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Сустрэліся з Наталляй Сяргееўнай, якая на працягу года пасля свайго пераходу на ПМС з ААТ “Барсучанка” выконвае абавязкі юрыста (мае дыплом з адзнакай як выпускніца юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта), інспектара па кадрах, сакратара ды яшчэ паспяхова сумяшчае асноўную работу з прафсаюзнай дзейнасцю, каб даведацца менавіта пра апошнюю, калі так можна сказаць, грань яе шматграннага жыцця.

– Хацелася б найперш адзначыць, што вялікая ўвага да кожнага работніка, веданне яго патрэб, клопат пра здароўе, культурнае развіццё – гэта на прадпрыемстве традыцыя, аснова якой закладзена, напэўна, з часоў яго стварэння, – гаворыць Наталля Сяргееўна. – Віншуем нашых работнікаў, у тым ліку і былых, з юбілеямі, прафесійным святам, да якога, дарэчы, пачалі ўжо рыхтавацца. Уручым нашым работнікам прадуктовыя наборы, спадзяёмся, што і з грашовымі прэміямі ўсё атрымаецца. Такія падарункі робім калегам да 23 лютага, 8 Сакавіка, перад Вялікаднем. На Новы год арганізоўваем яшчэ і карпаратыў.

Кірункаў дзейнасці прафарганізацыі сапраўды шмат. З апошняга – ушанавалі перад Днём Перамогі былых работнікаў прадпрыемства – дзяцей вайны. У дзень сям’і ярка – з шарамі, кветкамі, салодкімі пачастункамі – павіншавалі шматдзетныя сем’і. Наталля адзначае, што члены прафпярвічкі імкнуцца прымаць удзел у рознага роду раённых мерапрыемствах. “У спартыўных вось толькі вынікаў паказаць не можам: калектыў узроставы, моладзі мала, – уздыхае. – Нам так патрэбны маладыя спецыялісты! Даём мэтавыя накіраванні для паступлення, яшчэ не позна звярнуцца. Перспектывы ў нас ёсць – і ў кар’ерным росце, і ў плане жылля. І зарплаты дастойныя”.

У сакавіку ПМСаўцы перабраліся ў новы адміністрацыйны будынак, і ў прафсаюзнага лідара разам з актывам цяпер яшчэ шмат прыемных клопатаў па аздабленні кабінетаў, калідора. Робяць стэнды, афармляюць Дошку гонару, садзяць пакаёвыя кветкі. З цягам часу возьмуцца і за знешняе добраўпарадкаванне ў плане азелянення тэрыторыі.

Што яшчэ ў бліжэйшых планах? Работа па аздараўленні людзей – набыццё абанементаў на наведванне басейна, накіраванне на санаторнае лячэнне з аплатай ад прафсаюза 50 працэнтаў кошту пуцёўкі. Арганізацыя экскурсійнай паездкі (летась былі ў сталічным спорткомплексе “Мінск-Арэна” на “Дыскатэцы СССР”). Ну і разам з усім гэтым, безумоўна, вырашэнне пытанняў, з якімі звяртаюцца працаўнікі калектыву. Не пакінуць без увагі ніводнае – прынцып Наталлі Аніська.

А сілы (ды і, як падалося, дадатковыя гадзіны ў сутках) спраўляцца з масай абавязкаў на працы і хатніх клопатаў і яшчэ і атрымліваць пры гэтым задавальненне маладой абаяльнай жанчыне, якая з першых хвілін знаёмства выклікае вялікую сімпатыю да сябе сваёй светлай энергіяй, усмешлівасцю, прыязнасцю і камунікабельнасцю, дае яе сям’я. Са шчаслівымі слязамі на вачах Наташа гаворыць пра бацькоў, любімага мужа Аляксандра, таленавітых у розных сферах сына Уладзіслава і дачушку Алёнку – матулін гонар і надзею. Распавядае пра свой дом у Лапутах, дзе прастор для любімых заняткаў – агародніцтва і кветкаводства, алмазнай мазаікі і кулінарыі (пячэ шыкоўныя тарты і не толькі). Яна ўсімі фібрамі сваёй душы любіць жыццё і людзей. А ці не гэта галоўная якасць прафсаюзнага лідара?

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *