Докшицкая школа искусств имени Н. Соколовского отпраздновала 60-летний юбилей
Докшыцкая школа мастацтваў імя Н. Сакалоўскага адзначыла 60-гадовы юбілей. Урачыстасць з гэтай нагоды адбылася ў ККЗ “Іскра”.
У фае былі прадстаўлены выстава малюнкаў мастацкага аддзялення, безліч дыпломаў, грамат і іншых узнагарод вучняў і настаўнікаў установы, а таксама фотавернісаж, у чорна-белых і каляровых здымках якога была адлюстравана гісторыя ўстановы. Былыя і цяперашнія вучні і настаўнікі радасна віталі адзін аднаго. Ім ёсць што ўспомніць, пра што пагаварыць: за шэсць дзясяткаў свайго існавання школа дапамагла раскрыць не адзін дзіцячы талент, акрамя таго, для многіх стала першай прыступкай у выбары творчай прафесіі.
– 60-гадовы юбілей – гэта велізарная эпоха, якая дала пуцёўку ў жыццё тысячам выпускнікоў, – у прывітальным слове адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна. – Кожны вучань школы мастацтваў не толькі змог раскрыць свой талент, але і авалодаў падчас вучобы ўнікальным эстэтычным густам. Дзякуй педагогам за талент і нястрымнае жаданне рабіць гэты свет прыгажэйшым, лепшым, за тое, што вы штодня адкрываеце нашым дзецям дзверы ў цудоўны свет мастацтва.
Аксана Эдуардаўна павіншавала віноўнікаў урачыстасці з юбілеем і ўручыла заслужаныя ўзнагароды.
Граматай райвыканкама ўшанавана настаўнік тэатральнага аддзялення Вераніка Місачэнка, падзякай старшыні раённага выканаўчага камітэта – настаўнік па класе баяна Марына Дранковіч. Граматай раённага Савета дэпутатаў адзначана настаўнік тэарэтычных дысцыплін Вольга Жалткевіч, падзякай старшыні раённага Савета дэпутатаў – настаўнік па класе баяна Кацярына Жабкіна.
Акрамя таго, калектыў Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага ўзнагароджаны граматай упраўлення культуры аблвыканкама, якую дырэктару ўстановы Людміле Карповіч уручыла начальнік аддзела культуры райвыканкама Вольга Сушко. Яна назвала калектыў ДШМ сапраўдным саюзам творчых людзей, для якіх школа не проста месца працы. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас ветэранаў установы, сярод якіх на свяце прысутнічалі Наталля Будзько, Ганна Захарэвіч, Тамара Румчык і Уладзімір Карпінскі. Уладзімір Аляксандравіч, які адзінаццаць гадоў адпрацаваў дырэктарам ДШМ, у сваю чаргу пажадаў настаўнікам і вучням новых творчых планаў, натхнення і ўзнагарод.
Граматай упраўлення культуры аблвыканкама ўзнагароджана настаўнік харэаграфічнага аддзялення Святлана Яцына.
Граматай аддзела культуры райвыканкама адзначаны народны вакальны ансамбль настаўнікаў “Вярба”, інструментальнае трыа “Фантазія”, узорны аркестр баянаў, дзіцячы вакальны калектыў “Пацеркі”, дзіцячы інструментальны ансамбль “Разыначкі”, тэатральная студыя “Драм-Там”, дзіцячы хор “Залатыя галасы” і тэхнічны работнік Святлана Гоман.
Вельмі кранальным стаў музычны нумар, падрыхтаваны Андрэем Воранавым і школьным хорам, якія выканалі знаёмую многім песню “Как молоды мы были”. У гэты час на экране гарталіся старыя фотаздымкі. На іх былі і тыя настаўнікі, якіх ужо няма на гэтым свеце, але памяць пра іх жыве.
З музычнымі падарункамі да школы-юбіляркі прыехалі госці з Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа – выкладчык вакальна-харавых дысцыплін, кіраўнік хору народнай песні “Рэчанька” Аляксей Лубчонак і фальклорны ансамбль “Вербіца”. Шмат цёплых слоў адрасавалі калектыву ДШМ былыя калегі Яўгеній і Вераніка Крывічаніны і Аксана Чарнавок. Відэавіншаванне даслалі выпускнікі, для некаторых з якіх школьнае сяброўства і агульная любоў да мастацтва перараслі ў сапраўдны творчы праект. Так, створаны некалі Вольгай Кішулька калектыў “Пазітыў” працягвае дзейнічаць і сёння. Вось і на юбілейным канцэрце пад гучныя апладысменты на сцэну з песняй выйшлі Ягор Асаёнак, Андрэй Кішулька і Радзівон Камянецкі.
Парадавалі выступленнем вакальны калектыў “Кружева” Докшыцкага ГЦК, вакальна-харэаграфічны калектыў “Эверсон” Бягомльскай ДШМ, а таксама настаўнікі і вучні школы-юбіляркі.
Экскурс у мінулае
Музычная школа ў горадзе Докшыцы адкрылася ў 1966 годзе. Размясцілася яна ў маленькім будынку на вуліцы Палявога ля тагачаснай аўтастанцыі. Зараз на гэтым месцы па дыяганалі ад сучаснага ЗАГСа знаходзіцца жылы дом. Конкурс на інструментальнае аддзяленне быў вялізны, і тыя, хто паспяхова прайшоў праслухоўванне, сапраўды лічылі сябе шчасліўчыкамі. Першымі настаўнікамі музыкі былі Леанід і Любоў Уласенка, піяністка Ірына Райская, дырэктарам стаў Генадзь Падалінскі. Паступова штат выкладчыкаў павялічваўся, у школу прыйшлі працаваць Уладзімір і Людміла Шаўцовы, Пётр Дайлідзёнак, Яўген Ганчароў, Вера Ганчарова, Іван Курдзека і Ганна Захарэвіч, кіраўнікамі школы ў той час былі Іосіф Гігола, Любоў Казлова, Пётр Чайкоўскі. З цягам часу калектыў папоўніўся піяністамі Наталляй Будзько і Аленай Пазняковай, вярнуліся на працу былыя выпускнікі – Віктар Касцюк і Тамара Румчык.
Праз некаторы час школа стала цэнтрам музычнага жыцця ўсяго раёна. У ёй пачалі дзейнічаць дзіцячыя і дарослыя аркестры народных інструментаў, духавы аркестр. Вялікі поспех не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі мелі вакальны калектыў “Беразняначка”, створаны Любоўю Казловай, і вакальна-інструментальны ансамбль, якім кіраваў Уладзімір Карпінскі.
Школа некалькі разоў мяняла месца свайго знаходжання, пакуль не пераехала ў будынак райкама партыі на пл. імя І.С. Палявога, дзе знаходзіцца па сённяшні дзень. У 1992 годзе яна была пераўтворана ў школу мастацтваў.
У гэты ж час у ёй адкрылася харэаграфічнае аддзяленне.
У 2010 годзе калектыў узначаліла Вольга Сушко. Пад яе кіраўніцтвам беражліва захоўваліся традыцыі, шматгадовы вопыт старэйшага пакалення, установа адукацыі атрымала далейшае развіццё. Педагагічны састаў папаўняўся таленавітымі настаўнікамі, якія прыўносілі новыя ідэі і падыходы да навучальнага працэсу. Адкрылася аддзяленне выяўленчага мастацтва, а таксама студыя ранняга эстэтычнага развіцця “Смяшарыкі”. Дзеці атрымалі магчымасць вучыцца музыцы ў аграгарадках Сітцы, Порплішча, вёсках Тумілавічы і Гліннае. Адкрыліся класы трубы і ўдарных інструментаў. Званне “ўзорны” атрымаў аркестр баянаў, якім і сёння кіруе Святлана Гарабец. Таксама ў гэты час у школе адкрываецца клас гітары, тэатральнае аддзяленне, ствараецца інструментальны ансамбль настаўнікаў “Рэ-мікс”. Яскравай падзеяй становіцца стварэнне фолк-групы “Пацеркі”, якой кіруе Аксана Глінская. Штогод, у перыяд калядных і навагодніх свят, сапраўдным падарункам, якога з нецярпеннем чакаюць дзеці і дарослыя, становяцца прэм’еры музычных казак.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.








































