Рассаду цветов и овощей выращивают в Парафьяновской средней школе имени А.И. Черныша

У цяпліцы працуюць настаўнік Вольга Сазановіч са сваімі самымі шчырымі памочніцамі – адзінаццацікласніцамі Вікторыяй Буйновай (злева) і Вікторыяй Лапко, чыя даследчая работа па апрабацыі розных сартоў цыбулі заняла 3-е месца ў рэспубліцы.

У цяпліцы працуюць настаўнік Вольга Сазановіч са сваімі самымі шчырымі памочніцамі – адзінаццацікласніцамі Вікторыяй Буйновай (злева) і Вікторыяй Лапко, чыя даследчая работа па апрабацыі розных сартоў цыбулі заняла 3-е месца ў рэспубліцы.

Пра тое, колькі ўвагі ў Параф’янаўскай сярэдняй школе імя А.І. Чэрныша надаецца дызайну прышкольнай тэрыторыі і які прыбытак прыносіць установе рэалізацыя вырашчанай сіламі ўсяго калектыву – вучнёўскага, педагагічнага, тэхперсаналу – расады кветкавай і гародніннай, а таксама і самой гародніны, пісалася неаднаразова. Сёлетняй майскай парой вырашылі зноў заглянуць да руплівых параф’янаўцаў, бо мелі ўпэўненасць, што абавязкова ўбачым штосьці новае.

Не памыліліся.

– Апошнім часам упор робім не на вырошчванне расады аднагадовых кветак, напрыклад, петуніі, вербены, аксамітак і да таго падобнага, хаця пра іх таксама не забываем – проста зменшылі аб’ёмы, а на шматгадовыя, – ахвотна праводзіць для нас экскурсію па школьных цяпліцах настаўнік працоўнага навучання Вольга Сазановіч. – Хто бываў у нашай школе, ведае, што ў афармленні тэрыторыі двара мы імкнёмся прытрымлівацца англійскага стылю: акуратны газон, па-мастацку пастрыжаныя хвойнікі розных відаў – прасцейшыя формы пасільныя тэхперсаналу, некаторым вучням, складанейшыя стрыгу сама і наш дворнік Віктар Іларыёнавіч Паўловіч. Клумбы, рабаткі, альпійскія горкі нешматлікія, але яркія, маляўнічыя, з такім падборам кветак, каб з вясны і да позняй восені на іх штосьці цвіло. Наша працавітая каманда, як ні сумна гэта адзначаць, памяншаецца ў ліку вучнёўскага саставу, як, прынамсі, у большасці сельскіх школ. А прыгажосць і парадак трэба падтрымліваць у той жа ступені, што і раней. А яшчэ ж і большага хочацца. Таму стараемся праводзіць аптымізацыю там, дзе гэта магчыма, каб паспяваць здзяйсняць усё задуманае, каб вынікі работы радавалі.

Вольгу Антонаўну ў раёне ведаюць як чалавека апантанага сваёй справай. Менавіта яна рухавік у школе ўсіх знешніх пераўтварэнняў, каардынатар агароднінна-садова-кветкава-цяплічных работ і самая руплівая “пчолка”. Многія набываюць школьную цыбулю, якая штогод дзіўным чынам вырастае вялікая, сакавітая, адна ў адну. Хаця не, не дзіўным чынам, а шляхам нястомнай працы ўсіх, хто яе вырошчвае. Памідорная расада на рынак увогуле не выязджае, раскупляецца на месцы, як і кветкі. Вольга Антонаўна зазначае, што, так бы мовіць, для рэнтабельнасці вытворчасці насенне ці матачныя кусты школай закупляюцца ў невялікай колькасці, а далей ужо расліны разводзяцца шляхам збору насення і чаранкавання – для апошняга пабудавана спецыяльная цяплічка. Такім чынам самі размножылі самшыт (сёлета высадзілі аж 30 кустоў), туі, гартэнзіі, хрызантэмы, бягоніі, бардзюрныя вяргіні і інш. Штосьці выкарыстоўваецца для аздаблення прышкольнай тэрыторыі, штосьці ідзе на продаж.

– Эксперыментуем, дзе толькі можам, пішам даследчыя работы, прымаем удзел ва ўсіх магчымых конкурсах у гэтым кірунку і маем шэраг перамог, – адзначае суразмоўца. – А яшчэ ж у нас і дэндрапарк закладзены – з лекавымі раслінамі, насенне якіх нам падарылі ў райвыканкаме, з хвойнікамі – тут падзяка нашаму ляснічаму Андрэю Андрэевічу Заіку. З заменай зямлі ў цяпліцах на больш пладародную дапамог галоўны аграном райаграсэрвіса Андрэй Генрыхавіч Янчак. Карацей, у прыродзе кругаварот вады, а ў нашай школе – раслін, – жартоўна рэзюмуе напрыканцы.

Жарты жартамі, а гэта ж сапраўды так.

Алена НЕСЦЯРОНАК. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *