Городской посёлок Бегомль отпраздновал свой день рождения
Па добрай традыцыі карагоду святочных мерапрыемстваў пяпярэднічаў малебен дзеля дабрабыту краю і жыхароў. Яго ў храме ў гонар Нараджэння Багародзіцы адслужыў настаяцель прыхода храма Усіх святых іерэй Іаан Сычэвіч, блаславіўшы ўсіх, хто далучыўся да агульнай малітвы, святой вадой.
Затым святочная калона, да якой далучыліся прадстаўнікі калектываў пасёлка і госці, рушыла да плошчы каля Дома культуры. Менавіта на адкрытым паветры арганізатары падрыхтавалі ўсё да правядзення свята. Аднак капрызнае надвор’е ўнесла свае карэктывы, і асноўная дзея была перанесена ў Дом культуры, дзе мясцовыя арганізацыі прадставілі свае тэматычныя пляцоўкі. Многія ўстановы не толькі скарысталіся магчымасцю прарэкламаваць прадукцыю і паслугі, але і падрыхтавалі цікавыя заданні, віктарыны, фотазоны, прысвечаныя Году беларускай жанчыны, спорту і надыходзячаму Дню ведаў.
Паўнютка было і ў глядацкай зале. У жнівеньскі суботні вечар усе словы і песні, а таксама віншаванні гучалі ў гонар Бягомля і яго жыхароў.
Сярод ганаровых гасцей намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Аксана Палачаніна, старшыня РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Ігар Шуневіч, начальнік аддзела культуры райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вольга Сушко.
З цёплымі прывітальнымі словамі да жыхароў Бягомля звярнулася Аксана Палачаніна, якая адзначыла самабытнасць і ўнікальнасць краю, стойкасць і мужнасць жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны, багатую гістарычную спадчыну і ўпэўнены сучасны шлях пасёлка. Бягомль расце і развіваецца, тут паспяхова функцыянуюць прамысловыя прадпрыемствы, установы сацыяльнай сферы. На тэрыторыі сельсавета працуюць флагманскія ў сферы турызму рэспублікі здраўніцы. Аксана Эдуардаўна пажадала здароўя, даўгалецця, мірнага неба і ўручыла ўзнагароды.
Ганаровай граматы раённага Савета дэпутатаў удастоены санітарка клініка-дыягнастычнай лабараторыі Бягомльскай раённай бальніцы Любоў Тубалец і паштальён аддзялення паштовай сувязі “Бягомль” Іна Хількевіч.
У раённым вакальным конкурсе “Хіты на ўсе часы”, прысвечаным Году беларускай жанчыны, другое месца заняла Наталля Лапчык, настаўнік Бягомльскай сярэдняй школы імя С.С. Манковіча. Падзяка за ўдзел у вакальным конкурсе ўручана калектыву сярэдняй школы.
Сёлета рэалізуецца праект “Жаночы код Докшыччыны”, у межах якога на брэндавых мерапрыемствах ушаноўваюцца жанчыны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё рэгіёна. Авацыі гледачоў выклікала аб’яўленне намінацыі “Жанчына-настаўнік”, бо віншаванні і словы падзякі прымала Ала Сушко, настаўнік Бягомльскай сярэдняй школы. Педагагічны стаж гэтага паважанага і глыбокадасведчанага педагога складае 45 гадоў, а гэта велізарны адрэзак часу, які Ала Міхайлаўна прысвяціла выхаванню і навучанню падрастаючага пакалення.
Акрамя выкладання роднай мовы і літаратуры, яна займалася краязнаўчай дзейнасцю і захапіла гэтым многіх сваіх вучняў. Такі вопыт заслугоўвае павагі і ўдзячнасці.
Да віншаванняў далучыўся старшыня РДГА «БТПР» Ігар Шуневіч і ўручыў бегамльчанам узнагароды.
За ўклад у развіццё паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі юбілейнага нагруднага знака “Беларускаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў – 100 гадоў” удастоены старшыня сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Захарэвіч.
За плённае супрацоўніцтва і актыўнае садзейнічанне ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне вядзення паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама актыўны ўдзел у навядзенні парадку на землях Бягомльскага сельсавета падзякі “БТПР” уручаны членам Беларускага таварыства ляснічаму Бягомльскага лясніцтва Артуру Азёмку, трактарысту ДЭУ № 37 г. Лепеля Алегу Самусенку, рабочаму Бягомльскага дзіцячага сада Сцяпану Пахомчыку.
Землякоў таксама павіншаваў Сяргей Захарэвіч і ўручыў узнагароды ад мясцовай улады.
За навядзенне ўзорнага парадку на асабістым падворку Падзяка Бягомльскага сельскага Савета дэпутатаў аб’яўлена Людміле Юхнавец і жыхарам шматкватэрнага жылога дома № 3 па вуліцы Манковіча, якія дэлегіравалі атрымаць узнагароду Тамару Міхайлоўскую.
Многім жыхарам пасёлка таксама аб’яўлены Падзякі сельскага Савета дэпутатаў за плёную шматгадовую працу. На сцэну запрашаліся ўрач-тэрапеўт санаторыя “Баравое” Святлана Ганус, рабочы спецыяльнай школы-інтэрната Віктар Тарасевіч, памочнік выхавацеля дзіцячага сада Людміла Ставер, настаўнік школы мастацтваў Зоя Крыуш, тэхработнікі сярэдняй школы, Дома культуры, ААТ “Бягомльскае” і мясцовага ўчастка камунгаса Тамара Герасімёнак, Вольга Ковель, Алена Шпэт і Марына Курто, касір аўтастанцыі Марыя Глазко. За актыўны ўдзел у жыцці сельсавета былі ўзнагароджаны Вольга Юхнавец, сужэнцы Анатоль і Марыя Баранавы і Зоя Трахініна.
Калектывам завода “Ветразь”, лясгаса, швейнага цэха РУП ЖКГ, Бягомльскіх сярэдняй і спецыяльнай школы, дзіцячага сада, бібліятэкі і музея народнай славы, санаторыя “Баравое” падзякавалі за арганізацыю тэматычных пляцовак, якія працавалі на свяце.
Бягомльшчына – калыска таленавітых людзей. На свяце пасёлка словы падзякі гучалі і ў адрас тых, хто бярэ актыўны ўдзел у культурна-масавых мерапрыемствах. Гэта калектыў Бягомльскай дзіцячай школы мастацтваў, Наталля Валько, Сафія Рымант, Яўгенія Паўлоўская, Маргарыта Мыцько, Дар’я Герасімёнак.
Былі адзначаны і госці свята – ансамбль “Шанс” Домжарыцкай дзіцячай школы мастацтваў, які літаральна тыдзень таму заняў першае месца ў адкрытым конкурсе вакалістаў “Бярэзінскія напевы”, што прайшоў у Докшыцах у межах фестывалю “Дзве ракі”.
На свяце павіншавалі Веру Сяліцкую, якая ў верасні адзначыць 95-годдзе. Значную частку свайго жыцця Вера Іосіфаўна адпрацавала на розных пасадах у Бягомльскай раённай бальніцы, дзе карысталася аўтарытэтам і павагай сярод калег. Заўсёды займала актыўную жыццёвую пазіцыю.
Таксама зала апладзіравала сем’ям Аляксандра і Алесі Зікрацкіх, дзе выхоўваецца пяцёра дзяцей, Ігара і Анастасіі Ставераў, у якіх у ліпені нарадзілася дачка.
Завяршылася святочная імпрэза канцэртнай праграмай з удзелам мясцовых артыстаў, ансамбля “Шанс”, а таксама калектываў Бешанковіцкага раённага цэнтра культуры.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.









