В Докшицкой ЦРБ обновили рентген-кабинет
У ЦРБ устаноўлены новы ўніверсальны лічбавы рэнтгенадыягнастычны комплекс беларускай вытворчасці. Пакуль што ён працуе ў тэставым рэжыме, а ў верасні пачне выкарыстоўвацца паўнавартасна.
Пад устаноўку зроблены дыхтоўны капітальны рамонт рэнтген-кабінета. Цяпер гэта светлае памяшканне не толькі з сучасным абсталяваннем, але і з прыгожым сучасным аздабленнем.
Галоўнае адрозненне комплексу “Уніэксперт 3 Плюс” ад рэнтген-апаратаў мінулага пакалення – адсутнасць плёнкі для здымкаў.
– Лічбавы фармат дазваляе імгненна атрымаць якасныя здымкі ў электронным варыянце і хутка перадаць іх у адзіную сетку бальніцы, а таксама, што важна, знізіць прамянёвую нагрузку на пацыента, – расказала пра вартасці набытку галоўны ўрач установы Вераніка Рамановіч.
Комплекс разлічаны на тры працоўныя месцы і пры неабходнасці можа забяспечыць высокую прапускную здольнасць кабінета. Выконвае шырокі спектр даследаванняў з дапамогай рэнтгенаграфіі, рэнтгенаскапіі і лінейнай тамаграфіі. Гэта даследаванне касцёва-сустаўнай сістэмы і мяккіх тканак у розных паставах пацыента – седзячы, лежачы і стоячы, дыягностыка ў рэжыме рэальнага часу з назіраннем за ўнутранымі органамі і папластовае даследаванне структур.
Загадвае кабінетам урач-рэнтгенолаг Аляксандр Клімаў, які працуе па спецыяльнасці з 1989 года. Урач адзначыў, што комплекс мае шмат функцый, а значыць, вялікія магчымасці. Закуплена абсталяванне за сродкі з рэспубліканскага бюджэту.
Ніна КРУКОВІЧ.

