Случайный выбор профессии оказался самым счастливым для медсестры санатория «Боровое» Ирины Михалевич
Медыцынская сястра па фізіятэрапіі санаторыя “Баравое” Ірына Міхалевіч прафесію выбрала выпадкова, аднак, як паказаў далейшы лёс, выпадак гэты стаў шчаслівым.
Ураджэнка Століншчыны мела моцныя здольнасці да дакладных навук і ўжо практычна стала студэнткай фізмата Пскоўскага дзяржуніверсітэта, але беларускую дзяўчыну напужала мітусня вялікага горада і далеч ад малой радзімы. Усё гэта, ніколькі не крывячы душой, яна і патлумачыла дэкану, калі забірала дакументы. Увогуле, шчырасць і адкрытасць да жыццёвых іспытаў і людзей – гэта тыя якасці, з якімі Ірына Іванаўна ідзе па жыцці. Паўтары гадзіны ўгавораў не дапамаглі, і Ірына вярнулася ў сваю вёску Лядзец.
Перспектыва таго, што таленавітая дачка страціць год вучобы і пойдзе працаваць адразу пасля школы, бацькоў, мякка кажучы, не радавала. Ірына гэта разумела, а таму паклала ў канверт свае дакументы і адаслала іх у Віцебскае медвучылішча, куды са сваім выдатным балам атэстата і была залічана без пытанняў.
Паляцелі гады вучобы. Ірына Іванаўна прызнаецца, што асаблівых складанасцей не адчувала, бо будучая прафесія пачала падабацца, як і адчуванне пастаяннага руху, уключанасць у вучобу, прага новых ведаў і навыкаў.
У 1989 годзе кваліфікаваную выпускніцу з дыпломам медыцынскай сястры па масажы накіравалі на працу ў Докшыцкую ЦРБ. Можа б вярнулася пасля на Брэстчыну, але ў лёсу былі свае планы. Калі ў якасці медыка яна дзяжурыла на выбарчым участку, пазнаёмілася са сваім будучым мужам – Анатолем Міхалевічам, які таксама дзяжурыў – як супрацоўнік РАУС.
Сужэнцы разам вось ужо 36 гадоў. Яны пабудавалі дом у райцэнтры, уладкавалі ўсё па сваім гусце, але галоўнае – далі жыццё пяцярым (!) дзецям. Так, наша сённяшняя гераіня артыкула ў прамым сэнсе гераіня, за што і ўзнагароджана адпаведным ордэнам. Яе мацярынскі подзвіг яшчэ і ў тым, што апошнюю дачушку Ірына Іванаўна нарадзіла ў 45, нягледзячы на ўсе рызыкі і перасцярогі. Справілася – зноў жа, калегі па Докшыцкай ЦРБ дапамаглі і ўласны вопыт у медыцыне. А яшчэ святая ўпэўненасць у тым, што калі Бог пасылае дзіця, то грэху браць на душу не трэба. Дарэчы, і Ірына, і Анатоль самі са шматдзетных сем’яў.
Час ідзе, малодшая дачушка падрастае, цешаць двое ўнучкаў, радуе і работа, і калектыў, і тое, што аднойчы зроблены выбар аказаўся не выпадковым, а самым правільным. Жыццё ўвогуле заўжды дае падказкі, як лепш паступіць у кожнай канкрэтнай сітуацыі, трэба толькі ўмець прыслухоўвацца і не пасаваць перад абставінамі – у гэтым Ірына Іванаўна ўпэўнена на ўсе сто працэнтаў.
Учора на ўрачыстасці з нагоды прафесійнага свята за добрасумленную працу, узорнае выкананне прафесійных абавязкаў і значны асабісты ўнёсак у развіццё санаторна-курортнага лячэння Ірына Міхалевіч была адзначана Падзякай старшыні Докшыцкага райвыканкама.
Наталля СТАШЭВІЧ.

