Персональная выставка мастера по соломоплетению и росписи по ткани Елены Талеронок работает в Докшицком районном Доме ремёсел
Мова, звычаі, традыцыі, веды і тэхналогіі, якія перададзены нам продкамі праз вякі, з’яўляюцца каштоўнымі знакамі памяці. Але без нашай увагі яны могуць знікнуць назаўсёды. Майстар раённага Дома рамёстваў Алена Таляронак – адна з тых, хто не толькі захоўвае культурную спадчыну беларусаў, але і перадае яе падрастаючаму пакаленню.
Праз час і прастору
Алена Георгіеўна – носьбіт практык роспісу па тканіне і саломапляценні. Дарэчы, гэтыя рамёствы маюць статус нематэрыяльна-культурнай спадчыны і занесены ў спіс элементаў, якія ахоўваюцца ЮНЕСКА. І калі пляценнем з так званага беларускага золата займаюцца яшчэ некалькі майстроў Дома рамёстваў, то маляванкай – толькі крулеўшчынская майстрыха.
На генетычным узроўні
Творчасцю Алена Таляронак захапляецца з дзяцінства. Як гаворыць сама, магчыма, гэта было закладзена генетычна, бо чула, што брат дзядулі вельмі добра ўмеў маляваць. Першую фігуру з саломкі – традыцыйны абярэг “лавец сноў” – Аленку навучыла рабіць бабуля. Яна ж перадала ўнучцы майстэрства вышываных дываноў. Адзін з іх, створаны яшчэ ў падлеткавым узросце, захоўваецца ў Слабодскай царкве (Алена родам з Пастаўшчыны).
– Увесь вольны час пасля школы я малявала, – успамінае майстрыха, – Нават марыла стаць ілюстратарам ці мультыплікатарам, бо пастаянна прыдумвала мультфільмы. Аднойчы ў часопісе “Крестьянка” ўбачыла фотаздымкі незвычайных карцін, якія мяне вельмі ўразілі і зацікавілі. Ужо калі вучылася ў вышэйшым Віцебскім вучылішчы народных мастацкіх рамёстваў, даведалася, што гэта былі работы знакамітага майстра наіўнага мастацтва Алены Кіш.
“Люблю тое, што раблю”
Захапленне фантазійнымі маляванымі дыванамі працягнулася ў Глыбоцкім доме рамёстваў, які стаў для Алены Таляронак першым працоўным месцам. Сабраны тут багаты матэрыял па творчасці вядомага майстра маляванкі Язэпа Драздовіча стаў для Алены Георгіеўны натхняльнікам на ўласныя творчыя ідэі. Так з’явілася маляванка “Незабудка”.
– Асноўныя элементы на пано – гэта ружы і шыпшына, – гаворыць Алена. – У цэнтры карціны голуб трымае ў дзюбе галінку незабудкі, якую дорыць галубцы. Для мяне маляванка – гэта адпачынак для душы. Да кожнай работы падыходжу з некаторай падрыхтоўкай. Напрыклад, калі трэба было выканаць пано з выявай Докшыц, то спецыяльна вывучала легенды, звязаныя з горадам. Так было і з дываном “Варганская гара”. На ім не толькі малявала галоўнага героя асілка, але і аздабляла край карціны малюнкам элементаў штрыхаванай керамікі, знойдзенай тут даўней падчас раскопак.
Падчас работы над “Варганскай гарой” Алена Таляронак раскрыла яшчэ адзін свой талент – складанне вершаваных радкоў.
“Як многа таямніц-дзівосаў
Захоўваюць курганы ў гушчары
Гісторыі нам невядомай,
Дзе спяць асілкі-ваяры…”
Гэта ўрывак з верша, якім падпісана карціна.
Галоўнае – каханне
Першы намаляваны дыван упрыгожвае кватэру сям’і Таляронкаў у Крулеўшчыне. Менавіта сюды Алена выйшла замуж. Так і трапіла ў дом рамёстваў у Докшыцы. Калі ўзяць любую яе маляванку, то на кожнай абавязкова ёсць пара: лебедзі, жоравы, кветкі. На пытанне “чаму?” адказвае, што, на яе думку, галоўнае ў свеце любоў і каханне. Шчырасць і дабрыню ў адносінах да тых, хто побач, адзначаюць у характары Алены калегі і сябры. Апошнія заўважаюць, што яна аптымістка і весяльчак. Майстэрству роспісу па тканіне і саломапляценню Алена Георгіеўна вучыць крулеўшчынскіх хлопчыкаў і дзяўчынак, для якіх на базе Цэнтра культуры і вольнага часу дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах. Вось ужо на працягу трыццаці гадоў творца актыўна ўдзельнічае ў разнастайных выставах, конкурсах і фестывалях, з’яўляецца членам народнай студыі народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў “Докша”, якую некаторы час узначальвала.
Днямі ў раённым Доме рамёстваў адбылося адкрыццё персанальнай выставы Алены Таляронак “Ад сэрца да рук”, на якой прадстаўлены разнастайныя работы таленавітага майстра. Убачыць іх можна да 28 чэрвеня.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.


