Как получить субсидию и открыть свое дело, рассказал специалист управления по труду Докшицкого райисполкома
У “РВ” №34 ад 29 красавіка мы расказвалі пра дакшычаніна Кірыла Онухава, які з дапамогай дзярпадтрымкі адкрыў уласны масажны кабінет. Гэта тэма зацікавіла нашых чытачоў. Больш падрабязна пра тое, якім чынам беспрацоўнаму ў нашым раёне можна скарыстацца такой дзяржпадтрымкай, пагутарылі з галоўным спецыялістам аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алай Вайцяховіч.
– Ала Анатольеўна, хто мае права на субсідыю?
– Адкрыць сваю справу няпроста, але, калі ёсць стартавы капітал ад дзяржавы, справы пойдуць куды хутчэй. На субсідыю маюць права беспрацоўныя, старэйшыя за 18 гадоў. Гэта сродкі з рэспубліканскага бюджэту, якія вяртаць не трэба, у адрозненне ад банкаўскага крэдыту. Галоўнае патрабаванне – выконваць умовы дагавора. Каб атрымаць субсідыю, трэба стаць на ўлік у службе занятасці як беспрацоўнаму. Калі няма парушэнняў закону аб занятасці, наша служба можа дапамагчы адкрыць уласную справу. Трэба адзначыць, што беспрацоўным у выпадку, калі з дня спынення імі індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці прайшло менш за 12 месяцаў, а таксама ў выпадку, калі яны раней атрымалі субсідыю, фінансавая падтрымка не аказваецца.
– Пра якую суму ідзе гаворка?
– Памер субсідыі не перавышае 11-разовага памеру бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. З 1 мая гэта 5605,82 рубля.
Для раёнаў з напружанай сітуацыяй на рынку працы, а таксама для сельскіх населеных пунктаў выплаты вышэйшыя – да 15 БПМ (7644,3 рубля). Калі бізнес-план звязаны з укараненнем навуковых распрацовак, можна атрымаць да 20 БПМ (10 192,4 рубля). Раней субсідыі былі фіксіраванымі – 11 або 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, а з ліпеня мінулага года гэта “да 11” і “да 15”. Чалавек сам вызначае, якая сума яму рэальна патрэбна.
– Што можна набыць на гэтыя сродкі?
– Абсталяванне, інструменты, машыны і механізмы, сыравіну, матэрыялы. Можна аплаціць паслугі, а таксама накіраваць іх на іншыя мэты, звязаныя з арганізацыяй індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
– Які алгарытм дзеяння беспрацоўнага пры атрыманні субсідыі?
– Для вырашэння пытання аб прадастаўленні субсідыі беспрацоўны падае ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва заяву, тэхніка-эканамічнае, у тым ліку фінансавае, абгрунтаванне ці бізнес-план выбранага віду індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Рашэнне аб выдзяленні субсідыі прымаецца на працягу 10 дзён пасля падачы дакументаў. Пры станоўчым выніку заключаем дагавор, і грошы паступаюць на разліковы рахунак, пасля чаго можна зарэгістраваць ІП або рамесніка. Адмовы здараюцца рэдка: калі бізнес-план складзены добра, яго амаль заўсёды падтрымаюць.
– Чалавек атрымаў субсідыю. Што далей, які кантроль за расходаваннем сродкаў?
– Асноўнае правіла такое: нельга выкарыстоўваць субсідыю не па прызначэнні. Патраціць яе трэба на працягу трох месяцаў. На працягу 5 працоўных дзён пасля заканчэння трох месяцаў з дня атрымання субсідыі беспрацоўны абавязаны прадаставіць ва ўпраўленне дакументы, якія пацвярджаюць мэтавае выкарыстанне субсідыі. Пачынаючы прадпрымальнік абавязаны весці бізнес мінімум 9 месяцаў на працягу года з моманту рэгістрацыі ІП або паведамлення падатковай аб пачатку дзейнасці. У гэты час трэба спраўна плаціць падаткі і адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Калі ўмовы дагавора парушаны, грошы давядзецца вярнуць разам з працэнтамі. Так, патрабаванні строгія, але сутнасць простая: чалавек павінен рэальна займацца справай, а не проста атрымаць грошы. Пры гэтым субсідыя застаецца вельмі выгаднай для старту бізнесу без крэдытаў і лішняй рызыкі.

