Высококвалифицированные специалисты работают в управлении по работе с налогоплательщиками по Докшицкому району
За работу з фізічнымі асобамі адказваюць (злева направа) Анастасія Літвінчук, Андрэй Курдзека і Вікторыя Ляўко.
Галоўная задача падатковага інспектара не пакараць, а навучыць. У гэтым перакананы супрацоўнікі ўпраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Докшыцкім раёне, якім кіруе Святлана Малашонак. Калектыў упраўлення – гэта пяць кваліфікаваных спецыялістаў, ад адказнай работы з падаткаплацельшчыкамі якіх залежыць фарміраванне бюджэту раёна.
– Адзін з асноўных кірункаў дзейнасці падатковых органаў – работа с фізічнымі асобамі, – гаворыць Святлана Мікалаеўна. – У нашым упраўленні гэтымі пытаннямі займаюцца інспектары Андрэй Курдзека, Вікторыя Ляўко і Анастасія Літвінчук. На іх уліку знаходзіцца дзевятнаццаць тысяч грамадзян Докшыцкага раёна. Андрэй Яўгенавіч і Вікторыя Паўлаўна прымаюць заявы па адміністрацыйных працэдурах, налічваюць і кантралююць выплаты па маёмасных плацяжах, па падаходных падатках з фізічных асоб, а таксама праводзяць аналіз адпаведнасці расходаў і даходаў грамадзян і іншае.
Па выніках работы па кантролі за выкананнем заканадаўства фізічнымі асобамі за першае паўгоддзе гэтага года даналічана 42,6 тысячы плацяжоў. Анастасія Літвінчук вядзе ўлік плацельшчыкаў падатку на прафесійны даход і адзінага падатку, налічвае і кантралюе выплаты па дзяржаўнай пошліне. Дарэчы, па выніках работы за мінулы год спецыяліст занесена на Дошку гонару інспекцыі МПЗ па Глыбоцкім раёне.
Андрэй Курдзека – адзін з самых вопытных падаткавікоў. Ва ўпраўленні амаль дваццаць гадоў. Прыгадвае, што прыйшоў сюды, калі ў інспекцыі працавала больш за дваццаць чалавек.
– Цяпер пяць, – гаворыць Андрэй Яўгенавіч, – а аб’ём работы, у прынцыпе, застаўся той жа. Кожны дзень не падобны на другі. Напрыклад, зараз займаемся налічэннем зямельнага падатку. І, канечне, бясконца ідуць кліенты: хто па кансультацыю, хто па дапамогу. Маім першым дарадчыкам у пэўных пытаннях падатковай сферы быў Вацлаў Іосіфавіч Андрыеўскі. Ён заўсёды гаварыў, што наша прафесія вучыць, каб усё было па законе, якога трэба прытрымлівацца і самому.
Вікторыя Ляўко па спецыяльнасці эканаміст. У падатковых органах з 2017 года. Як адказны і працавіты работнік зарэкамендавала сябе яшчэ падчас вучобы ў каледжы, калі праходзіла ў інспекцыі практыку. Таму яе тут чакалі. Яе кампетэнтнасць пацверджана стосам узнагарод. Знаходкай для інспекцыі называюць калегі Анастасію Літвінчук, стаж якой у арганізацыі пяць гадоў. Кіраўніцтва адзначае яе добразычлівасць і тактоўнасць, што дапамагае знайсці агульную мову з самазанятымі.
– Быць адукаваным супрацоўнікам падатковых органаў – гэта значыць своечасова сачыць за змяненнямі ў заканадаўстве, валодаць прававой інфармацыяй, пільна абараняць інта- рэсы дзяржавы, – гаворыць Святлана Малашонак. – Нашы спецыялісты з пастаўленымі задачамі спраўляюцца годна. Лічу, што вялікая заслуга ў гэтым і нашых ветэранаў, якія заўсёды стараліся перадаць свой вопыт. Карыстаючыся выпадкам, выказваю ўсім – і сённяшнім, і былым – работнікам падатковай службы шчырую падзяку за вернасць прафесіі і важкі ўклад у агульную справу.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

