Владимир Лавцевич: «Будущее страны определяем вместе!”

ЛАВ

Яго працоўны стаж у сельскай гаспадарцы – трыццаць восем гадоў, з іх трыццаць сем – камбайнерскі. Тысячныя і вышэйшыя намалоты збожжавых і зернебабовых культур – літаральна кожны год. Адзінаццаць разоў меў гонар удзельнічаць у рэспубліканскіх “Дажынках”, двойчы выбіраўся дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Пра яго дасягненні ведае большасць жыхароў раёна незалежна ад узросту і сферы дзейнасці. Уладзімір Лаўцэвіч  не проста імя – гэта ўжо сімвал высокага прафесіяналізму, апантанай працавітасці і адданасці справе і роднаму краю.

Любоў да тэхнікі і пашану да працы ў сельскай гаспадарцы юнаму Валодзю прывілі бацькі, асабліва тата Пётр Вікенцьевіч, які рупіўся на палях тагачаснага саўгаса “Докшыцкі”. Хлопец з ахвотай дапамагаў яму рамантаваць трактар, а ў гарачую пару жніва мосцік бацькавага камбайна станавіўся для яго другім домам. “Яшчэ з тых часоў пасялілася ў маім сэрцы нейкае асабліва  цёплае пачуццё ад сузірання хлебнай нівы, – гаворыць Уладзімір Пятровіч. – А калі “плывеш” на камбайне ў залацістым збожжы і калі з бункера ліецца ў кузаў аўтамабіля ці прычэп трактара зерневы паток, пачуццё гэта ўзмацняецца ў разы. Так, работу ў полі ад зары да зары лёгкай не назавеш. Але ж вынік яе варты тых намаганняў”.

Пра апантанасць у працы Уладзіміра Лаўцэвіча – гэта не для красамоўства. Калі добрае надвор’е стаіць, ён нават на абед лішняй хвіліны не патраціць: ад першай стравы адмовіцца зусім, другую прыхопіць у кабіну – з’есць, як кажуць, у працэсе. Не за лішнім рублём гоніцца, не за славай. Жыве ў ім адвечнае сялянскае: паспела збажына – не даеш, не даспі, а сажні хутчэй.

Аднак механізатарам Уладзімір Пятровіч стаў не адразу – у Глыбоцкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы атрымаў правы вадзіцеля і пасля службы ў арміі працаваў тры гады вадзіцелем на камбінаце бытавога абслугоўвання ў Докшыцах. Калі ж прапанавалі перайсці ў райаграсэрвіс і стаць трактарыстам, ні хвіліны не вагаўся, неяк адразу адчуў, што ніколі не пашкадуе аб гэтым рашэнні. Так і сталася.

Грамат, дыпломаў, падзяк за добрасумленную працу, высокія паказчыкі, перамогі ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах у героя артыкула столькі, што, калі скласці іх у адзін стос, бадай што, стос той будзе ў яго рост. Два аўтамабілі ўручыў Прэзідэнт Лаўцэвічу за працу на рэспубліканскіх “Дажынках” – у 2006-м і 2012-м гадах. Аднак ніякіх праяў “зорнай” хваробы за перадавым механізатарам ніхто ніколі не заўважаў – ён просты і шчыры ў зносінах, мае выдатнае пачуццё гумару, з вялікай павагай ставіцца да сваіх калег і па-ранейшаму трымае марку, не ўступаючы маладзейшым ні па тэмпах, ні па якасці палявых работ. У пару касавіцы садзіцца за руль “Ягуара”, на якім, кажучы па-руску, “жжёт” гэтак жа, як і на збожжаўборачным камбайне. Ён і ў дамашніх справах такі. “Ну не атрымліваецца па-іншаму, як ні стараюся”, – жартуе і ўжо сур’ёзна гаворыць пра свой надзейны сямейны тыл, які дае магчымасць на працы цалкам ёй аддавацца, – пра жонку Людмілу Пятроўну, верную спадарожніцу на працягу многіх гадоў жыцця, дзвюх дачушак і ўнучку.

Які ён яшчэ, Уладзімір Лаўцэвіч? Сапраўдны патрыёт сваёй краіны, перакананы, што ў чужых землях, нават маючы большы дастатак, шчаслівым ніколі не будзеш, бо чалавеку, як паветра і вада, неабходныя родная зямля, людзі, які гавораць з ім на адной мове, шануюць адны традыцыі, працуюць на карысць Радзімы і радуюцца яе росквіту. Уладзімір Пятровіч заўжды ў  курсе ўсіх палітычных, эканамічных, культурных пераўтварэнняў, што адбываюцца ў грамадстве і ўдзел у пятым і шостым Усебеларускіх народных сходах лічыць самымі яркімі і значнымі падзеямі ў сваім жыцці.

– Дыялог з Прэзідэнтам быў на абодвух сходах вельмі жывым і эмацыянальным, – дзеліцца ўражаннямі суразмоўца. – Разам з тым душа поўнілася адчуваннем значнасці і велічнасці такога ўсенароднага згуртавання, высокай адказнасці, разуменнем таго, што ад грамадскай дыскусіі будзе залежаць абранне курсу далейшага развіцця краіны. Што аб’ядноўвала удзельнікаў сходаў з рознымі поглядамі на тыя ці іншыя пытанні, дык гэта тое, што ўсе мы былі перакананы: будучыня краіны вызначаецца менавіта ў такой вось цывілізаванай дыскусіі. Бязмерна рады ўсім станоўчым зменам у розных галінах, што адбываюцца ў краіне ў цэлым і нашым раёне ў прыватнасці. Калі гаварыць пра найбольш блізкае – сельскую гаспадарку, то можна адзначыць такія фактары, як новая сучасная тэхніка, якой папаўняюцца машынна-трактарныя паркі сельгаспрадпрыемстваў, укараненне перадавых тэхналогій, вырошчванне высокаўраджайных сартоў і гібрыдаў збожжавых, кукурузы, рапсу, будаўніцтва і рэканструкцыя малочнатаварных фермаў і комплексаў – усё тое, што павышае дабрабыт і саміх сельгасарганізацый, і іх работнікаў і дае ўпэўненасць у будучым. Варта толькі кожнаму на сваім месцы працаваць належным чынам.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота  Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *