Заглянуть в «Зазеркалье» приглашает мастер художественной резьбы по дереву Виктор Горбачев. Выставка народного мастера Республики Беларусь работает в Докшицком доме ремесел
У раённым Доме рамёстваў адкрылася персанальная выстава народнага майстра Рэспублікі Беларусь, майстра мастацкай разьбы па дрэве Віктара Гарбачова.
У чарговы юбілей аўтар прадставіў работы, выкананыя ў новай для яго тэхніцы інтуітыўнага жывапісу, якім Віктар Іванавіч зацікавіўся з пачатку года.
Дарэчы, свой творчы шлях Віктар Гарбачоў пачынаў менавіта з жывапісу: за плячыма мастака больш за тысячу пейзажаў, нацюрмортаў і партрэтаў. Паступова авалодаў рэльефнай і скульптурнай разьбой і цяпер пастаянна здзіўляе арыгінальнымі, прыгожымі пано з дрэва. Акрамя таго, адраджае майстэрства вырабу драўлянай механічнай цацкі. Ураджэнцу Магілеўшчыны лёсам было наканавана трапіць у Докшыцы, якія сталі для таленавітага мастака калыскай творчасці. Віктар Іванавіч быў першым дырэктарам Докшыцкага раённага Дома рамёстваў, у які прывёў такіх выбітных майстроў, як Іван Плыгаўка і Аляксандр Вішнеўскі. Ён актыўна ўдзельнічае ў разнастайных выставах, конкурсах, святах і фестывалях. З’яўляецца членам народнай студыі народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў “Докша”.
Выстава “Залюстроўе” – гэта пагружэнне ў адмысловы свет мастака. Убачыць незвычайныя работы Віктара Гарбачова можна да 10 кастрычніка.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.





