Детально разобраться в нюансах дел стремится юрист первого класса Наталья Пискунович из Докшиц
26 чэрвеня – Дзень работнікаў пракуратуры і ўтварэння адвакатуры
Пракуратура раёна цвёрда стаіць на варце законнасці і правапарадку, дзе служаць выключна кампетэнтныя, з прыроджаным пачуццём справядлівасці спецыялісты. Яны забяспечваюць абарону інтарэсаў дзяржавы, канстытуцыйных праў і свабод грамадзян. Сярод іх старшы памочнік пракурора раёна Наталля Піскуновіч, юрыст першага класа з дваццацігадовым стажам.
– Наталля Аляксандраўна мае два дыпломы аб вышэйшай адукацыі і вылучаецца шчырым імкненнем дэтальна разабрацца ў кожным нюансе, каб дапамагчы людзям, настойлівасцю ў працы і мэтанакіраваным характарам, – расказаў пра калегу пракурор раёна Ян Сасноўскі. – Вядзе вялікі ўчастак работы, дзе праявіла сябе як сапраўдны прафесіянал.
Юрыдычную дзейнасць Наталля Піскуновіч пачынала ў 2006 годзе ў судзе раёна на розных пасадах: справавода, кансультанта суда, судовага выканаўцы і старшага судовага выканаўцы. Узгадвае, што там склаўся цудоўны калектыў і выдатная для яе зона камфорту, якую пакідаць не збіралася. Перайсці ў пракуратуру ёй, актыўнай, граматнай, нераўнадушнай супрацоўніцы, прапанаваў тагачасны кіраўнік ведамства Сяргей Куратнік, цяперашні намеснік пракурора г. Мінска. Наталля хутчэй дзеля цікавасці з’ездзіла ў Віцебск на субяседаванне, прайшла спецправерку і ў выніку ў 2013 годзе была залічана ў штат пракуратуры раёна на пасаду памочніка пракурора.
З таго часу ні разу не пашкадавала пра змену месца працы, а наадварот, удзячная лёсу за новую главу прафесійнага жыцця – надзвычай разнастайную па змесце. Тым больш што тут таксама выдатны калектыў, дзе адзін аднаму не толькі калегі, але і сябры. Бязмерна ўдзячная за навуку як Сяргею Куратніку, так і Алегу Несцяронку – былым пракурорам раёна, а цяпер канструктыўныя адносіны наладжаны і з Янам Сасноўскім.
Старшы памочнік пракурора ажыццяўляе нагляд за выкананнем заканадаўства і праводзіць праверкі, падтрымлівае ў судзе дзяржаўнае абвінавачванне па крымінальных справах і прымае ўдзел у разглядзе грамадзянскіх спраў, займаецца аналізам зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, выступае ў школах і працоўных калектывах на прафілактычныя тэмы.
Наглядная дзейнасць уключае кантроль за выкананнем заканадаўства ў розных сферах: эканоміцы, ахове працы, ваеннай службе, ахове прыроды, бяспецы руху і іншых.
Асаблівыя адносіны ў Наталлі Аляксандраўны да нагляду за захаваннем праў і законных інтарэсаў непаўналетніх і моладзі, бо яна сама мама – выхоўвае дзвюх дачушак дзевяці і шаснаццаці гадоў. Размаўляючы са сваімі дзяўчынкамі, праецыруе хвалюючыя тэмы на чужых дзяцей і добра дасведчана ў сучасных моладзевых захапленнях.
– Прапускаю праз сябе кожную складаную сітуацыю, у якую трапляе непаўналетні, – кажа Наталля Піскуновіч. – Аналізую, дзе ўпусцілі дзіця і якія меры трэба прыняць, каб папярэдзіць аналагічныя выпадкі ў далейшым. Радуюся, калі атрымоўваецца дапамагчы ў аднаўленні парушаных дзіцячых праў, і моцна перажываю, калі прыходзіцца адбіраць малых з сям’і. Між тым дзяржаўная палітыка накіравана на выхаванне дзяцей непасрэдна ў біялагічных сем’ях, таму перад суб’ектамі прафілактыкі стаіць няпростая задача паўздзейнічаць на нядобранадзейных бацькоў, каб выправіць сацыяльна небяспечнае становішча. Удзельнічаю ў пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і адзначу, што ні разу не давялося адмяняць прынятыя ёю рашэнні, – усе яны строга адпавядаюць закону.
Сярод найбольш актуальных пытанняў у полі зроку старшага памочніка пракурора спагнанне дэбіторскай запазычанасці і прадухіленне гібелі жывёл у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна з-за халатнасці работнікаў. Як станоўчы факт, сёлета, падкрэслівае яна, узровень падзяжоў буйной рагатай жывёлы значна паменшыўся.
Адзін з найважнейшых вектараў дзейнасці пракуратуры – расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Пракурорскія работнікі правялі збор доказаў аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых, апытваючы мясцовых сведак і аглядаючы месцы трагедый. Работа ў дадзеным кірунку працягваецца.
Штодзень на стале ў старшага памочніка пракурора – новы спіс задач, якія яна выканае што б там ні было, нават калі для гэтага прыйдзецца затрымацца дапазна. Скрупулёзнасці і адказнасці ёй не займаць. Гледзячы на маму, старэйшая дачка таксама задумалася аб прафесіі юрыста, бо ўжо добра ведае яе важную місію – сумленна служыць Закону.
Месца сілы для ўсёй сям’і Піскуновічаў – вёска Заборцы, дзе жывуць бацькі Наталлі Аляксандраўны: Тэрэза Казіміраўна і Аляксандр Уладзіміравіч Плюты. Распавядаючы пра іх, гераіня нашага артыкула не можа стрымаць слёз ад безумоўнай удзячнасці сваім бацькам: за выхаванне, мудрасць, падтрымку і дапамогу. Яна ўсё жыццё імкнецца быць падобнай да іх: добрых, спагадлівых і клапатлівых – і вучыць гэтаму сваіх дзяцей.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

