37 лет работает в санатории «Лесное» массажист Жанна Бобрович

IMG_4833 с

Гледзячы на гэту абаяльную маладую жанчыну, цяжка ўявіць, што яе працоўны стаж набліжаецца да чацвёртага дзясятка. Між тым масажыст Жанна Бабровіч адна са старажылаў медыцынскага звяна санаторыя “Лясное” і працуе ў здраўніцы 37 гадоў!

Жанна Антонаўна – ураджэнка Бягомля. Школьная выдатніца без цяжкасцей паступіла ў Полацкае медыцынскае вучылішча імя З.М. Тусналобавай-Марчанка, пасля заканчэння якога была накіравана па размеркаванні на малую радзіму.

На рэзоннае пытанне, як за столькі часу цяжкай працы рукамі і пастаяннага кантакту з людзьмі не выгараць і заставацца такім жа камунікабельным і эмпатычным чалавекам, вопытны масажыст зазначае, што гэта ў яе характары – не пераносіць свае праблемы, цяжкасці і негатыў на навакольных. Канешне, людзі бываюць розныя, з розным настроем і светаўспрыманнем, але Жанна Антонаўна заўсёды імкнецца не толькі дапамагчы масажам, каб зняць боль, спазмы, але і словам.

– Працуеш з чалавекам і за гэтыя 20-30 хвілін стараешся пагутарыць з ім. Часам людзям трэба проста выказаць свае перажыванні, і наступае палёгка, – дзеліцца гераіня артыкула. – Увогуле лічу, што фізічная дапамога побач з маральнай даюць ад нашых працэдур найбольш відавочны эфект.

Напэўна, таму аб працы і залатых руках Жанны Бабровіч госці санаторыя заўжды пакідаюць самыя добрыя водгукі. А за такі працяглы час многія звярталіся і звяртаюцца па дапамогу цэлымі сем’ямі, раяць спецыяліста блізкім і знаёмым.

Паслугі масажыста запатрабаваны ў самых розных сферах. Без масажу не абысціся ў артапедыі, фізіятэрапіі, спартыўнай медыцыне і рэабілітацыі. Пра сваю прафесію Жанна Антонаўна, здаецца, ведае ўсё. Але яна зазначае, што да масажу нельга адносіцца бяздумна, а таму медсястра заўсёды працуе ў цеснай сувязі з фізіятэрапеўтамі санаторыя, раіцца ў многіх выпадках, бо з кожным чалавекам, нягледзячы на агульныя веды і навыкі, прыходзіцца дзейнічаць па індывідуальнай схеме. У кожнага арганізма свае асаблівасці. Немагчыма рабіць масаж аднолькава дзяўчыне, дзіцяці і пажылому мужчыну. Трэба ўлічваць усе захворванні, пра якія чалавек можа забыць паведаміць доктару, бо лічыць іх неістотнымі, але раскажа масажысту ў гутарцы. У кожнага чалавека свой парог адчувальнасці. У залежнасці ад яго падбіраецца і тэмп, і рытм, і тэхніка.

Між тым добрых масажыстаў заслужана параўноўваюць з лекарамі, бо ў некаторых выпадках менавіта масажны курс становіцца асноўным відам лячэння і прафілактыкі. Стары запавет, сфармуляваны Гіпакратам, “Noli nocere” (не нашкодзь) – галоўны прынцып любога медыцынскага работніка.

– Сустракаецца меркаванне, што эфектыўны масаж заўсёды балючы. Але гэта зусім не так. Улічваю індывідуальныя асаблівасці чалавека і імкнуся да працы без болю, – рэзюмуе Жанна Бабровіч.

Што тычыцца асабістага, то сямейны лёс жанчыны ўдала склаўся ў гэтых жывапісных мясцінах, апынуўшыся ў якіх аднойчы, пакінуць цяжка. Муж гераіні таксама супрацоўнік санаторыя, яны выхавалі двух дзяцей і мараць пра тое, каб бацькоўскі дом і надалей заставаўся для іх найлепшым месцам у свеце. Месцам, дзе клапоцяцца, любяць і заўсёды чакаюць.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *